Жэня, Жэнечка, Яўген...

У Купалаўскiм тэатры адбылася вечарына з нагоды 70-годдзя з дня нараджэння беларускага драматурга, паэта, рэжысёра Яўгена Шабана

У Купалаўскiм тэатры адбылася вечарына з нагоды 70-годдзя з дня нараджэння беларускага драматурга, паэта, рэжысёра Яўгена Шабана. Iнiцыятарамi правядзення мерапрыемства сталi Нацыянальны акадэмiчны драматычны тэатр iмя Янкi Купалы, жонка Яўгена Шабана – вядомы тэатразнаўца, прафесар БДУ, доктар фiлалагiчных навук Таццяна Арлова i мастацкi кiраўнiк Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Якуба Коласа Вiталь Баркоўскi.

У вечарыне прынялi ўдзел вядомыя дзеячы сучаснай тэатральнай культуры Беларусi: заслужаны артыст Беларусi, прафесар Акадэмii мастацтваў Фама Варанецкi, аднакурснiкi i калегi Яўгена Пятровiча – народныя артысты Беларусi Генадзь Гарбук i Тадэвуш Кокштыс, заслужаныя артысты Беларусi Тамара Шашкiна i Эдуард Гарачы, народны артыст Украiны Юрый Плотнiкаў i iнш. Успамiналi яго – Жэню, Жэнечку, Яўгена. 

Таццяна Арлова адзначыла, што галоўнай мэтай было паказаць людзям выдатную сур’ёзную асобу, паэта, драматурга, рэжысёра, якi пакiнуў пасля сябе яскравы след у беларускiм мастацтве. “Трэба часцей успамiнаць такiх людзей”,  — канстатуе Таццяна Дзмiтрыеўна. 

Ён так  i не вычарпаў да канца свой шматгранны талент...   Яўген Шабан памёр 30 лiпеня 1982 года, у дзень прэм’еры спектакля “Востраў Алены” па сваёй п’есе. Яму было  толькi 46... 

А я лiчуся маладым, 

Хоць мне ўжо два разы па дваццаць, 

I недзе разляцеўся дым 

Ужо далёкага юнацтва, 

I жоўкне ў стале дыплом, 

I марыць аб адкрыццях потай... 

Я ж грэюся чужым цяплом, 

Я ўсё адкладваю на потым. 

Хай будзе так. 

Хай будзе так... 

Ды толькi просяцца на волю 

Мой непастаўлены спектакль, 

I фiльм няствораны, 

I роля, 

I верш, галоўны ў жыццi, 

Якi штодзённа сэрца пiша. 

Дзеля таго з зямлi я выйшаў, 

Каб воддаль недзе не прайсцi... 

Ён нарадзiўся  ў сям’i непiсьменных сялян-калгаснiкаў у маленькай вёсачцы Калодзiна Мядзельскага раёна. Казалi нават, што ён быў першым з Калодзiна, хто атрымаў вышэйшую адукацыю. Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага iнстытута працаваў спачатку акцёрам, потым памочнiкам галоўнага рэжысёра  Коласаўскага тэатра. Больш за 10 год – рэжысёрам на  Беларускiм тэле-бачаннi. За гэты час Яўген Шабан вывеў на тэлеэкран многiя творы айчыннай лiтаратуры. Пастаўленыя iм тэлеспектаклi i тэлеоперы i сёння, бывае,  з’яўляюцца на экранах. А яшчэ была праца памочнiкам галоўнага рэжысёра па лiтаратурнай частцы тэатра iмя Янкi Купалы. I былi  вершы, i пераклады, i новыя п’есы. Дарэчы, менавiта Яўген Шабан з’яўляецца першастваральнiкам у Беларусi п’ес для монаспектакляў (твор “Вячэра”, 1982 г.). У паэзii ён таксама знайшоў сябе: выйшлi ягоныя зборнiкi “Нарачанка” i “Чырвоныя сумёты”. Адно з цэнтральных месцаў у яго паэтычнай творчасцi займала Нарач, на беразе якой аўтар нарадзiўся i вырас. А ў  драматургiчнай творчасцi Яўген Шабан закранаў самыя вострыя, набалелыя пытаннi сучаснасцi. За што, дарэчы, яго п’есы не раз “рэзалi”. Менавiта ён стаў прадвеснiкам “новай хвалi” ў драматургii, адным з першых, хто адчуў неабходнасць змены ў яе тэматычных i вобразна-стылёвых iнтанацыях. 

На вечарыне прагучалi вершы Яўгена Шабана (многiя з якiх, дарэчы, не былi выдадзеныя),  паказаны вiдэаматэрыялы i фотавыстава аб яго жыццi i творчасцi. Як адзначыла Таццяна Арлова, пасля смерцi Яўгена Пятровiча застаўся вялiкi архiў, якi сёння, на жаль, няма магчымасцi выпусцiць асобным выданнем. Але ж тая спадчына, якую пакiнуў пасля сябе гэты выдатны дзеяч, i сёння застаецца для беларускага мастацтва сапраўднай крынiцай скарбаў. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter