Обзор книг Евгения Хвалея "Принцесса тусовки" и Дж.М.Бари "Питер Пэн"

Жорсткiя казкi


Яўген Хвалей. Прынцэса тусоўкi. Аповесцi, апавяданне.
Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2017.

У беларускай лiтаратуры не так шмат твораў, якiя распавядалi б пра жыццё падлеткаў з усiмi яго праблемамi i часам страшнымi драмамi. Пасля тых драм дарослыя рукамi разводзяць: хто б мог падумаць? Гэта ж дзецi... Аповесць «Прынцэса тусоўкi» якраз з нешматлiкiх кнiг, якiя гэтую нiшу запаўняюць. Дакладна ведаю, што гэты твор, якi ўваходзiць у школьную праграму, вельмi любяць i школьнiкi, i настаўнiкi. Хоць напiсаны не сёння: падлеткi там слухаюць Modern Talking на касетных магнiтафонах, носяць «вараную» джынсоўку i ведаюць, што такое дэфiцыт на модныя рэчы. Але актуальнасць не страчаная. Тым больш напiсана вельмi дынамiчна, з дэтэктыўнай iнтрыгай. У невялiкiм гарадку на пустыры знойдзена мёртвай, звязанай, з кляпам у роце дзевяцiкласнiца Веранiка Рагозiна. Дзяўчынка гожая, выдатнiца–разумнiца. Да расследавання далучаюцца не толькi мiлiцыянеры, але i настаўнiкi, аднакласнiкi. Але нечаканасць у падзеях выяўляецца толькi для дарослых, якiя не жадалi заўважаць таго, што адбываецца з дзецьмi, а адбываюцца рэчы жорсткiя. Нашмат больш жорсткiя, чым можна ўявiць. Наркотыкi, згвалтаванне, забойствы, фармiраванне банд — гэта не дзесьцi, а ў суседнiм двары, у закiнутым бункеры, у школе на вашай вулiцы. Антаганiстка выдатнiцы Рагозiнай Таня Касмылёва яшчэ ў першыя гады навучання, калi ёй не дазволiлi з–за кепскiх адзнак даглядаць у жывым кутку класа мiлых хамячкоў, проста перадушыла iх. А цяпер яна нацэлiлася на аднакласнiка, прыгажуна Вадзiма Цэхановiча, у якога раман з Рагозiнай... Але Таня ўжо ведае, што свайго можна дабiвацца любымi сродкамi. Не запрашаюць на танец — кiнуць магнiтафон у вогнiшча. Насмiхаецца аднакласнiца — спiхнуць яе з даху. Пра такiх кажуць — «тармазоў няма». Як няма i дарослага чалавека, якi б зразумеў i падказаў, — мацi–таваразнавец толькi адкупляецца моднымi рэчамi i прывяла каханка ў дом, бацьку пасадзiлi за махiнацыi — не без удзелу журналiсткi, мацi той самай Веранiкi Рагозiнай... Часам аповесць нагадвае атмасферу «Уладара мух» Голдынга. Але аўтар не завяршае безнадзейнасцю. Бо ёсць i добрыя неабыякавыя людзi. Як настаўнiца, якая не заўважыла выспяванне трагедыi, i цяпер хоча выправiць сваю вiну. Ёсць раскаянне i спачуванне ў самiх падлетках.


Дж.М.Бары. Пiтэр Пэн.
Мiнск, Кнiгазбор, 2017.

Сёння сапраўдны бум на з’яўленне перакладаў на беларускую мову твораў сусветнай класiкi. Вось яшчэ адно цудоўнае папаўненне — культавая гiсторыя англiйскага пiсьменнiка Джэймса Мэцью Бары. Кнiгу пра Пiтэра Пэна пераклаў з англiйскай мовы малады паэт i музыкант Уладзь Лянкевiч. Яна цудоўна аформленая маладой мастачкай Кацярынай Дубовiк. А змест... Ну так, я ведаю, што вы ўсе глядзелi экранiзацыi пра супрацьстаянне вечнага хлапчука Пiтэра Пэна i злоснага пiрата капiтана Крука. Напэўна, многiя пабачылi i кранальны фiльм «Чароўная краiна» пра пiсьменнiка, якi сустрэў у парку прыгожую ўдаву Сiльвiю Дэвiс з дзецьмi i сабакам, закахаўся i пачаў ствараць дзiвосныя гiсторыi. Але, запэўнiваю, нiякiя экранiзацыi не замяняюць чытанне сапраўднай лiтаратуры. Тым больш не варта лiчыць мастацкi фiльм адлюстраваннем жыцця. Насамрэч з сям’ёй Дэвiс Бары пазнаёмiўся, яшчэ калi абодва сужонцы былi жывыя. Але гэта i сапраўды прататып сям’i Дарлiнгаў, што выведзена ў кнiзе. А вось наконт самога Пiтэра Пэна... Хлопчыка, якi баiцца стаць дарослым... Тут шмат ад аўтара. Калi ён быў маленькi, яго старэйшы брат загiнуў, i Джэймс, каб суцешыць захварэлую мацi, пераапранаўся ў касцюмы брата, сядзеў каля ложка хворай i марыў застацца маленькiм. Апошняе яму амаль удалося — пiсьменнiк быў ростам каля 150 сантыметраў. Карацей, казка пра неверагодную краiну, дзе жывуць дзецi, якiя ўцяклi з дарослага свету i ўмеюць лётаць, узнiкла на фоне спляцення псiхалагiчных комплексаў i мае мноства падтэкстаў. Напачатку гэта была п’еса, якая з поспехам прайшла на сцэнах. Затым стала кнiгай. Нельга сказаць, што адназначна вясёлай. Дзяцiнства тут не сусальна–цукерачнае. Маленькiя героi ўсур’ёз забiваюць, яны эгаiстычныя i жорсткiя, хаця адначасова гераiчныя i кранальныя. Што зробiш — «лётаць можа толькi той, хто вясёлы, адкрыты i бессардэчны».
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter