Жэрару Дэпардзьё Беларусь прыйшлася даспадобы

Французкі акцёр на два дні прамяняў багемны Парыж на ўтульны Мінск

Французкі акцёр на два дні прамяняў багемны Парыж на ўтульны Мінск


Увечары 21 ліпеня самалёт з 66-гадовым артыстам на борце прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце. Каларытны пасажыр, натуральна, не змог застацца незаўважаным — легенду французкага кіно рассакрэцілі яшчэ на візавым кантролі. Зрэшты, уязныя дакументы ў нашу краіну яму не спатрэбіліся: Жэрар Дэпардзьё, як вядома, — грамадзянін Расійскай Федэрацыі. Пакуль артыст старанна ўсміхаўся журналістам і дэманстраваў фатографам пашпарт з адзнакай аб уездзе, пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка расказаў пра мэту візіту: “У планах — абмеркаванне здымак у фільме “Нармандыя — Нёман”, над вытворчасцю якога цяпер працуюць кіношнікі з Беларусі, Францыі і Расіі. Акрамя таго, Жэрар Дэпардзьё, які мае аграрны і рэстаранны бізнес, пажадаў асабіста азнаёміцца з сельскай гаспадаркай краіны і нашымі аграгарадкамі, пра якія шмат чуў”.


У пачатку ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці, Жэрар Дэпардзьё наведаў парыжскае дыппрадстаўніцтва нашай краіны. Тады ж у гутарцы з Паўлам Латушкам акцёр адзначыў тую ўвагу, якая надаецца кіраўніцтвам Беларусі сферы эканомікі і сельскай гаспадаркі. У адказ пасол запрасіў легендарнага артыста ўбачыць беларускія агратурыстычныя аб’екты на свае вочы. Дэпардзьё адмаўляцца ад сардэчнага запрашэння не стаў. Артыст не толькі прыняў прапанову, але і вырашыў не зацягваць з візітам — узгадніць графікі і расклад удалося ў рэкордна кароткія тэрміны.

Праграма двухдзённага візіту атрымалася насычанай: увечары ў дзень прылёту артыст паспеў пабываць на выступленні дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча, рассмакаваць нашы дранікі і настойку на журавінах (“Пальчыкі абліжаш! У Францыі такога няма!” — падзяліўся з намі артыст). Даспадобы госцю прыйшоўся і беларускі морс: дабаўкі патрабаваць не стаў, але затое папрасіў запакаваць яму бутэльку-другую з сабою.

Раніцай наступнага дня акцёр адправіўся ў Смалявіцкі раён на малочна-таварную ферму “Задомля” сельгаспрадпрыемства “Азярыцкі-Агра”. Паводзіў сябе артыст зусім як дзіця: жыва цікавіўся тэхналогіямі вытворчасці, распытваў пра бычкоў і кароў, кратаў салому, перапэцкаўся ў сухім малаку... Але ўбачаным застаўся задаволены:

— Беларусь нагадала мне маленькую Швейцарыю: тыя ж чыста ўбраныя бязмежныя палі, маленькія ўтульныя домікі, вельмі дастойная інфраструктура. Нават тэхналогіі, па якіх развіваецца сельская гаспадарка, падобныя. Яшчэ я заўважыў, што Беларусь мае ўсе рэсурсы для таго, каб стаць сырнай краінай. Вашы сыры могуць быць не горшыя, чым французкія. З улікам той колькасці малака, што ў вас ёсць, і жадання вучыцца вам не хапае толькі парачкі граматных тэхнолагаў. Пажадана французаў. Запусціце гэты працэс — і ўсё ў вас атрымаецца.


Пра Беларусь Дэпардзьё, як аказалася, ужо шмат ведае — чуў, бачыў, чытаў. А цяпер яшчэ і на ўласным досведзе пераканаўся:

— Я шмат чуў пра прыгажосць беларускіх краявідаў — яны сапраўды неверагодныя! Акрамя таго, усёй Еўропе вядомы высокі ўзровень вашай сельскай гаспадаркі. Нават у расійскім горадзе Саранску, дзе я цяпер жыву, я не бачыў настолькі тэхналагічных фермаў. Відаць, што Прэзідэнт надае шмат увагі развіццю аграпрамысловага комплексу.

— Мсье Дэпардзьё, а пра тое, каб перанесці ў Беларусь частку свайго бізнесу, вы не думалі?

— Як вінаробу і вытворцу віна мне гэта невыгадна: у Беларусі не тыя ўмовы для вырошчвання вінаграду. Але тут ёсць усё, што трэба для жыцця: цудоўная прырода, спакой, натуральнае малако, смачнае мяса і прыгожыя жанчыны — а што яшчэ трэба для спакойнай старасці? Так што, магчыма, пазней я абдумаю гэтую прапанову.

Пакуль артыст каменціраваў усё, што адбывалася вакол, работнікі фермы выстраіліся за аўтографам. Тут і без слоў зразумела, як яны былі рады знакамітаму госцю. Акцёр такога маштабу сюды яшчэ ніколі не прыязджаў, не хавала эмоцый Вольга Шымановіч, брыгадзір малочна-таварнай фермы “Задомля”:

— Мы не ведалі да апошняга, што прыедзе сам Дэпардзьё. Нам толькі сказалі, што сёння завітае дэлегацыя высокіх гасцей. Не здзівіліся: мы прымаем гасцей практычна кожны месяц. Убачылі акцёра — не прызналі спачатку. І толькі потым разгледзелі... Але ў зносінах аказаўся вельмі прыемным, добразычлівым. Нікому не адмовіў у аўтографе!


Дарэчы


Акцёр таксама пабываў на Кургане Славы пад Мінскам, дзе ўсклаў кветкі і ўшанаваў памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 ліпеня сустрэўся з вядомым французкім акцёрам і рэстаратарам Жэрарам Дэпардзьё.

Аляксандр Лукашэнка і Жэрар Дэпардзьё ў нефармальнай абстаноўцы паразмаўлялі на тэмы падтрымкі сельскай гаспадаркі ў сучасным свеце, развіцця тэхналогій па вырошчванні экалагічна чыстых прадуктаў харчавання. Былі таксама закранутыя магчымыя перспектыўныя праекты супрацоўніцтва Беларусі і Францыі ў галіне культуры і мастацтва.

Кіраўнік дзяржавы правёў для Жэрара Дэпардзьё кароткую экскурсію па тэрыторыі афіцыйнай рэзідэнцыі Прэзідэнта Беларусі “Азёрны” ў Астрашыцкім гарадку, азнаёміў з некаторымі ўзорамі беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, навучыў навыкам ручной касьбы.
Юльяна Леановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter