
Штогод у службу занятасці краіны звяртаюцца каля 200 000 чалавек. У гэтым годзе за дапамогай у дзяржаўныя цэнтры прыйшлі больш за 140 000, з іх садзейнічанне у працаўладкаванні атрымалі больш за 100 000.
Колькасць вакансій у краіне расце, адзначаюць спецыялісты, як і попыт на працоўную сілу. На працягу года каля 80 000 вольных працоўных месцаў штодня прапаноўвае агульнарэспубліканскі банк вакансій. Дарэчы, сайт сталі наведваць часцей. Пошук працы праз інтэрнэт становіцца ўсё больш папулярным сярод суіскальнікаў.

Менш за ўсё афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных у Мінску. А сярод абласцей самы нізкі ўзровень беспрацоўя на Міншчыне. Як адзначыла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Наталля Ігнатовіч, узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў прысталічным рэгіёне сёння складае ўсяго 0,2 працэнта. Для параўнання: сярэдні паказчык па краіне — 0,3 працэнта. Сітуацыя на рынку працы характарызуецца павелічэннем колькасці працоўных месцаў. На аднаго беспрацоўнага прыходзіцца ўмоўна 12 вакансій. Годам раней было ўдвая менш.
Адзін з зарэкамендаваўшых сябе варыянтаў вырашэння праблемы пошуку працы на Міншчыне — перасяленне з мэтай працаўладкавання.
— Службы занятасці праводзяць працу з наймальнікамі ў іншым раёне, — расказала Наталля Ігнатовіч. — Заключаецца трохбаковы дагавор, і беспрацоўны разам з членамі сваёй сям’і, у тым ліку дзецьмі, пераязджае ў іншы раён, дзе яму прадастаўляюць жыллё (інтэрнат, кватэру ці дом). Толькі сёлета змянілі месца працы разам з месцам жыхарства 35 чалавек.
На Міншчыне ў гэтым годзе, як адзначыла прадстаўнік Мінаблвыканкама, запланавана стварыць каля 7000 працоўных месцаў, у тым ліку высокатэхналагічных. Ужо актыўна прапаноўваюць такія вакансіі наймальнікі ў Смалявіцкім і Барысаўскім раёнах.
kozlovskaya@sb.by