Чым падкупляе старажытны Жалудок?

Жалудок: кветкі і дзеткі у жывой повязі часу

ЖАЛУДОК — адно са старэйшых паселішчаў у Панямонні і за яго межамі. Пра гэта сведчыць знойдзены стагоддзе таму на адным з падворкаў скарб рымскіх манет II веку нашай эры. У нёманскіх пушчах палявалі знатныя асобы Вялікага Княства Літоўскага. На гэтыя багатыя землі неаднойчы квапіліся іншаземныя захопнікі. У пісьмовых даносах шпіёнаў Тэўтонскага ордэна 1385 года адзначаецца, што гаспадарыў у Жалудку шляхетны род Сцегявілаў. Пазней валодалі ім Варановічы, Храбтовічы, Палубінскія, Ласкія, Сапегі, Франкевічы-Радзімінскія, Тызенгаўзы, Урускія, Святаполк-Чацвярцінскія. Але чамусьці ніхто з гаспадароў не імкнуўся надзяліць паселішча Магдэбургскім правам, што дало б магчымасць пашырыць гандаль, атрымаць самакіраванне і асабісты герб.


У 1486 годзе Жалудок, які першапачаткова быў цэнтрам княжацкага стараства, ці “дзяржавы жалудскай”, стаў мястэчкам, у якім пражывалі шматлікія сем’і баяр. Вялікі князь літоўскі Казімір Ягелончык заснаваў тут драўляны касцёл, што сведчыць пра дзяржаўны статус паселішча. З другой паловы XVI стагоддзя мястэчка стала належаць каралеўскаму двару. Амаль паўтара стагоддзя тут дзейнічалі касцёл і манастыр кармелітаў “старых”. Па панядзелках ладзіліся базары.

На пачатку мінулага стагоддзя побач з мястэчкам па праекце вядомага архітэктара Уладзіслава Марконі гаспадар Уладзімір Святаполк-Чацвярцінскі збудаваў неабарочную сядзібу, якая захавалася дагэтуль. Штогод у дзень правядзення фэсту “Зыход Святога Духа” тут гудзеў вядомы на ўсё наваколле конскі базар. Была ўсталявана адна з першых на Беларусі тэлефонных станцый.

Згодна з Рыжскай дамовай Жалудок адышоў да буржуазнай Польшчы. Пасля ўз’яднання беларускіх зямель стаў гарпасёлкам і цэнтрам раёна.

Кіраўнік справамі сельвыканкама Ірына ІГНАТАВА.

У першыя дні вайны фашысты спалілі большую частку сядзіб. Уцалела Арлянская вуліца, дзе акупанты ўтварылі гета. Партызаны не давалі спакою гітлераўцам. Пад камандаваннем Б.А. Булата народныя мсціўцы разграмілі варожы гарнізон.

АКТЫЎНА аднаўлялася жыццё пасля вызвалення Жалудка. Арганізаваўся калгас, дзейнічала МТС, дрэваперапрацоўчае прадпрыемства. У сярэдзіне мінулага стагоддзя медыцынскіх сясцёр і фельчараў выпускала медвучылішча. Традыцыяй стала праводзіць у жніўні фестываль кветак.

У разважаннях не заўважыў, як з-за ўзгорка выкаціў Жалудок. Сярод патанаючых у зеляніне садоў велічна ўзвышаўся мураваны храм з крыжамі ў самае неба. Рознакаляровым полымем кветак палалі агародчыкі паабапал вузенькай заасфальтаванай вулачкі, якая прывяла на прасторную плошчу. Адсюль радыяльна разыходзяцца пяць вуліц, забудаваных пераважна аднапавярховымі жылымі дамамі. У цэнтры плошчы побач з новай драўлянай царквою ў адным будынку размясціліся сельвыканкам, бібліятэка і кіраўніцтва філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” ААТ “Агракамбінат “Скідальскі”.

Дырэктар філіяла сельгаспрадпрыемства Станіслаў ГУЗЕНЬ.

Кіраўнік справамі сельвыканкама Ірына Ігнатава пазнаёміла са старажытным мястэчкам і яго жыхарамі. Ірына Іосіфаўна завочна закончыла бухфак Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі і больш за дзесяць гадоў працуе ў сельвыканкаме. Ведае амаль усіх жыхароў сельсавета, у які ўваходзяць больш за два дзясяткі населеных пунктаў. Пастаянна сельвыканкамаўцы выязджаюць у вёскі, цікавяцца жыццём сялян. За адзінокімі пенсіянерамі замацаваны сацыяльныя работнікі. Дзейнічае савет грамадскага аб’яднання развіцця сельскіх тэрыторый “Наш край”, якім нязменна кіруе Галіна Качаноўская. Удзельнікі савета аказваюць дапамогу адзінокім састарэлым жыхарам, клапоцяцца пра маладых вяскоўцаў, арганізуюць мерапрыемствы па захаванні спадчыны, займаюцца экалагічнымі пытаннямі, прапагандуюць здаровы лад жыцця. 

Як родную сустрэлі Галіну Качаноўскую васьмідзесяцігадовыя Ганна Падгурская і Ядзвіга Дугіна ў фальварку Фарны Канец, што прымыкае да Жалудка. Прыселі мы да сялянак на прызбу. Ганна Падгурская стала ўзгадваць, як па гэтай вуліцы ляцелі на матацыклах гітлераўцы ў чэрвені 1941 года. Запалыхалі дамы. Фашысты сагналі яўрэйскія сем’і за калючы дрот ў гета. Людзі кінуліся ратавацца ў лясны гушчар.

Старшыня савета грамадскага аб’яднання “Наш край” Галіна КАЧАНОЎСКАЯ.

Па зярнятку збіраюць факты гістарычных падзей паплечнікі Галіны Качаноўскай, ад якой пачуў пра сфарміраваны ў пушчы партызанскі атрад. Пад камандаваннем савецкага ваеннаслужачага Барыса Булата народныя мсціўцы разграмілі варожы гарнізон у Жалудку. За баявыя заслугі Барыс Адамавіч удастоены звання Героя Савецкага Саюза. У баях за вызваленне Жалудка загінула 65 савецкіх воінаў і партызан, якія пахаваны ў брацкай магіле. Устаноўлены і абеліск на месцы расстрэлу фашыстамі дзвюх тысяч мірных грамадзян. 

Пахаваны ў гарпасёлку і Герой Савецкага Саюза Пётр Батыраў. У верасні 1944 года ён ўступіў у няроўны бой з васьмю “мессершмітамі”. Самалёт Батырава быў падбіты, а лётчык цяжка паранены. Акрываўлены пілот дацягнуў на баявой машыне за лінію фронту і ўпаў непадалёк ад Жалудка.

Сяргей КУНЦЭВІЧ з дзецьмі.

Яшчэ адзін гонар гарпасёлка – легендарны генерал Парыжскай камуны Валерый Урублеўскі, які сустракаўся з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам. Актывісты грамадскага аб’яднання “Наш край” мараць паставіць помнік слыннаму земляку. 

А з якім запалам расказвала Галіна Качаноўская пра фестываль кветак, што атрымаў статус рэспубліканскага. Месцам для яго правядзення стала пляцоўка каля былога ваеннага аэрадрома. Склалі бізнес-план фестывалю і атрымалі грант ПРААН, дзякуючы якому збудавалі сцэну, кветкавымі клумбамі ўпрыгожылі вуліцы і плошчу.

Прыём вядзе ўрач Святлана ЖЫЛІНСКАЯ.

На фестывальным полі, акружаным векавымі дрэвамі, Галіна Пятроўна дзялілася новымі задумкамі, каб ператварыць Жалудок у турыстычную Меку. Ёсць задумка праводзіць тут скульптурныя пленэры.

ЦУДОЎНА захаваўся стогадовы палацава-паркавы комплекс Святаполк-Чацвярцінскіх, які цікавы сваёй архітэктурай. Паўтара стагоддзі таму ў перыяд гаспадарання ў Жалудку Канстанціна Тызенгаўза на канцэрты скрыпачоў збіраліся аматары музыкі. Дакладна вядома, што ўласнасцю графа-меламана была адна са скрыпак вядомага Страдзівары.

Вучаніцы Настасся КАЛЕНДА і Ангеліна АСЦЮКОВІЧ.

Прайшліся мы ля класічнага мураванага касцёла Узнясення, пабудаванага паўтара стагоддзі таму. Брукаванку да храма пакрылі асфальтам. Карэты і фаэтоны пад’язджалі да параднага ўвахода. Цяпер амаль кожны выхадны вясельныя картэжы кіруюцца сюды. Ксёндз Ян вянчае маладыя пары. 

Ёсць дзе адзначаць урачыстасці. Прадпрымальнік Франц Рудзевіч выкупіў прасторны дом з мезанінам і збудаваў аграсядзібу. Разгалісты дуб з ланцугамі і казачнымі героямі вітае гасцей. Стадолы пераабсталяваны ў рамесныя майстэрні, дзе госці могуць самі пакруціць жорны, паспрабаваць свае здольнасці ў народных рамёствах. Гаспадары маюць два гектары зямлі. Гадуюць авечак, коз, трусоў, гусей, качак, курэй, індыкоў для пачастунку гасцей самаробнымі прысмакамі.

Пастух Станіслаў ДЗІКЕВІЧ і галоўны заатэхнік Іван ХАНЬКО.

ПОБАЧ вялікі свінакомплекс   ААТ “Агракамбінат “Скідальскі”, якім нядаўна кіраваў Станіслаў Гузень. Цяпер ён стаў дырэктарам філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”, які за апошнія гады выйшаў у лідары на Гродзеншчыне. Пасля далучэння СВК “Жалудоцкі” і часткі зямель ААТ “Орля” плошча сельгас- угоддзяў філіяла агракамбіната перавысіла шэсць тысяч гектараў. На фермах утрымліваецца 4200 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 1200 кароў. На свінакомплексе — 28 тысяч галоў. Забяспечанасць кармамі сваёй вытворчасці не перавышае 60 працэнтаў. Таму пакуль даводзіцца закупляць фураж. Кожную лічбу памятае Станіслаў Юльянавіч. Як і галоўныя спецыялісты Андрэй Бяляеў і Іван Ханько.

З Іванам Адольфавічам, які кіруе заатэхнічнай службай, адправіліся па гаспадарцы. Па палявой дарозе да сенажных траншэй кіраваўся трактар з цялежкай, напоўненай зялёнай масай кукурузы. На “Амкадоры” механізатар Пётр Марчук трамбаваў зялёную масу. Траншэі збудаваны побач з сучасным малочна-таварным комплексам “Волкавічы”. Аператарамі машыннага даення працуюць тут выпускніцы Жалудоцкай сярэдняй школы Іна Унуковіч і Людміла Гірыч. Па папярэдніх падліках, сёлета сярэдні надой ад каровы перавысіць сем тысяч кілаграмаў малака. Адпаведна і атрымліваюць па тысячы рублёў у месяц.

Трактарыст Пётр МАРЧУК.

Добра зарабляе і пастух Станіслаў Дзікевіч, які сустрэў нас на лузе. Ён даглядае 120 цялушак галштынскай пароды. Круглыя суткі яны на пашы. Травастой густы. У рацыёне і камбікармы. Жывёлагадоўля дае значны прыбытак. 

Моладзь ахвотна працуе ў гаспадарцы. Дзесяцікласніцы Ангеліна Асцюковіч і Настасся Календа, з якімі сустрэўся каля школы, падзяліліся марамі — рыхтуюцца паступаць на заатэхнічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

Прадавец Ірына ГЛАЎДЗЕЛЬ.

Жалудоцкую сярэднюю школу закончылі дырэктар філіяла Станіслаў Гузень, галоўныя спецыялісты Пётр Каранеўскі, Іван Ханько. Калектыў сёлета папоўнілі выпускнікі Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта, два аднавяскоўцы, у якіх імя і прозвішча аднолькавыя — Дзмітрый Рудзевіч. Вучыліся яны па накіраванні гаспадаркі. 

Для маладых сем’яў пабудаваны дзесяць катэджаў і васьмікватэрны жылы дом. Жыллём забяспечваюцца не толькі работнікі сельгаспрадпрыемства, а і педагогі, медыкі, работнікі культуры. Нядаўна атрымала кватэру малады ўрач-тэрапеўт бальніцы Святлана Жылінская. З дзяржаўнай дапамогай пабудавала кааператыўную кватэру сям’я загадчыка вытворчага ўчастка філіяла агракамбіната Станіслава Аўсяніка, будуе — сям' я Яны і Андрэя Круглых.

Пенсіянеркі Ганна ПАДГУРСКАЯ і Ядзвіга ДУГІНА.

З жонкай Ірынай вярнуўся ў родны Жалудок Сяргей Кунцэвіч. Бацькі яго выкладалі спецыяльныя прадметы ў медвучылішчы, якое дзейнічала ў Жалудку ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы Кунцэвічы адрамантавалі бацькоўскую хату, завялі коз. А калі сям’я папоўнілася прыёмнымі дзеткамі, купілі дзве каровы. Малака хапае не толькі для сябе. Штодня па вядры здаюць прыёмшчыку і маюць папаўненне да сямейнага бюджэту. Ірына Іванаўна выкладае геаграфію і гісторыю ў суседняй Орлеўскай базавай школе. 

З гаспадаром зайшлі ў хату, дзеткі кінуліся да яго. Духу не хапіла спытаць, хто ж з пяці шчабетуноў прыёмны. Усе называлі Сяргея Рыгоравіча татам. Ад яго даведаўся, што і ў суседзяў Артура і Наталлі Шостак, акрамя сваіх чацвярых, сям’ю папоўнілі прыёмныя дзеці. ТАКІМ сустрэў мяне сямісот- гадовы Жалудок, які не страціў імпэту, нават калі перастаў быць раённым цэнтрам. Сардэчнасці і цеплыні можна павучыцца ў яго жыхароў.

Шчучынскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter