Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Другое жыццё трохсотгадовага вадзянога млына

Жодзішкі: век ад веку тут жывуць зямлёй

Больш за паўтысячы гадоў таму на крутым беразе, дзе зліваецца Палавойка з Віліяй, паўстаў мураваны замак. Побач з ім уздоўж шумнацечнай ракі выцягнулася мястэчка Жодзішкі. Упершыню яно пісьмова ўзгадваецца ў 1511 годзе як уласнасць Мордаса Мішковіча.

Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Жыгімонт Стары выдаў мястэчку прывілею на таргі, корчмы і кірмашы. Пазней мясцовасцю валодалі заможныя шляхціцы Падбейпецічы, Забярэзінскія, Осцікавічы, Кішкі. У сярэдзіне ХVІ стагоддзя мястэчка, якое ўваходзіла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства, упрыгожыў мураваны касцёл. А неўзабаве магнаты Кішкі ўзвялі кальвінскі збор. Чарговы ўладальнік Жодзішак Геранім Комар збудаваў касцёл Найсвяцейшай Тройцы. А Барбара Міцкевіч з роду Комараў заснавала езуіцкі кляштар і калегіум. Свой маёнтак яна перадала езуітам.



Кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў 1774 годзе надаў мястэчку Магдэбургскае права.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Жодзішкі апынуліся ў складзе Віленскай губерні Расійскай імперыі. Дзейнічалі касцёл, малітоўны дом, цагельня, бровар, вадзяны млын.

Закранулі гэты куток ваенныя падзеі мінулага стагоддзя. Навечна спачылі на вілейскім беразе рускія салдаты, што загінулі ў Першую сусветную вайну.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам, паселішча адышло да буржуазнай Польшчы. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Жодзішкі сталі цэнтрам сельсавета Смаргонскага раёна.

У нямецка-фашысцкую акупацыю тут дзейнічаў партызанскі рух. Ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ўсталяваны помнікі. 

У пасляваенныя гады арганізаваўся калгас, рэфармаваны ў філіял ВПУП «Смаргонскі камбінат хлебапрадуктаў». Цэнтральная сядзіба — вёска Жодзішкі — у 2005 годзе атрымала статус аграгарадка.

Удзельнікі пленэру балетмайстар Мікола КОТАЎ, член Беларускага саюза мастакоў Віктар БАРАБАНЦАЎ, гаспадар адноўленага млына Францішак ЖЫЛКА і дырэктар Беларускага фонда культуры Тадэвуш СТРУЖЭЦКІ.

СМАРГОНШЧЫНА багатая на гістарычныя помнікі. Залескі маёнтак Міхала Клеафаса Агінскага, кушлянская сядзіба Францішка Багушэвіча, камяніцы Крэўскага замка, унікальны вадзяны млын у Жодзішках і іншыя не менш цікавыя аб’екты вабяць пілігрымаў.

Адправіцца са сталіцы ў вандроўку па Жодзішках мне выпала з выхадцам з гэтых мясцін Францішкам Жылкам. Продкі яго спрадвеку гаспадарылі тут. Дзеду належаў вадзяны млын, пабудаваны ў 1781 годзе. Пакаленні тутэйшых да сярэдзіны мінулага стагоддзя малолі ў ім збажыну. У першыя пасляваенныя гады ён стаў калгасным. Калі прыйшла электрафікацыя, пра вадзяны рухавік забыліся.

Распавядаючы пра гіс-торыю млына, Францішак Баляслававіч узгадаў, як даў слова сваякам аднавіць яго. Памяшканне выкупіў у гаспадарцы. Штодня на легкавіку з прысталічнай вёскі, дзе жыве з сям’ёю, імчаў на Смаргоншчыну, дзе займаўся рэстаўрацыяй млына. Прывёў у парадак шлюз на рэчцы Палавойка, і неўзабаве жорны закруціліся. Сяляне з навакольных мясцін сталі прывозіць мяхі зерня, каб памалоць.

Гаспадар аграсядзібы Алег МІЗУЛА.

На трэцім паверсе млына Францішак Баляслававіч стварыў Музей народнага побыту. Адзін са стэндаў прысвечаны вадзяным млынам. 26 іх засталося ў Беларусі. І кожны мае сваю гісторыю. Гаспадар спа-дзяецца, што адноўлены млын, створаны музей, як і мураваны кляштар, пяцісотгадовы касцёл Найсвяцейшай Тройцы, што ўзвышаецца на крутым беразе Віліі ў Жодзішках, узбагацяць турыстычны маршрут Смаргоншчыны.

Паміж млыном і касцёлам месціцца абласная псіхіятрычная бальніца. На колішняй рынкавай плошчы, дзе ў былыя часы ладзіліся кірмашы, усталяваны мемарыял ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. За помнікам ладна ўпісалася белакаменная царква. Вокнамі на яе пазірае класічны будынак бібліятэкі з круглымі калонамі перад парадным уваходам.

Ад плошчы стрэламі разыхо-дзяцца ў розныя бакі некалькі вуліц. Адразу за падворкамі шумна нясе воды да літоўскага Нерыса хуткацечная Вілія. Праз раку перакінуты бетонны мост. З вышыні яго відаць, як віруе няспынная плынь. Рака рыбная, а лес, што падступае да берага, багаты на прыродную даніну. У летні сезон палаткамі адпачываючых застаўлены крутыя вілейскія берагі.

Кіраўнік спраў сельвыканкама  Алена КУЦЬКО.

Мясцовы жыхар Алег Мізула пяць гадоў таму выкупіў два падворкі на Камсамольскай вуліцы, што выцягнута ўздоўж ракі. Па навакольных вёсках сабраў прадметы сялянскага побыту і аздобіў аграсядзібу. У цэнтры яе збудаваў прыгожае сучаснае памяшканне, дзе адпачываючыя харчуюцца, праводзяцца мерапрыемствы.

У аграсядзібе застаў сталічных удзельнікаў мастацка-літаратурнага пленэру «Нальшчанскія сустрэчы». Напісаныя палотны мастакі выра-шылі перадаць Музею народнага побыту. Дырэктар Беларускага фонда культуры Тадэвуш Стружэцкі, з якім гутарылі ў аграсядзібе, настроены арганізаваць выставу работ у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

Гаспадар Яўген ПАЛІЎКА.

Многія сядзібы аграгарадка ператвораны ў лецішчы. Кіраўнік спраў сельвыканкама Алена Куцько, з якою сустрэліся, летась зарэгістравала больш за 30 новых уладальнікаў сядзіб. На месцы старых пабудоў узводзяцца сучасныя будынкі, некаторыя рэстаўрыруюцца. Сям’я з Ізраіля набыла сялянскі дом і пераабсталявала яго. Летам замежныя госці цудоўна бавяць час у маляўнічых Жодзішках.

Спецыялісты сельвыканкама выяўляюць пакінутыя сядзібы. Праз юрыдычную працэдуру яны пераходзяць да новых гаспадароў. Стрымлівае будаўніцтва высокая працэнтная стаўка банкаўскіх крэдытаў. Шматдзетным сем’ям дапамагае дзяржава. З яе фінансавай падтрымкай пабудавалі катэдж Яўгенія і Юрый Навольскія, у якіх трое дзяцей.

Механізатар Генадзь ЧЫРЫЦА.

З цешчай пад адным дахам жыве сям’я Яўгена Паліўкі. Гаспадар спяшаўся да каровы, якая на ланцугу паслася на лузе. Паскардзіўся вясковец, што раней у стойлавы перыяд арганіку да вывазу на поле буртаваў непадалёку на пустцы. Сёлета забаранілі так рабіць. Узгадалася, як у Даніі, Германіі, Польшчы і іншых еўрапейскіх краінах бачыў бурты арганікі каля фермерскіх агародаў. Безумоўна, парадак патрэбен. Але ж ёсць і сялянскі побыт.

Няма гэтай праблемы ў фермера Іосіфа Шулюка з суседняй вёскі Казяняты. Амаль паўтары сотні кароў у яго, з якіх палова — дойныя. Раней разводзіў авечак, але адмовіўся. Упраўляцца на ферме, летам нарыхтоўваць кармы дапамагаюць сын Анатоль, жонка Аксана Барысаўна і два найміты. На 168 гектарах вырошчвае збажыну, кармавыя культуры на фураж. На пачатку года звяртаўся Іосіф Мечыслававіч да кіраўніцтва філіяла «Жодзішкі» вытворчага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Смаргонскі камбінат хлебапрадуктаў», каб атрымаць зямлю для вырошчвання кармоў. Старэйшы сын Генадзь Шулюк таксама фермер. У яго меншы статак. Малако яны пастаўляюць для перапрацоўкі ў Смаргонскі філіял ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат». Віктар Кісель з вёскі Андрэеўцы займаецца свінагадоўляй. Андрэй Сергяюк з Жодзішак спецыялізуецца на раслінаводстве.

Самадзейныя артысты Дома культуры Алена ДАВЫДЗЕНКАВА,  Алена МАХНАЧ і Таццяна ДАМАШЭВІЧ.

Побач з аграгарадком пабудаваны жывёлагадоўчы комплекс сельгаспрадпрыемства «Жодзішкі» — аднаго з найбольш буйных у раёне. На палях і фермах гаспадаркі занята амаль паўтысячы працаўнікоў. Многія з іх — выхаванцы сярэдняй школы. Узначальвае яе Данута Балыш. Больш за сотню школьнікаў завяршае навучальны год. Радуе дырэктара, што сёлета чакаецца амаль два дзясяткі першакласнікаў.

На летніх канікулах старшакласнікі зоймуцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі. На агарод завіталі з намеснікам дырэктара Марынай Сабініч. Вырасла Марына Мікалаеўна ў хлебаробскай сям’і. Маці Алена Васільеўна была дыспетчарам, а бацька Мікалай Васільевіч Карэла ўзначальваў калгас. Дзякуючы яго старанню Жодзішкі атрымалі прыродны газ. У вечнасці ўжо бацькі. Людзі добрым словам іх узгадваюць. Мы крочылі з Марынай Мікалаеўнай па старым школьным садзе. Побач на агародзе трактарыст Генадзь Чырыца рыхтаваў грады пад сяўбу. Падумалася, няблага б старшакласнікаў бачыць за рулём трактара.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ветэран працы Вацлаў ГРАЖУЛЬ.

Славіцца школа дзіцячым узорным фальклорным калектывам «Нальшчаначка». Ёсць у Жодзішках і народны калектыў народнай песні і танца «Вечарынка» Дома культуры, якім кіруе Тэрэза Чарніцкая. Сярод удзельнікаў — механізатар Андрэй Гіль, заатэхнік Любоў Дудзінская, культработнікі Алена Давыдзенкава і Алена Махнач, якая на святах садзіцца за арган у касцёле. Мастацкі калектыў два гады таму папоўніла Таццяна Дамашэвіч. З мужам яны прыехалі ў Жодзішкі з Казахстана.

ПАСЛЯ сустрэчы з сама-дзейнымі артыстамі пакрочыў па акуратна прыбранай вуліцы да падворка старэйшага жыхара аграгарадка Вацлава Гражуля. Застаў яго ў садзе каля вулляў. Вацлаў Браніслававіч, пераняўшы мой позірк на апусцелых пчальніках, паскардзіўся, што некалькі гадоў таму прапалі пчолы. Была ў яго і карова, свінні, куры. Калі аўдавеў, звёў жыўнасць. Некалькі гадоў таму сын Валодзя пераехаў з Вільнюса. Купаўся ў Віліі, і рака яго забрала... Дочкі Рэгіна і Галіна падтрымліваюць бацьку.

Загадчыца школьнага музея Аляксандра ГАЛЯК з навучэнцамі.

Зайшлі ў прыбраную хату. Прыселі за стол. Вацлаў Браніслававіч узгадаў былое. Дзе-вятнаццацігадовым пры-маў удзел у ваеннай аперацыі «Курляндскі кацёл». Некаторыя населеныя пункты пераходзілі з рук у рукі па некалькі разоў. Баявыя дзеянні 201-й Гатчынскай чырвонасцяжнай дывізіі, у якой ён змагаўся з ворагам, закончыліся пасля капітуляцыі фашысцкай Германіі ў канцы мая 1945 года. У мірны час Вацлаў Гражуль служыў у былым Сталінабадзе, перайменаваным у Душанбэ. Дома, у астравецкай вёсцы Петрыкі, чакалі родныя. Пасля службы працаваў ездавым у калгасе, у будаўнічай брыгадзе. У святы хадзіў да касцёла ў Жодзішкі. Пазнаёміўся з дзяўчынай Марыяй. Павянчаліся. Пабудавалі дом, завялі гаспадарку. Як спрадвеку продкі, так і яны жылі зямлёю.

Парадны пінжак Вацлава Гражуля ўпрыгожвае медаль «За перамогу над Германіяй», юбілейныя ўзнагароды, значкі ўдарніка пяцігодак.

Намеснік дырэктара сярэдняй школы Марына САБІНІЧ  з выхаванцамі.

Па падаконніку забарабаніў дождж. Дзевяностачатырохгадовы Вацлаў Браніслававіч, жывы сведка страшэннай вайны, устаў і ўзняў келіх за пераможны май. Такое не забываецца ніколі!

Смаргонскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter