Жорка, лёс твой горкi...

Гэты гадавалы ліс жыве ў гарадской кватэры ў Бабруйску. Ды наўрад ці згадзіўся б з такой доляй, гойсаў бы дзе-небудзь на лясным прыволлі, але ж так лёс павярнуў...

Гэты гадавалы ліс жыве ў гарадской кватэры ў Бабруйску. Ды наўрад ці згадзіўся б з такой доляй, гойсаў бы дзе-небудзь на лясным прыволлі, але ж так лёс павярнуў...

Ляжаў ён разам з брацікамі і сястрычкамі пад маміным целам ды малако пасмоктваў. Спакой, цішыня – што яшчэ! Як аднаго разу пачулася людская гамана, нехта ўдарыў сякерай, дзынкнула піла – гэта лясгасаўскія работнікі прыйшлі санітарную высечку леса весці. Зваляць дрэва, голле скідваюць у адно месца, якраз над лісінай нарой, а потым і запалілі. Едкі дым дабраўся да нары, шыўся ў самыя яе закуткі, потым і агонь падышоў... Устрывожаная маці-лісіца ляжала да апошняга са сваімі дзецьмі, а калі ўжо стала немагчыма, і выскачыла наверх. Яе і заўважылі работнікі, якія знаходзіліся непадалёк. Давай схованку глядзець, а там – сляпыя лісяняты, у сяго-таго і хвосцікі абгарэлі...

Куды дзяваць лісянят, якім, можа, некалькі дзён ад нараджэння? Пакінуць на месцы, а прыйдзе тая ліса, не прыйдзе... Вырашылі забраць з сабой у вёску з такой лясной назвай – Баравая (на Гомельшчыне), паказалі тутэйшым жыхарам. Тыя і разабралі лісянят, бо і той захацеў, і другі. Суседзі бабулі Дзяніса Жукоўскага падсунулі лісяня кошцы, якая мела кацянят, тая і ўскарміла. А Дзяніс, які ў гэты час гасцяваў у бабулі, вырашыў забраць адно лісяня да сябе ў гарадскую кватэру. Ну так ужо яму захацелася. Выкормліваў з піпеткі. Кожны дзень па некалькі разоў. Хапала яму. Праўда, ягоная маці дапамагала. Неўзабаве і на сухі корм перайшлі. Аднак і не думалі, што з гэтага маленькага камячка нешта вартае атрымаецца.

А звярок тым часам большаў і большаў. Ужо і мала яму кватэры, трэба выводзіць на дворык. Дзяніс – на павадок, які спецыяльна раздабыў, і павёў Жорку, як сталі зваць ліса. І не раз, і не два, а па пяць разоў на дзень. Бо энергіі ў таго вунь колькі, трэба даваць ёй выхад. Жорка асвойваўся з абстаноўкай, але калі чуў пах дыму, тут жа рэагаваў, завываў — во як той яму ўеўся... У звярка ўжо і характар пачаў праяўляцца, мог і за палец цапнуць, калі што не так. Таму Дзяніс і яго мама перш за ўсё паклапаціліся, каб зрабіць таму адпаведныя прывіўкі, так сказаць, перастрахавацца.

Ды ўсё роўна Жорка – свавольнік, дзіця, падлетак, якому хочацца гульняў. На волі бегаў бы, дзе хацеў, а тут не даводзіцца. Ён нібыта стрыножаны... Асабліва не любіць Жорка павадкоў, ірвецца тады, усялякія шляхі шукае. Неяк Дзянісава маці пайшла ў магазін і Жорку з сабой узяла. Прывязала пры ўваходзе: “Чакай!” Вяртаецца назад, а яго няма. Во перанервавалася, мо, гадзіны дзве шукала, усё наваколле абхадзіла. Толькі забылася зазірнуць у свой двор, а Жорка... там. Гуляе сабе з дзятвой. Ліса тут усе ведаюць, ён прыкметная асоба. Нават сабакі і тыя да яго паблажліва, не чапаюць. Праўда, і не ўсе. Паляўнічыя, калі заўважаць, адразу рэагуюць, рвуцца да яго. Толькі Жорка нуль увагі, бо ведае, што ў яго надзейная ахова, калі трэба, дык і сам за сябе пастаіць.

Жорка не толькі забава, але яшчэ і клопат. Бо трэба і даглядзець, накарміць. Не дасі ўдосталь ежы, будзе выць, патрабаваць. А апетыт у яго літаральна зверскі – 3—5 кілаграмаў прадуктаў штодня. Праўда, ён не надта пераборлівы – мяса есць у любым выглядзе, а таксама свежыя гуркі, моркву, іншую гародніну. Мо, на волі ў яго меню было б і больш разнастайнае, а тут ужо якое ёсць, болей, так сказаць, ачалавечанае. Ды абы было! Падсілкуецца — ды за свае гульні, забавы. Носіцца па кватэры, аж гай шуміць! Усё гэта сцярпець можна, толькі не спецыфічны пах, які ад яго ідзе, а тут яшчэ пачаў грызці абутак, мэблю, усё, што падвернецца... Вось Дзяніс і вырашыў перасяліць Жорку на балкон. У яго доўгая поўсць – вытрымае халады, час ад часу і ў кватэру пускае, каб той абагрэўся.

І гаспадары адчуваюць пэўныя цяжкасці, і для звярка абмежаванне не лепшае выйсце. Як тут быць? Збіраўся Дзяніс ужо каму-небудзь, хто лепшыя ўмовы мае, перадаць ліса, але не надта схапіліся ўзяць: маўляў, каб якую хваробу не падчапіць... Выношваў планы гастралёрам у цырк перадаць, але не адважыўся – ці дагледзяць так, як ён? Ёсць і яшчэ адзін варыянт: у Баравой родзічы Дзяніса вальер будуюць, магчыма, перадасць ім.

“Эх, Жорка, — міжволі думаеш, — лёс твой горкі! Куды табе, сіраціне, падацца? Трымайся людзей. Калі яны цябе вырвалі са звычайнага асяроддзя, хай і даглядаюць. Каб толькі не здрадзілі. Спадзяёмся, што так яно і будзе”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter