Вышла книга о роде и судьбе белорусской меценатки Магдалены Радзивилл

Жанчына з герба «Лебедзь»

Вокладка кнігі Vale!.
Магдалена Радзівіл — з імёнаў, асоб, якіх да нядаўняга часу не так часта згадвалі ў беларускай гісторыяграфіі. Праўда, у Беларускую Энцыклапедыю (том трынаццаты, выйшаў у 2001 годзе) артыкул пра такога адметнага дзеяча беларускага культурнага руху, мецэнатку ўжо патрапіў. Галоўныя акалічнасці біяграфіі пазначаны наступным чынам: была выхавана ў духу беларускай культуры, фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», а таксама падтрымлівала Беларускае выдавецкае таварыства і газету «Беларус». Кажучы сучаснай мовай, з’яўлялася спонсарам таварыстваў цвярозасці, шпіталяў, нават сельскіх крам. Адкрыла ў сваіх уладаннях беларускія школы — у Кухцічах, Уздзе, Каменцы. Аказала матэрыяльную падтрымку ў выданні «Вянка» Максіма Багдановіча. І гэта не ўсё, што вылучае легендарную жанчыну з ліку беларускіх магнатаў канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Пра тое, якой яна была, ведае літаральна ўсё пісьменнік і гісторык Віктар Хурсік, які толькі што выдаў кнігу пра Магдалену Радзівіл — Vale! («Бывайце!»). З Віктарам Уладзіміравічам сустрэўся наш карэспандэнт. 

Палітык і мецэнатка

— Пачатак, вытокі такой грандыёзнай работы пра Магдалену Радзівіл — адкуль, з якой зацікаўленасці, з якіх жаданняў і памкненняў яны ўзніклі?

— Увогуле, я па адукацыі фізік, а не лірык. Уздым патрыятызму канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў абудзіў ува мне жаданне ўдакладніць абставіны будаўніцтва чыгуначнай веткі Верайцы — Градзянка. Тыя мясціны мне знаёмыя з маленства. На станцыі Уборак гэтага адгалінавання я і нарадзіўся. Таму напачатку 1990-х я ў Санкт-Пецярбургу ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве адшукаў належныя дакументы. З іх даведаўся не толькі пра тэхнічныя дэталі будаўніцтва, а і прозвішча яго галоўнай ініцыятаркі адкрыў. Яе звалі княгіня Магдалена Радзівіл. 

Вярнуўшыся ў Мінск, вырашыў пашырыць свае веды пра гэтую жанчыну. Пачаў з ганка Нацыянальнай бібліятэкі, потым падаўся ў Нацыянальны гістарычны архіў. У 1999-м у газеце «Звязда» з'явіўся мой першы артыкул пра будаўніцтва згаданай чыгункі. А ў 2001-м матэрыялы пра Магдалену склалі кніжачку «Белы лебедзь у промнях славы. Магдалена Радзівіл». У 2002 годзе мае даследаванні (на той час не надта вялікія і шырокія) былі ўключаны ў гісторыка-дакументальную хроніку «Памяць. Асіповіцкі раён» (2002). Такія выданні выходзілі згодна з урадавай пастановай па ўсіх раёнах краіны. Пачатак рабоце над стварэннем сапраўды ўнікальнай серыі «Памяць» быў пакладзены яшчэ ў 1980-я гады… 

— Калі коратка характарызаваць месца спадарыні Радзівіл у беларускай гісторыі, то як бы вы найперш вызначылі яе асобу?
Віктар ХУРСІК.
Фота Андрэя САЗОНАВА

— Гэта была палітычная дзяячка вельмі высокага ўзроўню, калі мець на ўвазе вызначэнне Платона, што палітыка — гэта здольнасць аберагчы ўсіх грамадзян і па магчымасці зрабіць іх з горшых болей добрымі. У той час, калі ў Расійскай імперыі (ды і не толькі ў Расійскай імперыі) пачатку ХХ стагоддзя жанчыны былі па-за палітыкай, не мелі выбарчых правоў, Магдалена Радзівіл не толькі ўваходзіла ў кола асоб, набліжаных да дэпутатаў Дзярждумы ад Паўночна-Заходняга краю (Вайніловіч, Скірмунт, Лядніцкі і іншыя), але арганізоўвала салоны і была ўдзельніцай дыскусій адносна будучыні беларусаў і Беларусі.

Калі яна заўважыла, што слоў шмат, а дзеянняў няма, то ў 1906 годзе распачала самастойную практычную дзейнасць па ўздыме нацыянальнай свядомасці беларусаў. Ёю падпольна фінансаваліся нацыянальны друк, пачатковыя школкі, дзейнасць нацыянальных рэлігійных дзеячаў. Яна была сапраўднай душой палітычнай плыні, вядомай пад назвай краёвасці. Дзякуючы руплівасці і ўласным сродкам Магдалены Радзівіл былі ўзгадаваны вядомыя нацыянальныя дэмакраты. Сярод іх і народны пясняр Беларусі Янка Купала.

— Шукаючы звесткі пра Магдалену Радзівіл, вы, зразумела, звярталіся ў многія архівы... Ці засталося нешта яшчэ нязведанае пра гераіню вашай кнігі?

— Каб жа размова толькі пра гераіню кнігі... Магдалена Радзівіл узначальвае палітычны алімп ХХ стагоддзя! Гэта — асоба! Прэса ў Расіі, Польшчы, на Захадзе аддавала належнае ёй як самай галоўнай беларусцы. Дзе ж такую асобу ахапіць самотнымі пошукамі. Канешне, ёсць нязведанае. Гэта перш за ўсё асабістая перапіска (больш за тысячу старонак у асноўным на французскай мове), вызначэнне адрасатаў яе пісьмаў, іх лёсаў, лёс фотаздымкаў яе мужа Мікалая і Беларусі, пра якія яна згадвае ў запавеце. Чакаюць больш глыбокіх даследаванняў літоўскія архівы.

Імя ў гісторыі

Магдалена РАДЗІВІЛ у маладосці.
— Вы паралельна з работай даследчыка, пісьменніка-гісторыка рабілі захады і па мемарыялізацыі, ушанаванні Магдалены Радзівіл. Раскажыце пра гэта болей падрабязна. Дарэчы, ці ёсць дзе ў нашай краіне вуліца, якая насіла б імя Магдалены Радзівіл?

— На маю думку, да мемарыялізацыі гістарычных асоб трэба падыходзіць вельмі ўзважана. У людзей не павінна ўзнікаць пытанняў наконт гэтага, павінна саспець «крытычная маса» ведаў пра асобу, якой прысвячаецца знак памяці. Я спрычыніўся да ўвекавечання памяці Магдалены Радзівіл у былым маёнтку Жорнаўка. Мясцовая ўлада сумесна з валанцёрамі Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ўсталявала там мемарыяльны камень і адпаведную шыльду на ім. У Жорнаўцы пачало ладзіцца штогадовае свята ў яе гонар. Але сам краявід і гісторыя гэтай мясціны вымагаюць не аматарскіх, а прафесійных рашэнняў. Урэшце, калі сюды ехалі паны творцы па грошы на выданне кніжак, то хай бы гэты момант і ўвекавечыўся ў бронзе. А якое відовішча было б, калі б вялікі белы мармуровы лебедзь, яе герб, плыў над наваколлем на высокім стромкім пастаменце.

У другім яе маёнтку Кухцічы (зараз пасёлак Першамайск на Уздзеншчыне) пакуль ніякіх мемарыяльных згадак пра яе род няма. У самой Уздзе не вельмі даўно з'явілася вуліца яе імя, што я лічу вялікай заслугай мясцовай улады. Але гэтага недастаткова. Кухцічы — гэта паркава-сядзібны комплекс, жамчужына XVIII стагоддзя, асвечаная славутымі беларускімі імёнамі той пары. Трэба дбаць пра аднаўленне гэтага ансамбля. Ва Уздзе пакуль існуе касцёл, пабудаваны ў 1795 годзе Казімірам Завішам, на мясцовых могілках знаходзіцца ўнікальная ўсыпальніца роду — усё гэта не толькі звязана з імем Магдалены, а і з нашай агульнай гісторыяй. Трэба рупіцца, каб гэтыя згадкі мінуўшчыны не зніклі.

Маю я надзею, што ўрэшце з'явіцца мемарыяльная шыльда ў Мінску на доме ля Чырвонага касцёла, дзе яна жыла з 1912 па 1918 год. І яшчэ будзе адноўлены касцёл і кляштар дамініканцаў ля Палаца Рэспублікі, заснаваны яе далёкімі продкамі, пра аднаўленне якога яна клапацілася ў 1914 годзе. Чакаюць мемарыялізацыі месцы, звязаныя з яе імем, у Варшаве, Каўнасе, швейцарскім Фрыбургу. 

— Праца над кнігай прынесла вам унікальны практычны досвед у рабоце як літаратару, уважліваму да гістарычнай тэматыкі. Як вы ўвогуле ставіцеся да гістарычнай прозы Беларусі? 

— Маю кнігу нельга адносіць да гістарычнай прозы. Гэта дакументальнае даследаванне. Я з удзячнасцю згадваю гістарычную прозу Уладзіміра Караткевіча, Генрыха Далідовіча, Леаніда Дайнекі, іншых аўтараў, шаную расійскага пісьменніка Валянціна Пікуля. Беларусы добра ўславілі селяніна. Дастаткова згадаць «Пінскую шляхту» і «Паўлінку». Між тым у нацыянальнай літаратуры не хапае вобразаў, якія б праслаўлялі патрыятызм і ўзвышанасць нашай эліты XVIII—XIX стагоддзяў. Ні на Захадзе, ні на Усходзе ў нацыянальнай мастацкай літаратуры такога прагалу няма. Працуючы над кнігай Vale!, я ўвесь час спакушаўся напісаць яе як мастацкую рэч. Але тады былі б невядомымі для даследчыкаў многія дакументы і рэальныя факты біяграфіі Магдалены Радзівіл. Цяпер жа я задаволены сваёй працай.

— Над чым збіраецеся працаваць надалей як пісьменнік?

— Магчыма, напішу сцэнарый мастацкай кінастужкі звычайнай працягласці пра перыпетыі жыцця Магдалены Радзівіл. У яе жыцці былі ўзнёслая рамантыка і бруд бліжэйшага атачэння. Калі дзевятнаццацігадовы юнак закахаўся ў саракагадовую даму, то нешта ў Магдалене было незвычайнае. Даводжу да ладу празаічны твор, якому ўжо аддаў нямала часу. Дарэчы, адшукаў за мяжой вельмі цікавы дакумент, які пралівае святло на знікненне залатых апосталаў з Нясвіжскага замка. Перакладаю беларусаў, якія пісалі па-польску. Унікальны літаратурны помнік пра сталіцу будзе выдадзены ў студзені — лютым 2019 года.

Магдалена РАДЗІВІЛ сярод дзяцей, злева — унук Людвік, які загінуў у Варшаўскім паўстанні ў 1944 годзе.
Фота з архіва Віктара Хурсіка

— І што лічыце патрэбным зрабіць як выдавец?

— Жыццёвы час падціскае, а так хочацца выдаць шмат карыснага для разумення беларускай гісторыі. Калі выдаць шматтомныя мемуары адной малавядомай беларускай постаці, то не спатрэбіцца тлумачыць, чым жыла наша эліта ў складаны час XIX стагоддзя. Пісьмы іншага чалавека ўяўляюць каштоўнейшую крыніцу па гісторыі ўжо XVIII стагоддзя. Зараз набыў правы на выданне замежнага навуковага даследавання пра падзелы Рэчы Паспалітай. Вельмі хацелася б разабрацца ў гэтым складаным перыядзе існавання нашага народа. У кнізе больш за паўтары тысячы спасылак на крыніцы, даследаваны паводзіны як польскай, так і беларускай шляхты, дакументы і распараджэнні расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ.

— Поспехаў і плёну на карысць вывучэння гісторыі роднай старонкі, Віктар Уладзіміравіч!

Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter