Жоўтае лісце каштанаў. Украінская восень маці гарадоў рускіх

Ва Украіне заўчора пачалася прэзідэнцкая перадвыбарчая кампанія. Але ў Кіеве ўсё спакойна: пераходы запоўнены гандляркамі з газетамі, зелянінай, танным адзеннем. Міліцыя нікога не ганяе, хоць у большасці прадаўцоў наўрад ці ёсць ліцэнзіі і дазволы. Горад свабоды і неўладкаванасці, утульнасці і спакою. Тут няма адной роўнай магістралі, ад якой адыходзяць усе іншыя вуліцы. Няма агульнапрызнанага цэнтра. Нават галоўны будынак дзяржавы — рэзідэнцыю прэзідэнта, салідны гмах савецкай пары, вандроўніку могуць не паказаць, а толькі махнуць рукой: “Ат, нічога асаблівага”. Але абавязкова пакажуць “дом з хімерамі” насупраць сядзібы кіраўніка краіны. Пачвары, што ўзгрувасціліся на дах дома, нагадваюць страшыдлаў з сабора Парыжскай Божай Маці. Гэта першы будынак з бетону ў былой Расійскай імперыі — стыль мадэрн, пачатак ХХ стагоддзя. Кіеў славіцца тым, што некалі ён быў першы ваўсім.  А які ён цяпер?

95-ы квартал

Булгакаў, тутэйшы ўраджэнец, называў яго проста — Горад. Кіеву непатрэбны эпітэты. Маці гарадоў рускіх задоўга да Масквы быў названы ён — мегаполіс над Дняпром. Большы і старэйшы за яго некалі быў толькі Царград. Цяпер усё крыху не так. Горад № 1 сёння дзеліць першынство на Русі з Мінскам і Масквой, дый называецца трохі іначай — Кыіў.
Адкрываецца Горад з боку Беларусі, на жаль, не ідылічнай карцінай. Не каштанавай алеяй, не ўтульным бульварам — кучамі смецця ўздоўж дарогі.
Першая ад Чарнігаўскага шляху станцыя метро “Лясная” (“падземка” да самага Дняпра будзе ісці — увага! — над зямлёй) не стварае ўражання прэзентабельнасці: здаецца, што яе ніколі не чысцілі, не мылі. Пасля такая карціна ўжо не стане здзіўляць: ні пляшкі з-пад піва ў фантанах на майдане Незалежнасці, ні пачкі з-пад цыгарэт на гары, адкуль “есть пошла Русская зямля”. Не ведаю, у чым прычына недагледжанасці горада, у якім, бадай, толькі каля цэркваў усё прыбрана. Мой прыяцель Дмытро, супрацоўнік саліднага штотыднёвіка, лічыць, што ўсё тлумачыцца менталітэтам нацыі.
— Бачыш, беларусы — народ паўночны, у вас, як і ў прыбалтаў, усё дагледжана, на вуліцах чысціня, на рынках — парадак, бо так было спрадвеку. Мы ж бліжэйшыя да паўднёвых, азіяцкіх краін, дзе стыхія базару вызначае і лад жыцця: трохі бесклапотны, бо там, дзе цяплей, чалавек больш лянівы, менш уважлівы да дробязей.
Магчыма, гэта філасофія гучала б дарэчы ў эпоху сярэднявечча. Але цяпер, у час глабалізацыі, калі стандарты якасці жыцця ва ўсім свеце аднолькавыя, апраўдваць непарадак на вуліцах “менталітэтам” мне здаецца значным перабольшаннем, а яшчэ дакладней — уцёкамі ад праблемы.
Хіба што гумарысты гатовы сказаць праўду ў вочы. На адным з украінскіх тэлеканалаў паказваюць шоу кавээншчыкаў “95-ы квартал” — забаўляльную перадачу, у якой удзельнічаюць Кіркораў, Газманаў, а большасць жартаў тычыцца найперш улад. І таго, што кіеўскія ўлады давесці да ладу найпрыгажэйшы і найстаражытнейшы горад Усходняй Еўропы не здатныя.
Хаця будаўніцтва дамоў, аднаўленне многіх помнікаў архітэктуры ідзе не меншымі тэмпамі, чым у Мінску. Але камунальная гаспадарка нібыта спіць. Сам я бачыў дворнікаў толькі двойчы: у першы раз яны збіралі ў кучы лісце на вуліцы Мазепы, у другі — зрывалі лістоўкі з ліхтароў на Чырвонаармейскай. Несанкцыянаваная рэклама на ліхтарах, платах, мурах, нават на мастах праз Днепр — біч Кіева. Горад выглядае суцэльным білбордам, на які кожны можа наляпіць што заўгодна: ад аб’явы аб знаёмстве да прапановы прайсці тэхагляд танна, хутка і без лішніх фармальнасцей.

Туга па парадку

Раўнавагу неўпарадкаванасці складаюць паркі. Усяго зялёных “мораў” 70, а яшчэ 200 сквераў. Вучоныя падлічылі, што на аднаго кіяўляніна прыпадае 210 квадратных метраў зеляніны!
Схавацца ад мітусні ў шумным Горадзе няцяжка. Збочыў з загазаванай вуліцы Мазепы ў Кіева-Пячэрскі манастыр — і апынуўся ў іншым часе. Стаіш у цені храмаў ды дрэў і слухаеш: цішыню, якую зрэдку парушаюць каштаны, што грукаюць аб брук, ды званы, што клічуць на малітву...
Ну а гарадскія ўлады — такія, якіх абралі сабе самі кіяўляне. Украіна славіцца сваёй дэмакратыяй, якая мо і недасканалая, але дазваляе людзям самім вырашаць, хто імі будзе кіраваць. Адносіны да мэра, якога падазраюць у многіх грахах, сярод “простага народа” простыя. Дзве кабеты гутарылі ў маршрутным таксі аб актуальнай палітыцы і Чарнавецкаму ставілі “пяцёрку”, бо той рассылае сваіх прадстаўнікоў па ўсёй сталіцы, а тыя слухаюць кожнага пакрыўджанага. А чалавеку ж так важна, каб яго пачулі!
Сур’ёзную канкурэнцыю кіеўскаму галаве ў сталіцы складае прэм’ер Юлія Цімашэнка. Спачатку я не мог зразумець зместу плакатаў, развешаных па ўсім горадзе: кожны білборд аздабляў надпіс кшталту “Газавая мафія знішчана” або “Украінцаў становіцца больш”, а пад лаканічным сцвярджэннем красаваўся надпіс: “Вона працює”. Хто такая Вона, праясняецца, калі даведваешся, што “вона” ў перакладзе з украінскай — гэта “яна”. А яна — гэта Юлія, прэм’ер-міністр. Цімашэнка прэтэндуе на пасаду прэзідэнта краіны. І ў Кіеве за яе вядзецца самая актыўная агітацыя. Галоўны канкурэнт Януковіч сціпла прадстаўлены некалькімі рэкламнымі шчытамі з лозунгам “Пачую кожнага!”. Іншыя кандыдаты, лічыцца, загадзя “непрахадныя”. Такім чынам, фіналісты ўжо вядомыя. Але хто пераможа — вялікае пытанне. Колішнія актывісты памаранчавай рэвалюцыі гатовы галасаваць нават за свайго экс-ворага Януковіча. Карціна грамадскага жыцця Украіны толькі на тэлебачанні выглядае нібы яснай. Падыдзіце да любога прахожага, і ён вам хутчэй скажа “Не ведаю”, чым назаве прозвішча свайго куміра ў палітычным пасьянсе. І вельмі многія кажуць, што беларуская мадэль дзяржаўнасці ім вельмі імпануе: “У вас спакайней”. Зрэшты, Юлія Цімашэнка нядаўна паабяцала: “Абсалютна пэўна — калі мне ўдасца выйграць у прэзідэнцкай кампаніі — будзе дыктатура, але дыктатура закона, таго, чаго сёння ва Украіне няма нават блізка, і прававы нігілізм поўнасцю разбурае ўсе сферы і кірункі нашага жыцця”. Прэм’ер збіраецца замяніць хаос на “парадак выканаўчай вертыкалі, па якім так тужыць дзяржава”. Ці зменіцца туга радасцю — пабачым неўзабаве...

Кухонная праўда

Пакуль удзельнікі галоўнай гульні за Яе Міласць Уладу распальваюцца ў змаганні, радавыя грамадзяне шукаюць выйсця з эканамічнага крызісу. Нельга сказаць, што жыццё ў Кіеве горшае, чым у Мінску. Прынамсі, кошт праезду ў транспарце і на прадукты харчавання ў сярэднім на сто-трыста нашых рублёў ніжэйшыя. Дый калі ў нашых крамах украінскіх прадуктаў мноства, то ў кіеўскіх беларускіх няма ўвогуле.
Аднак ужо няма таго прытоку ў Кіеў жадаючых зарабіць (у тым ліку з Беларусі), які быў да калапсу сусветнай гаспадаркі. Хаця шукальнікі шчасця ўсё роўна кожны дзень з’яўляюцца на вуліцах тысячагадовага Горада. Я пазнаёміўся з адной такой тыповай прадстаўніцай кагорты шукальнікаў. Каця сама чарнігаўская, на малой радзіме атрымала вышэйшую адукацыю. У сваім горадзе працавала адміністратаркай ігральнага клуба. А цяпер робіць афіцыянткай у кавярні на ўскраіне Кіева. Працу знайшла на маіх вачах, але перад гэтым два тыдні пыкалася-мыкалася, бо ехала ў сталіцу на абяцанку добрага заробку, аднак знаёмыя падманулі-падвялі, і давялося жыць на падлозе прыяцельскай кухні.
Будаўнік Аляксандр, якога я сустрэў ля прэстыжнага гатэля “Хаят”, што паміж Сафійскім і Міхайлаўскім саборамі, — зусім малады хлопец. Прыехаў з Запарожжа. Робіць еўрарамонты ў кватэрах заможных гараджан. Заробак можа дасягаць 50 долараў у дзень. Менш атрымліваць няма рацыі, лічыць Саша, а сам разважае: “Увогуле лавіць цяпер у Кіеве няма чаго. Усе цёплыя месцы даўно занятыя”. Запарожскі “казак”, аднак, не з’язджае са сталіцы. З панядзелка да пятніцы зарабляе свае грыўні, а ў выхадныя з сябруком бадзяецца па Храшчаціку ды жлукціць піва — ад няма чаго рабіць ...
Храшчацік кожныя выхадныя перакрываюць для руху транспарту, а на майдане Незалежнасці ладзяць канцэрты мясцовыя і замежныя зоркі. Відовішча неверагоднае: тысячы людзей ходзяць па цэнтры куды хочуць і робяць што хочуць: ці танчаць, ці цалуюцца, ці агітуюць за палітыкаў або ў абарону бадзяжных сабак. Але дастаткова выйсці за межы цэнтральнай вуліцы ды плошчы, як ад тлуму не застаецца і згадкі. Жоўтае лісце ціха падае на чорны брук — Кіеў ніяк не падобны да асяродку рэвалюцый, як многія яго ўяўляюць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter