Беларуская дзяржаўная філармонія пачынае канцэртны сезон. Ён абяцае быць яркім, насычаным, запамінальным. З новымі ідэямі, праграмамі, цікавымі запрошанымі выканаўцамі, міжнароднымі праектамі. Сустрэч з гледачамі чакаюць усе 19 творчых калектываў. Прыадчынім заслону над трыма прэм’ерамі гэтай восені.
Маэстра АНІСІМАЎ (у цэнтры) адкрые сімфанічны сезон з Чайкоўскім
Анісімаў пайшоў на эксперымент
Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр уваходзіць у новы сезон з вялікай музыкай Пятра Чайкоўскага. 18 верасня пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора, народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава прагучаць дзве сімфоніі геніяльнага кампазітара — № 4 і 5, прэм’еры якіх адбыліся 130 і 140 гадоў таму.
Два вялікія творы аднаго аўтара ў адным канцэрце? Для нашай філарманічнай сцэны гэта нечакана, даволі смела і адбудзецца ўпершыню. Але тыя, хто цікавіцца сусветным музычным жыццём, ведаюць: такія канцэрты за мяжой не рэдкасць, такую раскошу дазваляюць сабе сур’ёзныя аркестры, і толькі тады, калі ёсць абсалютная ўпэўненасць, што гэта цікава публіцы і што музыканты ў стане гэта сыграць.
Вось і маэстра Аляксандр Анісімаў на эксперымент наважыўся. Хоча з гонарам паказаць віртуознасць нашага сімфанічнага аркестра:
— Нам гэта складаней, таму што сусветныя топ-аркестры маюць па два саставы салістаў. Першае аддзяленне іграюць адны, другое — іншыя. Але нашы музыканты захоплены гэтай ідэяй, акрамя энтузіязму, ёсць яшчэ і высокае майстэрства, разлік сіл, эмоцый, энергіі. Мы шмат рэпеціравалі, і спадзяюся, тое, што задумалі, атрымаецца.
Незвычайныя праекты, вопыты, эксперыменты і нават дзёрзкасці — гэта, паводле слоў Аляксандра Анісімава, складальнікі аднаго з чатырох простых прынцыпаў, па якіх будуюцца праграмы калектыву. А першыя тры такія: клопат пра тое, каб было цікава публіцы, каб гучалі лепшыя ўзоры класікі і музыка беларускіх аўтараў.
Казінец мяняе аркестр
Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча, народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец пачынае свой адкладзены на восень музычны марафон. У маі маэстра споўнілася 80. Юбілейную дату ён адзначыў канцэртам на сваёй малой радзіме ў Вілейцы, а летам — у Паставах на фэсце «Звіняць цымбалы і гармонік», дзе ўзначальвае судзейскую калегію ўжо 30 гадоў. І вось зараз, а дакладней, 9 лістапада — на сцэне роднага творчага дома, у філармоніі. Але — у якасці дырыжора Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра! І з адпаведным рэпертуарам. У праграме — Бетховен, Брамс, Чайкоўскі.
Наступны канцэрт — 18 лістапада. Зноў сімфанічны аркестр. За пультам, зразумела, Міхаіл Казінец. І на гэты раз новы твор беларускага кампазітара Ларысы Сімаковіч «Скарына. Вяртанне. Сем сцэн жыцця» — сусветная прэм’ера. Ну а завершыць маэстра свой музычны марафон канцэртам 23 лістапада са сваiм народным аркестрам імя І. Жыновіча, яго салістамі, іншымі вядомымі вакалістамі і зоркамі оперы Вялікага тэатра.
Важная дэталь, якую Міхаіл Антонавіч адзначае асабліва і з гонарам:
— Усе праграмы розныя, разам з двума аркестрамі ў трох юбілейных канцэртах удзельнічае шмат салістаў. І ўсе яны — былыя студэнты Акадэміі музыкі, таго часу, калі я працаваў там рэктарам. І скрыпач Арцём Шышкоў, і цымбаліст Міхаіл Лявончык, і баяніст Улад Плігаўка, і вакалісты Юрый Гарадзецкі, Анастасія Масквіна... Сёння гэта вядомыя ў краіне і за мяжой спевакі і музыкі.
Міхайлава цырымоніцца не стане
3 кастрычніка свой 30-гадовы юбілей адсвяткуе на сцэне Дзяржаўны камерны хор. Яго мастацкі кіраўнік і дырыжор — заслужаная артыстка Беларусі Наталля Міхайлава — кажа: адзначаць шырока і весела. Запрашаюць не толькі тых, хто нейкім чынам меў за гэтыя гады адносіны да калектыву. Абяцаюць, што і шырокай публіцы будзе цікава — аматарам музыкі як папулярнай, так і класікі.
Праграма невыпадкова названа «Без цырымоній». Падрыхтаваны канцэрт — без доўгай і сумнай пратакольнай часткі. Ні вынасу віншавальных грамат і дыпломаў, ні пышных прамоў і пампезнасці, ні ўсяго астатняга, чаго баіцца глядач, калі прыходзіць на юбілейнае мерапрыемства, не будзе. Самая галоўная цырымонія з боку артыстаў, кажа Наталля Міхайлава, — зрабіць прыемны падарунак сабе, гораду і слухачам.
Што ж пачуем? Асноўны від дзейнасці камернага хору — выкананне музыкі acappella, без інструментальнага суправаджэння. Справа тонкая, якая патрабуе ад вакалістаў сур’ёзнай падрыхтоўкі і доўгай, як кажуць, «чысткі вушэй». Самы любімы жанр калектыву — харавая мініяцюра. Яе і пакажуць. Гэта будзе зрэз усіх праграм, якія гучалі за 30 гадоў, захапляльны музычны нон-стоп гадзіны на дзве. З сюрпрызамі, прэм’ерамі і без сумных цырымоній.
svirko@sb.by
Анисимов, Козинец, Михайлова - три сюрприза от Белгосфилармонии, которые нельзя пропустить в новом сезоне
Жамчужыны для вытанчанай публiкi
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.