Першы прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кебіч

Жалезны Кебiч

Бацькоўская сядзіба ў валожынскай вёсачцы Канюшэўшчына і сёння натхняе Вячаслава Францавіча на працоўныя здзяйсненні і творчыя роздумы


ВАСЬМІДЗЕСЯЦІГАДОВЫ юбілей адзначае дзяржаўны і палітычны беларускі дзеяч Вячаслаў Францавіч КЕБІЧ. Сялянскі сын, які з залатым медалём закончыў вясковую школу на Валожыншчыне і з адзнакаю — машынабудаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута, прайшоў усе прыступкі кар’ернага росту: ад тэхнолага сталічнага завода аўтаматычных ліній да генеральнага дырэктара Мінскага вытворчага аб’яднання імя С. М. Кірава па выпуску працяжных і адразных станкоў. Працаваў на партыйнай і савецкай рабоце. Узначальваў Дзяржплан рэспублікі і Савет Міністраў. Выбіраўся народным дэпутатам СССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і Рэспублікі Беларусь. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, кандыдат эканамічных навук, заслужаны машынабудаўнік рэспублікі, акадэмік Міжнароднай інжынернай акадэміі.

Заслугі Вячаслава Францавіча адзначаны дзяржавай двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам “Знак Пашаны”, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Граматай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і шматлікімі іншымі ўзнагародамі і памятнымі знакамі.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Вячаслава Кебіча з 80-годдзем. Кіраўнік дзяржавы пажадаў юбіляру моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.



СЯЛЯНСКІЯ падворкі падобнай на хутар валожынскай вёсачкі Канюшэўшчына выцягнуліся ўздоўж схаванага за пагоркамі доўгага яра, за якім відаць крыжы Пяршайскага касцёла прасвятога Юрыя і Маці Боскай, пабудаванага ў часы ўладарання навакольнымі мясцінамі графа Міхаіла Тышкевіча. Сярод прыгонных вызначаліся працавітасцю Сцяпан, Іван і Дамінік Кебічы. У спадчыну дастаўся зямельны надзел нашчадку Дамініка — каталіку Францу Кебічу, які пасля жаніцьбы з праваслаўнай Таццянай Рыжэвіч з суседняй вёскі Цябуты пашырыў гаспадарку. Першынца Таццяна і Франц хрысцілі ў мясцовым касцёле і назвалі Вячаславам. Знешне хлопчык быў больш падобны на невысокага каржакаватага дзядулю Васіля Рыжэвіча, пад пільным вокам якога рос і спасцігаў сялянскую жыццёвую мудрасць. 

Рыхтаваў дзядуля кемлівага ўнучка і да школьнай навукі. Але вайна спыніла думкі пра школу. Вёска ўмомант апусцела. Разам з іншымі навабранцамі падаўся ў Маладзечанскі ваенкамат і Франц Кебіч. Фашысцкія войскі бамбілі ўжо навакольныя мясціны, і навабранцаў не паспелі адправіць на фронт. Яны вымушаны былі вярнуцца дамоў. У Налібоцкай пушчы, у некалькіх кіламетрах ад вёскі, пачалі фарміравацца партызанскія атрады. Часта начамі на хутар да Кебічаў завітвалі народныя мсціўцы. Гаспадары дапамагалі ім чым маглі. Пад відам змагароў з акупантамі ўрываліся на падворак і рабавалі хутаран невядомыя людзі. 

У суседніх Пяршаях размясціўся гітлераўскі гарнізон, на які народныя мсціўцы зрабілі налёт. Арганізаваў яго карачаевец Курмаль Кіпкееў, пры адступленні Чырвонай Арміі ён трапіў у палон да фашыстаў. 

Пасля разгрому азвярэлыя карнікі пагналі мясцовых жыхароў у Налібоцкую пушчу. Двум ксяндзам, што былі сярод палонных, гітлераўцы дазволілі выйсці з натоўпу. Яны ж засталіся з прыхаджанамі. У пушчы фашысты ўсіх расстралялі. 

— Сяляне перазахавалі святароў каля Пяршайскага касцёла прасвятога Юрыя і Маці Боскай, — распавядае Вячаслаў Кебіч. — Мужны Кіпкееў з партызанскай медсястрою, што стала яго жонкаю, пасля вайны вярнуліся ў Пяршаі. Курмаль Рамазанавіч многія гады быў дырэктарам сярэдняй школы. Потым з сям’ёю пераехаў на радзіму і ўзначаліў Карачаеўскі нацыянальны ўніверсітэт. Праз дзесяцігоддзі мне пашчасціла сустрэцца са сваім школьным дырэктарам. На яго доме красавалася зорачка ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Шмат цікавага пра партызанскую барацьбу пачуў ад Курмаля Рамазанавіча.


Вячаслаў КЕБІЧ з бацькамі і роднымі. (1973 год)

— Вячаслаў Францавіч, а што самі памятаеце з ваеннага ліхалецця? 

— З тых ваенных дзіцячых гадоў запалі ў сэрца жорсткія баі пры вызваленні савецкімі войскамі нашай мясцовасці. Лінія агню праходзіла праз вёску Цябуты, дзе жыў дзед Васіль Рыжэвіч. Савецкія войскі ўжо вызвалілі Валожын ад ворагаў. Мы з маці адправіліся ў Цябуты адведаць сваякоў і на падыходзе да вёскі трапілі пад бой, які ўспыхнуў паміж савецкімі войскамі і фашыстамі. Адзін з нашых салдат імгненна схапіў мяне і шпурнуў у акоп. І маці ўскочыла ва ўкрыцце. Над галовамі свісталі кулі. На вачах загінуў баец. Пераседзелі да зацішша і прабраліся да дзедавага падворка. Пасярод агарода ўбачылі незвычайнае сховішча і даведаліся, што мудры дзядуля выкапаў яму і накрыў бярвеннямі. У час бою там схаваліся сваякі. Фашысцкі танкіст заўважыў свежанасыпаную зямлю і тройчы крутануўся па ёй гусеніцамі. Бярвенні вытрымалі. 

Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Канюшэўшчыне адкрылася пачатковая школа. Атэстат сталасці за сярэднюю адукацыю і залаты медаль мне ўручаў дырэктар Курмаль Рамазанавіч Кіпкееў.

— Свой далейшы жыццёвы шлях самі вызначалі?

— Мне як медалісту раілі вучыцца ў Інстытуце замежных моў ці на журналіста. Старэйшы за мяне аднавясковец, які закончыў гідрафак Беларускага політэхнічнага інстытута, расказваў пра гэты факультэт, і я загарэўся жаданнем. Павёз дакументы. Экзамены здаваць не трэба было. Напісаў заяву, што ў выпадку адсутнасці вакансій залічыць на хімічны факультэт, дзе, як даведаўся ад сакратара прыёмнай камісіі, троечнікі атрымлівалі стыпендыю. На дапамогу бацькоў не разлічваў. У калгасе атрымлівалі ў асноўным у канцы года натуральную аплату за заробленыя працадні. 

У пачатку верасня паштальён прынёс  паведамленне. Мяне здзівіла, што залічаны на самы прэстыжны механічны факультэт. Спецыялізацыю выбраў “металарэжучыя станкі”. Вучоба давалася лёгка, і з трэцяга курса атрымліваў Сталінскую стыпендыю ў памеры 460 рублёў. 

На размеркаванні як выдатніку вучобы і грамадскаму актывісту прапанавалі варыянты працаўладкавання. Выбраў Мінскі завод аўтаматычных ліній. Давялося некалькі месяцаў чакаць, пакуль з’явілася там вакансія. Каб не губляць дарма часу, дапамагаў бацькам у вёсцы гаспадарыць: касіў траву, збіраў ураджай. 

Восенню пачаў працаваць на заводзе тэхнолагам. Прайшоў шлях да намесніка галоўнага інжынера. Узначаліў брыгаду спецыялістаў і з ёю адправіўся ў камандзіроўку на Волжскі аўтазавод. Пакуль там працавалі, маю кандыдатуру прапанавалі на пасаду дырэктара Мінскага завода імя Кірава, што падпарадкоўваўся Міністэрству станкабудавання СССР. З Тальяці мяне тэрмінова выклікалі ў Маскву і там зацвердзілі галоўным інжынерам і выконваючым абавязкі дырэктара гэтага прадпрыемства, якое на працягу 15 гадоў не спраўлялася з даведзенымі планамі па выпуску прадукцыі. Часта мяняліся кіраўнікі. 

У 35 гадоў узначаліў шасцітысячны калектыў. Пры знаёмстве са спецыялістамі са здзіўленнем заўважыў, што яны неахайна апранутыя. У час наведвання аднаго з цэхаў у начальніка спытаў, колькі яму патрэбна часу, каб прывесці сябе ў парадак. Праз дзве гадзіны перада мною стаяў іншы чалавек. Усім кіраўнікам падраздзяленняў сказаў, што такімі павінны з’яўляцца на свае працоўныя месцы. Наладжвалі культуру на вытворчасці. У цэхах пабудавалі лазні. Пасля адкрыцця першай разам з рабочымі парыўся. Падначаленым кіраўнікам забараніў пакідаць працоўныя месцы без паведамлення сакратару. Сам затрымліваўся ў службовым кабінеце да апоўначы. 

Ад дырэктара Волжскага аўтазавода пераняў вопыт штораніцы абходзіць прадпрыемства ў суправаджэнні галоўных спецыялістаў, якія занатоўвалі ўзнятыя калектывам злабадзённыя пытанні. Многія з іх вырашаліся на месцы. Цікавіўся жыццёвымі клопатамі рабочых. 

Пасля наведвання зборачнага цэху пераканаўся, што няма прычын не спраўляцца з планавымі заданнямі. За невялікі перыяд так наладзілі вытворчы працэс, што ў чатыры разы павялічылі выпуск прадукцыі без пашырэння плошчаў. Пастаянна мадэрнізавалі абсталяванне ў цэхах. 

За паспяховае выкананне планаў праз тры месяцы мяне прызначылі дырэктарам станкабудаўнічага аб’яднання імя Кірава. Няспынна вышуквалі рэзервы для больш эфектыўнай работы. У мястэчку Халопенічы Крупскага раёна пабудавалі філіял, дзе штампавалі пластмасавыя дэталі.

У вытворчых цэхах абсталявалі пакоі адпачынку, набылі халадзільнікі, чайнікі, паставілі піяніна, тэлевізар. Пасадзілі зімовы сад, дзе раслі цудоўныя лімоны і іншыя экзатычныя расліны. 

—  Затраты на стварэнне сацыяльна-бытавых умоў, пэўна, павышалі сабекошт прадукцыі?

— Яны апраўдвалі сябе эфектыўнай працай. Пра перамены на заводзе пісалі рэспубліканскія газеты, расказвалася ў перадачах тэлебачання і радыё. Прадпрыемства запланаваў наведаць кіраўнік рэспублікі Пётр Машэраў. Перад яго візітам прайшоў па цэхах і папрасіў рабочых, каб не распыляліся на дробязі, а сканцэнтравалі ўвагу на будаўніцтве жылля. Па 25 гадоў завадчане чакалі кватэр. Так людзі і зрабілі. Пётр Міронавіч з майго кабінета патэлефанаваў міністру станкабудаўнічай прамысловасці СССР і паведаміў пра вострую праблему. Пачалі ўзводзіць інтэрнат на 400 месцаў і жылы дом на 130 кватэр, які рабочыя назвалі домам Кебіча. Паспяхова вырашылі жыллёвае пытанне.

Суправаджаў высокага госця па цэхах кіраўнік рэспубліканскага Камітэта народнага кантролю Міхаіл Лагір, па загадзе якога мяне перад гэтым пакаралі штрафам за нерацыянальнае выкарыстанне сродкаў на набыццё бытавой тэхнікі ў пакоі адпачынку. А кіраўнік рэспублікі ўхваліў ініцыятыву па стварэнні ўмоў для адпачынку завадчан і прапанаваў вопыт распаўсюдзіць. На што я тут жа запярэчыў і аргументаваў, што паслядоўнікі будуць мець праблемы. Расказаў пра атрыманы штраф. Машэраў здзівіўся гэтаму і загадаў адмяніць пакаранне. 

— Вячаслаў Францавіч, акрамя завода вы яшчэ і навукай займаліся. Дзе абаранялі кандыдацкую дысертацыю?

— У маскоўскім Вышэйшым інстытуце эканомікі тры гадзіны вучоныя  засыпалі мяне пытаннямі не толькі па тэме кандыдацкай дысертацыі, прысвечанай сістэме кіравання народнай гаспадаркай СССР. Пры абвяшчэнні вынікаў пачуў, што ўсе 16 членаў камісіі станоўча ацанілі абарону. Не вытрымаў і запытаў, чаму так доўга мучылі пытаннямі.  Аказалася, цікава было слухаць мае разважанні, якія ўзбагацяць тэарэтычныя лекцыі для студэнцтва маскоўскіх вышэйшых навучальных устаноў. 

Паступіла прапанова эканамічнае даследаванне паглыбіць і выставіць на абарону доктарскай дысертацыі. Але быў вельмі заняты вытворчым працэсам... 

Пасля дырэктарства на прамысловых прадпрыемствах працаваў у Мінскім гаркаме КПБ, узначальваў аддзел цяжкай прамысловасці ў ЦК Кампартыі Беларусі, быў другім сакратаром  Мінскага абкама. Бадай што самыя плённыя і яркія сляды пакінулі гады кіраўніцтва Дзяржпланам рэспублікі. 

— Гэта быў даволі складаны перыяд для эканомікі краіны. А што ваша сэрца сагравала?

—  Тое, што адразу відавочным быў вынік прынятых рашэнняў. У надзвычай складаных умовах утрымалі беларускія прадпрыемствы ад развалу. Суткамі напружана даводзілася працаваць, каб прыняць найбольш аптымальнае рашэнне. Штарміла не толькі эканоміку, а і ўсё грамадства. За ўсё адказваў урад.

— Які перыяд вашай дзяржаўнай дзейнасці быў найбольш складаны?

— Маральна, пэўна, не толькі для мяне як кіраўніка беларускага ўрада, а для ўсіх жыхароў рэспублікі — чарнобыльская трагедыя. У першыя дні мы не мелі з Масквы аніякай інфармацыі пра маштаб катастрофы. Трэба было тэрмінова прымаць меры па арганізацыі ратавання насельніцтва. Будавалі жылыя пасёлкі, перасялялі людзей. Амаль год правёў у найбольш пацярпелых ад атамнага выбуху раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Калі ў Мінск прыехаў Міхаіл Гарбачоў, я рэзка выступіў, што кіраўніцтвам краіны мала аказваецца дапамогі нашай рэспубліцы на ліквідацыю наступстваў атамнага выбуху. І на пашыраным пасяджэнні Вярхоўнага Савета СССР аргументавана крытыкаваў Гарбачова, выказваў незадаволенасць дзейнасцю саюзных органаў улады па вырашэнні чарнобыльскіх праблем у нашай рэспубліцы. Мне прапаноўвалі працу міністра ў Маскве, але я і думкі не дапускаў пакідаць рэспубліку. Звярнуўся за падтрымкай да Мікалая Мікітавіча Слюнькова і дзякуючы яму застаўся ў Мінску. 

У той перыяд у мяне была размова з мітрапалітам Філарэтам, ён прапанаваў вярнуць вернікам будынкі, што раней належалі Праваслаўнай царкве. Спецыялісты падрыхтавалі спіс былых храмаў, якія былі закрыты і выкарыстоўваліся ў асноўным пад сховішчы. Пастановай урада вярнулі ўсе гэтыя пабудовы Праваслаўнай царкве. Ад Беларускага Экзархата маю ордэн Ефрасінні Полацкай і Данііла Маскоўскага. Каталікам таксама перадалі былыя культавыя будынкі, у тым ліку і сталічны Чырвоны касцёл. 

Абедзве хрысціянскія канфесіі мне дарагія і блізкія. Бацькі хрысцілі мяне ў касцёле, а ў сталыя гады беларускі мітрапаліт Філарэт перахрысціў у праваслаўную веру.

— Вячаслаў Францавіч, пікам вашай службовай кар’еры было кіраванне Саветам Міністраў. Ці дажылі бацькі да сынавага зеніту славы?

— Пасля абвяшчэння незалежнасці рэспублікі тайным галасаваннем мяне выбралі першым старшынёю Савета Міністраў. З радасцю павіншавала старэнькая маці. Бацька шмат працаваў на зямлі, не шкадаваў рук, і рана памёр. Як толькі ў мяне выдаваўся вольны час, ляцеў у Канюшэўшчыну да маці, з якой дзяліўся сваімі клопатамі і радасцямі. 

У часы складанай эканамічнай сітуацыі праблемы перакладаліся на ўрад, і маці пра гэта чула па радыё і тэлебачанні. Вельмі шкадавала, што мяне з усіх бакоў ганьбяць. Супакойвала як магла. Яна пражыла доўгае і годнае жыццё.

— Вы пастаянна ў працоўным віры. Як выкройвалі час на асабістыя справы?     

— Дачка Ала і сын Алег пасля школы паспяхова закончылі Інстытут народнай гаспадаркі. Радуе сэрцы адзіная наша ўнучка Елізавета Кебіч.

У сямейныя святы збіраемся раднёю ў сястры Рамуальды, якая даглядае бацькоўскую сядзібу ў Канюшэўшчыне. Няма нічога мілей у свеце за бацькоўскі парог. 

— Вячаслаў Францавіч, у свае восемдзесят гадоў вы поўныя энергіі... 

— Гэта, напэўна, таму, што я ні дня не сядзеў без працы. Пасля ўрада выбіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу двух скліканняў, уваходжу ў састаў Эканамічнага савета пры Прэм`ер-міністры. Рэгулярна атрымліваю запрашэнні на найбольш важныя мерапрыемствы, якія праводзяцца пад эгідай Прэзідэнта і стараюся ў іх удзельнічаць. Акрамя таго, кірую гандлёва-фінансавым саюзам. 

А ў вольны час звычайна бяру вуды, еду на рэчку ці возера. Рыбак не адмысловы, але шчупака на 12  кілаграмаў выцягнуў. Юшка ўдалася... 

— Няхай удалымі будуць паклёўкі і доўгім ваш век. З юбілеем вас, паважаны Вячаслаў Францавіч, віншуе калектыў “Сельской газеты”.

Уладзiмiр СУБАТ

Фота аўтара і з архіва Вячаслава Кебіча
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter