Жамчужына Магілёўшчыны Горацкая зямля адметная сваёй сельгасвытворчасцю, багатая на шчырых таленавітых і працавітых людзей.

Горацкая зямля адметная сваёй сельгасвытворчасцю, багатая на шчырых таленавітых і працавітых людзей. І гістарычна спрыяе гэтаму Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, якая налічвае без чвэрці амаль два стагоддзі сваёй гісторыі. Прынамсі, сама па сабе яна — адзін з цудаў. Хаця нямала ў раёне і іншых адметнасцей і гістарычных славутасцей. Як з часоў глыбокай даўніны, так і сучасных.

Горацкая зямля адметная сваёй сельгасвытворчасцю, багатая на шчырых таленавітых і працавітых людзей. І гістарычна спрыяе гэтаму Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, якая налічвае без чвэрці амаль два стагоддзі сваёй гісторыі. Прынамсі, сама па сабе яна — адзін з цудаў. Хаця нямала ў раёне і іншых адметнасцей і гістарычных славутасцей. Як з часоў глыбокай даўніны, так і сучасных.

Дарогай да храма


У дні рэлігійных святаў пад скляпеннямі горацкай царквы Ушэсця збіраецца да чатырох соцень гараджан. Розныя сярод іх людзі: і моцныя вернікі, якія не гублялі сувязі з рэлігіяй у самыя цяжкія для яе часы; і людзі маладзейшыя, што адчулі патрэбу ў папаўненні духоўнасці на сцежцы да Бога. Той-сёй прыходзіць сюды і дзеля таго, каб падзівіцца на помнік архітэктуры, як лічыцца, канца ХІХ стагоддзя. Яшчэ раз адчуць атмасферу храма, больш уважліва разгледзець фрэскі — сапраўдныя мастацкія творы царкоўнага жывапісу.
Наконт даты будаўніцтва царквы Ушэсця да гэтае пары ідуць дыскусіі паміж знаўцамі архітэктуры, гісторыкамі. Адны лічаць правільнай ужо названы тэрмін. Іншыя схіляюцца да таго, што храм узведзены раней, што ён дзейнічаў ужо ў сярэдзіне стагоддзя. І “Атлас веравызнання Заходне-Рускага краю” выдання 1864 года сцвярджае, што ўжо тады ў Горацкім павеце дзейнічала Вазнясенская царква, якая налічвала 722 прыхаджаніны і прыхаджанкі.
У гады Вялікай Айчыннай нават паблізу храма не ўпала ні адной бомбы і снарада. Не кранулі яго і захопнікі. Наадварот, у час пасляваенных раскопак пад сценамі царквы Ушэсця знаходзілі пахаванні нямецкіх салдат. Як кажуць, перад Богам усе роўныя.

Крэпасць  са старажытнасці


...Гарадзішча Мікадзімава, што вылічае ўзрост ад трэцяй чвэрці першага тысячагоддзя цяперашняга летазлічэння, было адначасова і крэпасцю на шляхах ворагаў, і сховішчам ад іх. Вызначалася непрыступнасцю, бо размяшчалася на высокім мысе паміж двума ярамі, мела магутную сістэму абарончых збудаванняў: валоў, глыбокіх канаў, якія запаўняліся водамі рэчкі. Тутэйшыя жыхары, як паказалі раскопкі, выкарыстоўвалі збудаванні і накшталт вежаў.
Паколькі ваяваць далёкім продкам даводзілася не ўвесь час, а толькі тады, калі нападалі ворагі, у мірны перыяд яны займаліся практычна тым, чым займаюцца цяперашнія земляробы: вырошчвалі зерне, гарох, бабы, разводзілі хатнюю жывёлу. Коней выкарыстоўвалі для верхавой язды. Аб гэтым сведчаць знойдзеныя археолагамі цуглі і шпоры. Калі воі пускалі метал, здабыты з тутэйшых балотных руд, на выраб зброі, то модніцы таксама аддавалі перавагу металічным упрыгожанням, не грэбавалі і пацеркамі з бурштыну.
Шмат яшчэ тайнаў утрымлівае тутэйшая зямля. Новыя раскопкі на Мікадзімаўскім гарадзішчы дазволяць вучоным больш даведацца аб далёкіх гістарычных часах.

...І шумяць тут дубы векавыя


Гістарычныя дакументы сведчаць аб тым, што дэндралагічны парк сельгасакадэміі закладзены 162 гады таму. Зразумела, напачатку ён выглядаў зусім інакш, чым зараз. Па-першае, плошча яго павялічана да 26 гектараў. На ёй размясціліся дрэвы 360 парод і найменняў. Саджанцы або насенне іх прывезены не толькі з розных куткоў былога Саюза, але і з іншых краін свету, з самых аддаленых кліматычных паясоў. Тут можна сустрэць аралію маньчжурскую, лістоўніцу амерыканскую, піхту каўказскую і сібірскую, таполю кітайскую і шмат чаго іншага. Са “старажылаў” дэндрапарку можна назваць дубы, якім па 180—200 год. Нялёгкім аказаўся пасляваенны лёс дэндрапарку. Навуковая каштоўнасць яго адышла на другі план. Краіна адбудоўвалася. Патрабавалася шмат драўніны. І многія насаджэнні пайшлі пад сякеру, выкарыстоўваліся на патрэбы будаўніцтва.
Сапраўднае адраджэнне гэтай прыроднай жамчужыны пачалося трыццаць год назад. І цяпер у дэндрапарку разбіты пітомнікі, якія дазваляюць не толькі аднаўляць уласныя пасадкі, але даюць саджанцы для ўсёй краіны.

Маршал з вёскі Зайцава


Стаўшы ў дваццаць год кадравым ваенным, хлопец в горацкай вёскі Зайцава Іван Якубоўскі ўжо не змяняў прафесіі. Даслужыўся да звання маршала Савецкага Саюза. За мужнасць і гераізм у гады Вялікай Айчыннай, якую пачаў камандзірам роты, а скончыў камандзірам корпуса, двойчы ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. І ў злучэнні тады палкоўніка Якубоўскага байцы былі накшталт камандзіра: брыгада ўзнагароджана ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Суворава і Багдана Хмяльніцкага, а таксама атрымала назву “Фастаўскай”. Менавіта пры ўзяцці гэтага ўкраінскага горада вызначыліся танкісты Якубоўскага. Тады адразу дзесяць воінаў брыгады атрымалі геройскія званні.
Пасля вайны Іван Ігнатавіч Якубоўскі скончыў акадэмію Генеральнага штаба, займаў высокія камандныя пасады ва Узброеных сілах, камандаваў групай савецкіх войскаў у Германіі.
На жаль, пражыў маршал няшмат: усяго 64 гады. Але памяць аб сабе пакінуў добрую. Часта бываў на радзіме. Цэнтральным бюстам на Алеі славы ў Горках застаўся стаяць навечна.

Жураўліны кліч


Незвычайнае паселішча шэрага жураўля, які занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, вось ужо некалькі год назіраецца на Верхавым балоце Зубраўскага лясніцтва, што раскінулася ў двух з паловай кіламетрах у паўночна-заходнім кірунку ад вёскі Чапялінка.
Шэры журавель значна зменшыў папуляцыю ў перыяд інтэнсіўнага асушэння балот. А горацкія абшары аблюбаваў таму, што тут для яго ёсць добрая кармавая база, ён не падвяргаецца налётам браканьераў. Ды і мясціны тут ціхія. Нягледзячы на тое што гэта птушка асцярожная і палахлівая, відавочцы сцвярджаюць, што ў перыяд прылёту з выраю, — а на зімоўку шэры журавель дабіраецца нават да Афрыкі і Індыі, — ці падрыхтоўкі да адлёту ў цёплыя мясціны ля Верхавога балота збіраюцца мірыяды гэтых птушак.
Зараз прыродаахоўнікі хадайнічаюць аб прызнанні птушынага паселішча запаведнікам.

Царства расліннай экзотыкі


Зразумела, што батанічны сад Белсельгасакадэміі — гэта перш за ўсё навукова-практычная лабараторыя, у якой будучыя спецыялісты сельскагаспадарчай вытворчасці спасцігаюць таямніцы раслін. Аднак тое, што вырошчваецца ў ім, наўрад ці сустрэнеш на калгасных або саўгасных палетках. Затое ландшафтным архітэктарам тут неабсяжнае поле для пазнання магчымасцей “зялёнай” архітэктуры. Батанічны сад налічвае больш за тысячу найменняў і відаў раслін. Сярод іх ёсць нават такія, якіх няма ў сталічным батанічным садзе. Толькі зараз шырока распаўсюджанай туі тут 14 відаў. Акрамя гэтага на яго тэрыторыі растуць і добра сябе адчуваюць 73 найменні хвойных раслін.
Асобы гонар мясцовых батанікаў — аранжарэя. Сваімі памерамі і сучасным абсталяваннем пахваліцца яна не можа, бо пабудавана амаль тры дзесяцігоддзі назад. А вось па расліннай насычанасці, экзатычнасці не ўступіць самым вядомым аранжарэям. Тут вырошчваецца 280 відаў раслін, сярод якіх бананы, авакада, інжыр, гіганцкія пальмы і джунглевыя ліяны. І абслугоўваюць усю гэтую прыгажосць, а таксама размнажаюць яе ўсяго 52 чалавекі, 12 з якіх — аграномы.

Салдацкая каска


Гэты мемарыял з’явіўся бліз гарадскога пасёлка Леніна 41 год назад у гонар чвэрцьвекавой даты першага бою, які прыняла 1-я польская пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі. У бітве з агульным ворагам поплеч змагаліся палякі і воіны Чырвонай Арміі. Тут, непадалек ад мемарыялу, і ляжаць многія з іх. Таксама разам. А экспанаты музея, які размясціўся ў арыгінальнай архітэктуры будынка, стылізаваным пад салдацкую каску, апавядаюць аб савецка-польскай баявой садружнасці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Штогод на горацкую зямлю прыязджаюць з Польшчы ветэраны Войска Польскага, родныя загінуўшых у тым баі, моладзь суседняй краіны, каб аддаць даніну памяці сваім баявым таварышам, продкам. Прыязджаюць без дапамогі іх дзяржавы, па ўласнай ініцыятыве. Зразумела, з цягам часу ўсё менш у складзе дэлегацыі ветэранаў. Але сама дэлегацыя ўзрастае колькасна. І гэта дае падставы меркаваць, што дружба двух суседніх народаў, некалі з’яднаная крывёю і агульнымі ахвярамі, будзе працягвацца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter