Прыватная кузня Аксаны Кірылюк у Маладзечне — вялікіх памераў памяшканне з высокімі столямі, у якім у дваццаціградусны мароз можна сагрэцца хіба што каля горна

Жалезная лэдзі

Прыватная кузня Аксаны Кірылюк у Маладзечне — вялікіх памераў памяшканне з высокімі столямі, у якім у дваццаціградусны мароз можна сагрэцца хіба што каля горна



Халодная прастора ажывае, як толькі ў ёй з’яўляецца гаспадыня: Аксана далучае кабель да мабільнага тэлефона — і ў магутных калонках, схаваных ад пылу пад поліэтыленавай плёнкай, гучыць... Шапэн.

Вось-вось у работу ўключыцца вялізны “метраном”: амаль васьмітонны пнеўматычны молат, пад цяжарам якога распаленае дачырвана жалеза фармуецца, нібы пластылін, будзе грукаць у такт вальсу вялікага кампазітара. Кожны куток кузні напоўніцца асаблівай музыкай — шумнай, індустрыяльнай і ў той жа час рамантычнай, як і сама Аксана Кірылюк. Каваль, які дэманструе, што ў гэтай цудоўнай творчай прафесіі жанчыне самае месца.

Не хочацца гаварыць, быццам Аксана развенчвае ўстояныя стэрэатыпы. Яна наогул не з тых, хто прывык нешта камусьці даказваць. Гаворыць, проста займаецца справай, якую любіць і якой гатова прысвяціць усю сябе. Сёння яна — “жалезная лэдзі”, якая спрытна арудуе молатам, садоўнік, здольны “вырасціць” з металічнага прута ружу або выкаваць галінку вінаграднай лазы.

А прыйшла яна ў кузню пасля некалькіх гадоў работы эканамістам: у яе працоўнай кніжцы ёсць запісы аб рабоце на сумесным беларуска-галандскім швейным прадпрыемстве, у аддзеле знешнеэканамічнай дзейнасці прадпрыемства “Электрамодуль”, у каледжы Белкаапсаюза.

— Аднойчы я зразумела, што не хачу пражываць жыццё, прыдуманае не мною. І ўсё адразу змяніла. Цяпер з захапленнем раблю сваю працу, разумееце? Гэта ж не проста спосаб зарабіць грошы. Я атрымліваю задавальненне ад пражывання моманту, ад судотыку са стыхіямі — агнём, металам.

Аксана чыркае запалкай — і ў горне ўспыхвае полымя. Да музыкі кузні дадаецца яшчэ адна партыя — шум паддувала. Мы ўдыхаем пах дыму, Аксана тым часам падкідае вугалю.

— Заўсёды можна перавучыцца. Я часта чула пра сябе: раз магу займацца любімай справай, значыць, у мяне муж — алігарх. Не! Усё сваімі сіламі. Проста да перамен у жыцці трэба падрыхтавацца: адклаў суму, якой табе хопіць на паўгода, і ўсё, спыняй займацца нецікавым, вучыся чаму-небудзь новаму. І наогул не варта доўга думаць: роздум дзеля неабдуманасці — пройдзены этап. Перамога любіць падрыхтоўку. Рабіце план. Я ўсё фіксую на паперы. А потым імкнуся па пунктах пазбаўляцца ад лішняга.

Аксана бярэ ў рукі абцугі, заціскае імі кавалак жалеза — і вось ужо языкі полымя танцуюць вакол металу, распаляючы яго дачырвана. Каваль уключае молат і кладзе распалены кавалак жалеза паміж байкамі. Цяпер саліруе вялізны гулкі механізм: адной нагой Аксана націскае на педаль, і молат адрывістым стаката б’е па дэталі. Удар, яшчэ ўдар — з жалеза каваль фарміруе тонкі пялёстак. Пакуль гэта толькі нарыхтоўка, над ёй яшчэ давядзецца папрацаваць уручную. Але і такія невялікія пялёсткі калегі Аксаны робяць на “сямідзясятках” — меншых молатах. “Памочнік” Аксаны больш як у два разы цяжэйшы.


— Сур’ёзная штука, на ім ідзе 80 працэнтаў работы. Існуе меркаванне, што чым цяжэйшы молат, тым менш дробнай работы можна на ім рабіць. Не. Калі ты разумееш, як ён уладкаваны, і калі механізм добра адрэгуляваны — можна выконваць практычна ювелірную работу. Тут сіла ўдару канкрэтная, але я прылаўчылася. Наогул, калі пачынала працаваць, хадзіла па лязе нажа. Мужчыны, у якіх вучылася, неяк не акцэнтавалі ўвагу на тэхніцы бяспекі. А мне ў галаву не прыходзіла, што можа быць форс-мажорная сітуацыя! У выніку ўсё зведала на сабе: здаралася, і валасы дрыллю вырывала. Але цяпер, вядома, ёсць досвед і спрыт. У адрозненне ад многіх калег-кавалёў я аддаю перавагу працы з кілаграмовым або 800-грамовым малатком. Мужчыны часта фарсіруюць сілай: яны працуюць вялікімі малаткамі па два з паловай кілаграмы, пры гэтым даволі дрэнна праграваюць жалеза. Я ж імкнуся яго добра распаліць — і яно паддаецца. Паспрабуеце?

Аксана працягвае жалезны прут. Яе энтузіязм заразлівы: нядоўга думаючы, бяру ў рукі арматуру і ператвараюся ў чалядніка. Сачу за кожным рухам настаўніцы: спачатку распаліць прут. Потым двайнымі ўдарамі малатка крыху выцягнуць і завастрыць яго. А затым сагнуць так, каб жалезнае сцябло паўтарыла форму жывой расліны.

— Бярыце вось гэты, з жоўтымі палоскамі — самы эфектыўны мой інструмент, — паказвае майстар на невялікі старэнькі малаток. — Я не замарочваюся знешнім выглядам прылад, магу каваць каменем на камені. Мне ўсё роўна, з дапамогай чаго будзе выканана задума: мастак можа напісаць карціну акварэллю, вугалем, гуашшу... Галоўнае — вынік. Разагрэйце-ка яшчэ вось гэтую частку, бачыце, з’явіўся невялікі залом, але ён знікне, калі ўдары наносіць вось сюды.

І сапраўды, прут паддаецца, і пад малатком нараджаецца невялікі сімпатычны завіток. Вось яна, жалезная казка! Аказваецца, коўка — неверагодна займальны занятак!

— Вынік — гэта толькі маленькая частка. Працэс павінен прыносіць задавальненне, — разважае Аксана. — Гэта заўсёды пазнанне, судотык, дарога, шлях. Гэта, па сутнасці, прыгоды. Разумееце? Я хачу стварыць парк скульптур. На выручаныя грошы пабудавала б прытулак для коней. Магчымы нават такі абмен: я раблю парк, а нехта прытулак. Туды можна будзе прыйсці і пагутарыць з коньмі. Зразумець, наколькі коні разумныя. Менавіта яны некалі прывялі мяне ў кузню. Я 15 гадоў назад выратавала цяжарную кабылу, якую павінны былі адправіць на мясакамбінат. Арандавала для яе стайню. Разгружала сена, чысціла стойла. Памяшканні пад стайні часта даводзілася рамантаваць. Бывала, патрэбны быў зваршчык — я вырашыла асвоіць і гэтую няпростую справу. А калі прыйшла на практыку ў чыгуначнае дэпо і зайшла ў кузню — зразумела, што гэта маё. Сапраўднае. І з гэтым ужо ніколі не расстануся!


ДАРЭЧЫ


А ці ёсць яшчэ дзяўчаты-кавалі?

Пры цяперашніх кавальскіх тэхналогіях “мастаку па метале” ўжо не патрэбны мускулы, тым не менш жанчына-каваль — вялікая рэд­касць. У Туле працуе каля горна і кавадла 37-гадовая Наталля Забеліна, якая куе ў прамым сэнсе зброю для мужчын. А ў Каралёве вельмі знакамітая Маша Архангельская, якая з 16 гадоў удзельнічае ў выставах кавалёў-збройнікаў, што праходзяць двойчы на год у Маскве. Адзінай жанчынай-кавалём у Сібіры называюць Ганну Мяльгізіну, яна, дарэчы, узначальвае некамерцыйную арганізацыю мастакоў-кавалёў Алтайскага краю.

Іна Кабышава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter