Ляхавіцкая моладзь чытае рэп на словы народнай песні

Жарты з Ураджайнай

Здавалася б, сучасных падлеткаў сілком не адцягнеш ад камп’ютара, і тым больш не накіруеш у маленькую вёсачку, каб у вольны час пагутарыць са старымі і даведацца пра ўнікальныя абрады і песні. Аднак настаўніцы беларускай мовы і літаратуры ляхавіцкай СШ № 1 Наталлі СІДОР удалося не толькі зацікавіць фальклорам моладзь — разам яны перапрацоўваюць сабранае ў стылі фольк-мадэрн. Нетрывіяльную падачу заўважылі нават на абласным фестывалі фальклорнага мастацтва “Радавод”. Адкуль такі “Кужалёк” узяўся і што цікавае навандраваў і назбіраў ён па вёсках Ляхавіччыны?

 Удзельнікі гуртка "Кужалёк".

ДЗЕСЯЦЬ гадоў таму Наталля Мікалаеўна падрыхтавала для выступлення на абласным фестывалі сваю дачку Паліну. Дзяўчынка па-майстэрску, прачулена расказвала народныя паданні і спявала. Пасля поспеху гэтага нумара, у якім таксама паўдзельнічаў старшакласнік Андрэй Асімовіч, вырашана было стварыць гурток для збору мясцовага фальклору. У яго адразу запісаўся амаль увесь 6 “А”, у якім Наталля Мікалаеўна была класным кіраўніком. І пачаліся экспедыцыі, а таксама практычныя заняткі. Дарэчы, у СШ № 1 многія дзеці — сельскія, прыязджаюць у райцэнтр на вучобу. Так, настаўніца з усмешкай успамінае, як давала сваім вучням заданне — сабраць цікавыя рэцэпты сваіх бабуль. Потым разам выбіралі найлепшы рэцэпт для мачанкі, верашчакі, прыгатавалі ў печы. Наеліся так, што зламалася канапа, на якой сядзелі “кужалькоўцы” падчас сняданку.

Дарэчы, адкуль такая назва? Субяседніца нагадала мне вядомую беларускую песню “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”, дзе якраз узгадваецца “ўсё бялюсенькі кужалёк”. Асноўны прынцып гурткоўцаў — шукаць рэдкія паданні, легенды, песні, пацешкі і жарты, якія захаваліся толькі на Ляхавіччыне. Знайсці ў інтэрнэце і спець — гэта не для іх. Таму і касцюмы для сябе ладзілі ў мясцовым стылі. Як успамінае кіраўнік, чысцюткае сапраўднае льняное палатно давялося шукаць па гарышчах, аздабленне кашуль і сукенак для дзяўчат зрабілі сціплае, як гэта і было прынята на Ляхавіччыне. А вось адной удзельніцы гуртка вельмі падфарціла — падчас адной з вандровак жыхарка вёскі Пашкоўцы не пашкадавала і аддала ёй сваю вясельную сукенку, упрыгожаную вышыўкай. Хутчэй за ўсё, у гэтым строі бралі шлюб некалькі пакаленняў сям’і. Кажучы пра ўборы, Наталля Мікалаеўна падзялілася “смачным” мясцовым слоўцам. Аказваецца, прас у некаторых вёсках Ляхавіччыны ласкава называюць “пранік”. 

Асобны акцэнт зроблены на тое, што “кужалькоўцы” выступаюць у жанры фольк-мадэрн. Таму і традыцыйныя сарочкі яны смела спалучаюць з сучаснымі джынсамі. І гэта натуральна, бо і аранжыроўкі многіх сабраных імі песень зроблены на новы лад — у рок-апрацоўцы ці нават рэперскім рэчытатыве. Падчас этнаграфічных экспедыцый па вёсках раёна яны знайшлі не толькі мелодыі накшталт “Дуды”, але, напрыклад, і мясцовы Сёмушны карагод “Пава лугавая”. А ў адну з вандровак у вёску Мыслабаж ледзьве не спынілі працу на сенакосе. Папрасілі адну бабулю заспяваць старую песню, хутка прыбегла на спевы суседка, а там пацягнулася і ўсё сяло: “Ці то ў каго вяселле, што так прыгожа спяваюць?” І людзей нават не збянтэжыла, што гэта адбывалася ў аўторак, — так хораша і натуральна гучалі святочныя спевы. 

Не абыходзіцца і без жартаў, на якія асобыя майстры ёсць у вёсцы Ураджайная. Дарэчы, яе назва, вядома, больш сучасная, а раней, як уведалі дзеці, паселішча называлі Вошкаўцы — ад слова “воск”. А мясцовых жыхароў суседзі часта называлі “бабовікамі» — бобам былі засаджаныя ўсе межы паміж іх участкамі. Увосень “бабовікі” варылі сваю любімую культуру і лузгалі, як семечкі. І вось якую смешную гісторыю запісалі і апрацавалі тут “кужалькоўцы”.

Адзін мясцовы дзядуля прыехаў у райцэнтр да ўнука. Таго не застаў, а назад на аўтобус спазніўся. Што рабіць? “Бабовік” накіраваўся прама ў аддзяленне міліцыі. 

— Хлопцы, у нашай вёсцы ёсць адзін мужык з аўтаматам, толькі ён вам яго не аддасць...

— Як гэта не аддасць? А ну паехалі, пакажаш.

Завязлі старога ў яго сяло, а той паказвае ім “аўтаматчыка” — помнік Невядомаму салдату. За такія жартачкі давялося хітруну вяртацца назад ў аддзяленне.

Акрамя жартоўных нумароў, гурткоўцы сур’ёзна займаюцца навуковай працай. Вось правялі даследаванне пра сімволіку раслін у мясцовым фальклоры. У нашых продкаў было шмат забабонаў і вераванняў, звязаных з дрэвамі. Скажам, у вёсцы Пранчакі для маладых абавязкова рабілі арку з галінак маладых бяроз, каб іх жыццё было шчаслівым. Дуб лічыўся міфалагічным вобразам сусвету, а таксама мужчынскага пачатку, апоры ў жыцці — брата ці бацькі. Елку не надта віталі на падворках: лічылася, што гэта расліна-вампір, калі яе ствол зробіцца тоўстым, як мужчынская шыя, гаспадар памрэ. Ружа — сімвал жаноцкасці, імі абавязкова ўпрыгожвалі каравай. Дарэчы, да яго ў моладзі на Ляхавіччыне была асаблівая павага — нават маленькія кавалачкі пасля падзелу пірага збіралі і ласаваліся, каб і сабе забяспечыць шчаслівую будучыню. 

МНЕ бачыцца ў гэтым і паралель з сучаснымі ляхавіцкімі “кужалятамі”. Ужо другое пакаленне гурткоўцаў працягвае пад кіраўніцтвам настаўніка збіраць і даваць другое жыццё жамчужынам мясцовага фальклору. А без гэтага нам не захаваць і вялікую культурную спадчыну ўсёй краіны.

КАМПЕТЭНТНА

Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту и турызму Ляхавіцкага райвыканкама Марыя САРАКАВІК:

— «Кужалёк» — адна з візітовак нашага раёна, у гэтым годзе гуртку споўнілася 10 гадоў. Аднак збіраннем фальклору і захаваннем народных традыцый займаюцца і ў іншых установах адукацыі. У Ліпскай сярэдняй школе існуе фальклорны калектыў «Весялушкі», у гімназіі — аб’яднанне па інтарэсах «Вытокі», у сярэдняй школе № 2 — аб’яднанне па інтарэсах «Спадчына». Падобныя гурткі ёсць у Канькоўскім УВК «Дзіцячы сад — сярэдняя школа» і Тальмінавічскай сярэдняй школе. Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Ляхавічах дае магчымасць займацца работай з ільном, глінай, саломкай, разьбой па дрэве. Многія ўстановы адукацыі таксама актыўна супрацоўнічаюць з сельскімі дамамі культуры. Раз у два гады ў раёне праводзім фестываль фальклорнага мастацтва «Радавод». З абласнога этапу гэтага конкурсу прадстаўнікі нашага раёна ў бягучым годзе прывезлі 7 дыпломаў. 

yasko@sb.by

Фота аўтара і з архіва Наталлі СІДОР
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter