Как отмечают в Полоцком районе Спасы

Жнівеньскія забавы

Жнівень багаты не толькі на ўраджай, але і на святы. У гэтым месяцы адзначаюцца аж тры Спасы. Кожны рэгіён захоўвае ўнікальныя традыцыі іх святкавання. Мы даведаліся, як спраўляюць Спасы на Полаччыне.


Пачынае чараду свят 14 жніўня Мядовы Спас. Полацк на працягу шасці стагоддзяў лічыцца мядовай сталіцай. Ліпавы, грэцкі, каштанавы, лугавы, лясны — выбірай на густ і колер. Падчас свята горад гудзе, нібыта пчаліны рой, — спевы, танцы, шматлікія кірмашы. Па традыцыі, у гэты дзень свежы мёд абавязкова асвячаюць у царкве. Лічылася, калі мёд не сабраць да свята, то яго забяруць пчолы суседа.

Праз пяць дзён — 19 жніўня — адзначаецца Яблычны Спас. У гэты дзень каля царквы ў Полацку ладзілі вялікі кірмаш. Святкаванне суправа­джалася багатым застоллем. Палачане абавязкова гатавалі не менш за сем страў з яблыкамі: пірагі, бліны, варэнне… Існуе забарона есці яблыкі да пачатку Спаса бацькам, якія страцілі дзяцей. Па павер’і, калі бацькі не пакаштуюць садавіну да свята, то іх дзеткам на нябёсах раздадуць падарункі ў гэты дзень.


Завяршае цыкл свят Арэхавы (Хлебны) Спас, які адзначаецца 29 жніўня. Сяляне сустракалі ў гэты дзень восень, заканчвалі ўборку ўраджаю хлеба і пачыналі сяўбу азімых. На Арэхавы (Хлебны) Спас абавязкова елі арэхі і выпякалі хлеб з новага ўраджаю. Не заставаліся ў баку ад свята і дзеці — яны спявалі, танцавалі, гатавалі разам з дарослымі. І ў наш час на Полаччыне памятаюць традыцыі продкаў. Падчас Хлебнага Спаса вучні філіяла Багатырскі СДК ДУК «Полацкі раённы цэнтр культуры» адправяцца ў фальклорнае падарожжа «Таямніцы нараджэння хлеба». Яны паспрабуюць жаць жыта сярпом, прымуць удзел у выкананні традыцыйных песень, а самым доўгачаканым момантам падарожжа стане абед у полі. Дзецям прапануюць свежавыпечаны хлеб з мядовым квасам.

infong@sb.by

Фото БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter