Семейный экипаж-тысячник и айтишница — помощник комбайнера: мы понаблюдали за уборкой урожая в Копыльском районе

Жніво — справа сямейная

Хлебаробамі ўбрана 48 працэнтаў плошчаў цэнтральнага рэгіёна: намалочана звыш 930 700 тон збожжавых і зернебабовых культур. У тройцы лідараў Мінскай вобласці па агульным намалоце — Капыльскі раён. Разам з Наталляй Ведзень, першым намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Капыльскага райвыканкама, мы праехаліся па лепшых сельгаспрадпрыемствах.

Уборка збожжавых у ААТ «Семежава».

Наталля Васільеўна па дарозе ўводзіць у курс справы:

— 14 гаспадарак ужо ўбралі 56 працэнтаў плошчаў збожжавых і зернебабовых культур. Сярэдняя ўраджайнасць у раёне складае 44 цэнтнеры з гектара, што, дарэчы, на 7 цэнтнераў вышэй у параўнанні з мінулым годам. 35 экіпажаў намалацілі звыш тысячы тон збожжа. Ёсць 34 тысячнікі сярод вадзіцеляў. Яшчэ тройка камбайнавых экіпажаў і тры вадзіцелі набліжаюцца да двухтысячнай мяжы. Парк сельгастэхнікі ў гаспадарках пастаянна папаўняецца новымі машынамі: толькі сёлета набылі 10 камбайнаў беларускай вытворчасці.

Ёсць тысяча тон

Новенькі камбайн «Палессе» у ААТ «Капыльскае» шчыруе на палях ад світання да заходу. Ад таго, як спрацуюць механізатары, залежыць, ці будзе хлеб на нашым стале. Час на жніве максімальна іграе на вынік. Уладзімір і Аксана Лосевы гэта выдатна разумеюць, працуючы ў полі дуэтам: збіраюць ячмень, а хутка зоймуцца пшаніцай. Настрой у мужа і жонкі выдатны, бо сёння раніцай яны сталі тысячнікамі.

Аксана дапамагае мужу другі сезон. У сям’і трое дзяцей — дзве дачкі, 14 і 12 гадоў, і 4-гадовы сыночак:

— Самі мы адсюль родам, пазнаёміліся ў Цімкавічах. Муж — вопытны камбайнер, даўно працуе ў гаспадарцы. Дзеткі нашы, пакуль уборачная ў разгары, — у бабулі і дзядулі. Дзень сёння гарачы, добры. Нам даверылі новы камбайн, на якім сёлета можна і пайсці на рэкорд...

Сямейны экіпаж: камбайнер Уладзімір ЛОСЕЎ і памочнік камбайнера Аксана ЛОСЕВА.

Юрый Тарасевіч, намеснік дырэктара па раслінаводстве ААТ «Капыльскае», дадае:

— Да жніва ўсталявалі аўтаматычныя навігацыйныя сістэмы ў 14 дзеючых камбайнах. Навігатары дазваляюць выдалена адсочваць узровень хуткасці, расход паліва сельгасмашын, час працы і іншыя моманты. Бо шырокія тэрыторыі сельгасугоддзяў гаспадаркі, а гэта 9,5 тысячы гектараў, патрабуюць пільнай увагі. Трэба будзе ўбраць яшчэ 60 працэнтаў плошчаў, а ўжо намалочана звыш 5,8 тысячы тон збожжа.

Робім некалькі здымкаў і больш не адцягваем Лосевых ад працы, жадаем высокіх ураджаяў і развітваемся. Рухаемся ў бок іншага паспяховага сельгаспрадпрыемства — ААТ «Семежава», каб пагутарыць з яго перадавікамі на жніве.

З IT — на пшанічныя палі

Валерый Цыганкоў, дырэктар сельгаспрадпрыемства, кажа аб тым, што сямейныя падрады штогод заняты на ўборачнай кампаніі і нічога дзіўнага ў гэтым няма. А ўсяго тут працуе больш за 300 чалавек.

Механізатару Мікалаю Сячко дапамагае сын Аляксандр, які прыехаў на лета да бацькі з Баранавічаў. Мікалай Іванавіч кажа, што хоць па адукацыі ён заатэхнік і пчаляр, але праца на камбайне — яго захапленне:

— Не прапускаю ніводнага жніва: на сёння мы ўжо тысячнікі, але і гэта не мяжа.

Таццяна ДОДЗЬ, памочнік камбайнера.
А ў суседнім экіпажы працуюць Аляксандр Додзь і яго дачка Таццяна. Далікатная дзяўчына сёлета скончыла БДУІР па спецыяльнасці «Інжынер-праграміст», але зараз дапамагае бацьку ва ўборцы збожжа.

— Упершыню бачу айцішніцу на жніве. Падабаецца праца? — задаю пытанне Таццяне.

— Вядома, трэці год лета праводжу ў Семежаве. Надвор’е выдатнае, трэба хутчэй сабраць ураджай. Дарэчы, мой старэйшы брат таксама з году ў год працаваў на камбайне з бацькам, потым я перахапіла эстафету. Камбайн наш — ветэран: малоціць ужо 14-ы сезон.

Валерый Цыганкоў падкрэсліў, што ў гаспадаркі лепшыя вынікі па ўраджайнасці ў раёне — 52 цэнтнеры з гектара:

— Работнікі працуюць сумленна. Усе, хто з раніцы да вечара знаходзіцца ў полі, атрымліваюць двухразовае харчаванне, ёсць тэхналагічныя перапынкі для перадышкі і адпачынку сельгастэхнікі. Дарэчы, перад уборачнай набылі новы кормаўборачны комплекс і два энерганасычаныя трактары. У планах — пакупка сучаснай сеялкі. На сёння ў нас намалочана больш за 5,5 тысячы тон збожжа. Засталося ўбраць 50 працэнтаў плошчаў, і ўпэўнены, што праз паўтара тыдня мы паспяхова завершым жніво.

shimuk@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter