Сочнева, Т.В. Устрица / Т.В.Сочнева. — Минск: Белпринт, 2009. — 272 с.
Усё часцей сёння заходзіць размова пра тое, што беларускаму чытачу не хапае масавага прыгожага, пачуццёвага рамана. Маўляў, дзе “нашы”... Не, пачакайце, ёсць жа Сяргей Клімковіч, усё большую чытацкую прастору асвойвае Наталля Батракова. А яшчэ ж Тамара Лісіцкая... Ёсць і іншыя імёны, якія ўжо паказаліся з-за спін “сур’ёзных” празаікаў і спакойна робяць сваю літаратурную справу...
Адкрыццём выдавецтва “Белпринт” можна лічыць прозу Таццяны Сочневай. Адна за другой пабачылі свет чатыры кнігі фактычна нікому не вядомай аўтаркі — “Нелегал”, “Номер на одного”, “Даль холодна”, “Устрица”... Паспеўшы прачытаць пакуль што адну з іх — зборнік “Устрица”, дзе змешчаны аднайменны раман і яшчэ два апавяданні, спяшаюся засведчыць: пісьменніца задае настрой, прыцягвае ўвагу неардынарнымі развагамі, трымае ў палоне свайго сюжэта: мужчына — бізнесмен з вялікімі амбіцыямі, не свабодны і знаходзіцца ў пошуку сэнсу жыцця, жанчына — проста жанчына, якая прызнае толькі адзін жыццёвы шлях — любіць і быць любімай. Пачуцці жанчыны бескарыслівыя, а мужчына ўсё яшчэ сумняваецца ў сваім выбары. І калі яго пачуцці да жанчыны згасаюць, не ладзіцца бізнес, жонка нараджае дзіця ад каханка... Што далей?.. Як бачыце, ёсць сюжэт, ёсць інтрыга. Будзем спадзявацца і на тое, што ў кнігі будзе чытач. Магчыма, нават не толькі жанчыны.