Жанчынай звацца!

Як мода “ад Дзіора” прыжывалася на беларускай зямліУ прыгожай, элегантнай вопратцы выяўляецца вечнае жаночае жаданне зачароўваць, падабацца, а галоўнае — захоўваць гармонію свайго ўнутранага свету. Хто мы без гэтых дробязей — сентыментальнай рамачкі на стале, какетлівага шаліка, прыемнага паху духоў?! Запомнілася фраза аднаго субяседніка, які расказаў, што ажаніўся толькі таму, што не ўяўляў каханую жанчыну ў іншай ролі, да такой ступені яна ўсё рабіла па-жаночы хатнім. Нават халацік вешала “як сапраўдная жонка”, і зачараваны мужчына не стаў цягнуць з прапановай рукі і сэрца. Ці не губляем мы гэтае ўменне, махнуўшы на сябе рукой? А вось нашы бабулі ім добра валодалі, нават у часы татальнага дэфіцыту знаходзячы магчымасць заставацца жанчынай.

З цэха — на танцы
Здаецца, мода стала даступнай, але азірніцеся навокал: многія жанчыны ў чорных штанах, джынсах і світэрах, нейкія бляклыя, затурканыя жыццём... На сумныя разважанні мяне навялі апублікаваныя некалькі тыдняў таму ў Інтэрнэце рассакрэчаныя архіўныя фотаздымкі амерыканскага часопіса Life за 1959 год. Мадэлі Крысціяна Дзіора гуляюць па кансерватыўнай Маскве і фатаграфуюцца з аслупянелымі ад іх касцюмаў масквічамі і масквічкамі. Гэта быў першы паказ Dior у Савецкім Саюзе. Кантраст адзення францужанак і савецкіх жанчын уражвае. Ці сапраўды ўсё было так дрэнна ў нас з вопраткай або гэта таленавітая пастаноўка тагачаснай прапаганды? Адна з прачытаўшых гэтую інфармацыю карыстальніц Інтэрнэта таксама здзіўлена: “Калі я гляджу на фотаздымкі маіх бабуль, цёткі — шык, стыль і густ проста ўражваюць. Якія сукенкі, абутак, берэты, капялюшыкі! Тканіны якія, Госпадзі! І ўсё гэта прасавалі ў цесных бараках дапатопнымі прасамі пасля цяжкай працы на заводзе. І — на танцы, у парк, гуляць! Нам бы іх задор і аптымізм”.
Напэўна, такая настальгія па мінулым характэрна зараз для многіх, нездарма ж з’явіўся на экранах расійскі фільм “Стылягі” пра яркую моладзь канца 1950-х гадоў. Выканальніца адной з галоўных роляў актрыса Яўгенія Брык у інтэрв’ю расказвала, што касцюм вельмі дапамог ёй сыграць камсамолку: “Нам знайшлі сапраўдныя панчохі 1940—1950-х гадоў, сапраўдную бялізну: конусападобны ліфчык, як у Мэрылін Манро, панталончыкі, наверх яшчэ камбінашка... І хоць гэтага не бачна ў кадры, але гэта іншае самаадчуванне, ты рухаешся па-іншаму”. Прачытаўшы гэта, мне вельмі захацелася дазнацца, як на самай справе апраналіся мільёны беларусак у пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Забягаючы наперад, падзялюся характэрным фактам — і смешным, і сумным адначасова. У выданні “Полезные советы” канца 1950-х савецкая дзяўчына намалявана ў целагрэйцы, у якой, напэўна, накіруецца ўкладваць шпалы. Але яе поза цалкам супадае з паставай манекеншчыцы Крысціяна Дзіора на адным з самых вядомых фотаздымкаў тых часоў!
Новы погляд Дзіора
Тут трэба зрабіць невялікае адступленне, каб патлумачыць, чаму Дзіор стаў заканадаўцам мод таго часу і што рэвалюцыйнае ён прапанаваў у сваім знакамітым стылі New look. Перанясёмся ў пасляваенную Еўропу. Голад і нястачы адыходзяць у мінулае. Людзі стараюцца забыць пра жудасную вайну і акунуцца ў свет раскошы і дастатку. І калі ў модзе 1940-х гадоў дамініраваў вобраз актыўных, рашучых, з кароткімі стрыжкамі і худым целам жанчын, то пасляваенным дзяўчатам ён быў не даспадобы. У пачатку 1947 года Крысціян Дзіор адкрыў свой першы салон у Парыжы і шакіраваў публіку калекцыяй пад назвай “Вянок”. Дзяўчаты-мадэлі былі апрануты ў шыкоўныя светлых таноў сукенкі, якія паўтаралі сілуэтныя лініі ландышаў, цюльпанаў, званочкаў. Дзіор вярнуў жанчынам элегантнасць і загадкавасць, прапанаваў класічны жаночы сілуэт у форме пясочнага гадзінніка. Асіная талія, падкрэслена высокія грудзі, пакатыя плечы, акруглыя бёдры — асноўныя рысы ідэалу Крысціяна Дзіора. У ідэальнай сям’і таго часу муж працаваў і забяспечваў сям’ю, а жанчына была своеасаблівай “візітнай карткай” сям’і, якая павінна выглядаць бездакорна нават на кухні. У моду вярнуліся гарсэты, якія сцягвалі талію да 50 сантыметраў, крыналін і вузкі аблягаючы ліф. Пад ніз сукенкі трэба было апранаць шматслойную спадніцу. Часта на адну спадніцу было патрэбна да сарака метраў тканіны, а вага “звычайнай” сукенкі дасягала 3—4 кілаграмаў, у той час як вячэрні туалет мог заважыць і 30 кілаграмаў — нібы сярэднявечныя даспехі! Стыль New look — гэта не проста шыкоўныя сукенкі, а цэлыя ансамблі з падабранымі да касцюма галаўнымі ўборамі, сумачкамі, абуткам, упрыгожаннямі і макіяжам. Фірменныя колеры Дзіора — ружовае з шэрым, а таксама яркія фарбы — ружовыя, чырвоныя, зялёныя. У стылі New Look працавалі амаль усе вядомыя дамы мод таго часу: Pierre Cardin, Nina Ricci, Givenchy, Lanvin и др.
Адзін жаночы і адзін мужчынскі
Ці даходзілі гэтыя павевы сусветнай моды да тагачаснай Беларусі? Адзначым, што ў 1948 годзе быў створаны Беларускі рэспубліканскі дом мадэляў (сёння — Беларускі цэнтр моды), які з’яўляецца адным з самых старэйшых на постсавецкай прасторы. Вядома, прыгажосці і радасці ў вопратцы хацелася і нашым людзям, але гіганты лёгкай прамысловасці былі даволі непаваротлівая, адсутнічалі неабходная фурнітура і эластычныя тканіны. Створаныя па замежных узорах эксперыментальныя мадэлі, напрыклад, маскоўскіх і ленінградскіх фабрык, як правіла, не даходзілі да прылаўкаў магазінаў. У рэкамендацыях таго часу прапануюцца універсальныя, цёмныя і някідкія фарбы. У той жа час моднымі сталі блузкі і сукенкі з шыфону, капрону, крэп-жаржэту.
Найбольшыя традыцыі ў пашыве адзення ў нашай краіне — у мінскага СП ЗАТ “Мілавіца”: у мінулым годзе фабрыка адсвяткавала сваё 100-годдзе. За гады існавання яна не раз мяняла напрамак работы, і, напрыклад, у 1959 годзе асартымент швейнай фабрыкі імя М.В.Фрунзе выглядаў так: дзесяць мадэляў дэмісезонных паліто, сем мадэляў зімовых паліто, адзін жаночы і адзін мужчынскі плашч, чатыры мадэлі куртак, тры мадэлі мужчынскіх сарочак. І гэта лічылася неблагім дасягненнем, расказала спецыяліст па персаналу прадпрыемства Таццяна Сакалоўская, паказваючы экспанаты нядаўна створанага на фабрыцы музея.
Аперацыя “Камбінацыя”
Дарэчы, у 1950-я гады ў Краіне Саветаў існавала табу нават на ўпамінанне прадметаў бялізны, не кажучы пра публічныя паказы. Тым не менш у гэты час назіралася павелічэнне колькасці літаратуры, прысвечанай модзе, адзенню, догляду за целам. Але толькі лічаныя жанчыны маглі дазволіць сабе тыя інструменты стварэння ўльтражаноцкага сілуэта, якія Дзіор прапанаваў свету. Раскошная бялізна — галоўная “нясучая канструкцыя” ўсіх яго туалетаў. Гарсэт і гарсетныя вырабы перажылі на рубяжы 1950-х гадоў узлёт папулярнасці. Заваёўвалі свет і новыя сінтэтычныя матэрыялы. Але новыя тэндэнцыі не закранулі масавую вытворчасць бялізны ў тагачаснай Беларусі. Узноўленыя ткацкія фабрыкі ізноў наладзілі выпуск ружовай і блакітнай байкі для пашыву жаночых панталон. Адначасова пачалі вырабляць тыя ж тканіны, з якіх 20 гадоў да таго і 30 гадоў пасля шылі найбольш распаўсюджаныя бюстгальтары — суцэльнаскроеныя з вытачкай і без. Раз у пяць гадоў на пасяджэннях зацвярджалі змяненні, напрыклад, колькасці гузікаў на ліфчыку. Як расказалі на “Мілавіцы”, у канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў панталоны на гузіках паступова выцяснялі падобныя да сучасных трусікі з рызінкай. Зразумела, гэтая прадукцыя не задавальняла попыт савецкіх жанчын, якім хацелася іншага. Па ўспамінах маёй мамы і старэйшых супрацоўніц нашай рэдакцыі, вялікім попытам карысталася нямецкая або польская бялізна, асабліва камбінацыі. Калі такі тавар трапляў на прылаўкі, пачыналіся ледзь не бойкі за дэфіцытныя жаночыя штучкі. Працаваў і “чорны рынак”. Праўдамі і няпраўдамі жанчыны здабывалі права на праяўленне свайго “я”.
“Кожная савецкая жанчына мае права на...
...якасны бюстгальтар”. Кажуць, што гэтая фраза належыць знакамітаму міністру культуры СССР Кацярыне Фурцавай. Першы бюстгальтар будучая “Мілавіца” выпусціла ў 1962 годзе. Тагачасны дырэктар Іскра Іосіфаўна Шасцюк успамінала, што для гэтага не было ні абсталявання, ні канструктарскай дакументацыі, ні фурнітуры... Для стварэння новага асартыменту ў фабрычным медпункце абмералі супрацоўніц фабрыкі, распаролі 10 нямецкіх бюстгальтараў, а таксама камандзіравалі спецыялістаў у Латвію на швейную фірму “Рыгас-апгербс”, дзе не вельмі хацелі дзяліцца вопытам. Тым не менш першая калекцыя была створана. Я патрымала ў руках каталог фабрыкі, датаваны 1964 годам, з намаляванымі мадэлямі. Нізавошта не здагадаецеся, як ён называецца. “Паясы”! Пояс для замацавання панчох быў галоўнай дэталлю жаночай бялізны, а ліфчык — проста “дадаткам” да ансамбля. На здымках з музея фабрыкі вы бачыце гэтыя мадэлі, а таксама фота мінчанкі на адпачынку ў бялізне тых часоў. І ніхто ў тагачаснай Беларусі не ведаў, што ў тым жа 1964 годзе канадскі дызайнер Louse Poirier упершыню стварыў Wonderbra — правобраз формы push-up, які і сёння карыстаецца папулярнасцю ў прадстаўніц слабага полу.
Розныя пачуцці выклікаюць фотаздымкі шасцідзесяцігадовай даўнасці: некаторыя дэталі бачым на паказах і сёння, нешта выклікае ўсмешку, ад пазнаных штрыхоў рэтра-стылю цёпла робіцца на душы. Аб’ядноўвае тагачасных і сённяшніх модніц адно — імкненне любой цаной застацца жанчынай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter