Як адзначалі заканчэнне Вялікай Айчыннай вайны ў 1945 годзе

Жаданы дзень

Як адзначалі заканчэнне Вялікай Айчыннай вайны ў 1945 годзе


8 мая 1945 года паводле берлінскага, 9 мая паводле маскоўскага часу нямецкае кіраўніцтва падпісала акт аб капітуляцыі Германіі. Такім чынам была скончала Вялікая Айчынная вайна. Пра гэтую падзею ў Беларусі даведаліся адразу. Як гэта было, што адчувалі людзі ў свята перамогі міру, мы можам даведацца сёння, зазірнуўшы ў архіўныя дакументы. Старыя пажоўклыя паперы часам гавораць сухой мовай, але пры гэтым дакладна перадаюць атмасферу свайго часу.


“Чуткі пра тое, што войскі фашысцкай Германіі капітулявалі перад Чырвонай Арміяй, а таксама перад войскамі нашых саюзнікаў, пачалі распаўсюджвацца яшчэ 8 мая. Вялікія групы людзей збіраліся на вуліцах пры радыёпрадуктарах, чакаючы радасна паведамлення аб канчатковай перамозе над фашысцкай Германіяй, — пісаў 70 год таму адзін з кіраўнікоў Мінска А. Д. Малочка. — Калі 9 мая радыё перадало радасную вестку пра Перамогу, вуліцы горада ажылі. Нават незнаёмыя людзі віншавалі адно аднаго з Перамогай, цалаваліся, шмат хто плакаў ад радасці”.

Ужо а 10-й гадзіне раніцы людзі са сцягамі, лозунгамі і транспарантамі пад гукі аркестраў, баянаў, гармонікаў прыйшлі на галоўны пляц Мінска — плошчу Леніна. 55 тысяч чалавек сабралася, паводле архіўных крыніц, на святочны мітынг. А гэта ледзь не палова тагачаснага насельніцтва горада. Тыя, хто не трапіў на ўрачыстасць у цэнтры горада, даведваліся пра Перамогу з лістовак, якія расклейваліся на дамах: “З 8 гадзін раніцы ў горадзе пачалі расклейваць улёткі, дзе быў надрукаваны акт аб капітуляцыі германскіх узброеных сілаў. Хатняя гаспадыня з Рэвалюцыйнай вуліцы Міхалевіч, прачытаўшы ўлётку, сказала: “Цяпер я веру, што вайна скончылася”.


Свята расцякалася па ўсіх раёнах горада. Днём і ўвечары на плошчы Свабоды, у парку імя Горкага гралі аркестры, ладзіліся танцы. Дакумент таго часу лаканічна паведамляе: “Свята Перамогі 9 мая 1945 года прайшло як дзень усеагульнай урачыстасці і весялосці працоўных горада Мінска”.

Каб уявіць, як выглядаў тады горад, неабавязкова шукаць старыя здымкі або напружваць уяўленне. З той пары захаваліся будынкі, антураж, якія дазваляюць лёгка перанесціся на 70 год назад. Тагачасная плошча Леніна — цяпер гэта плошча Незалежнасці, праўда, тады яна была не такая вялікая, як сёння, ахопліваючы толькі тэрыторыю перад Домам Урада. Парк імя Горкага, плошча Свабоды, вуліца Рэвалюцыйная захаваліся да нашых дзён у амаль нязмененым выглядзе.


Незвычайным учынкам здзівілі мінчан супрацоўнікі Акадэміі навук. “У Дзень Перамогі, калі была абвешчана капітуляцыя Германіі, яны пасадзілі прысады — пад 800 дрэў”, — расказвае архіўны дакумент. Вестка пра гэту справу дайшла да тагачаснага кіраўніка ўрада Беларусі Панцеляймона Панамарэнкі, які сказаў: “Які высакародны акт!”

Дарэчы, у маі на запрашэнне Панамарэнкі ў Мінск прыехаў з Ленінграда архітэктар Іосіф Лангбард. Гэты дойлід збудаваў значныя архітэктурныя комплексы сталіцы Беларусі да вайны: Дом Урада, Дом Чырвонай Арміі (цяпер Акруговы дом афіцэраў), Оперны тэатр, Акадэмію навук. Будынкі ацалелі ў час акупацыі. Іх архітэктару ў Мінску была прапанавана пасада творчага кіраўніка архітэктурна-планіровачнай майстэрні пры ўрадзе. Сапраўды ганаровая місія выпала Лангбарду — аднаўляць горад, які ён будаваў. І ўсё, што ён стварыў да вайны, было беражліва адрамантавана і дагэтуль аздабляе Мінск. Гэтыя шэдэўры архітэктуры — яшчэ і сімвалы трываласці горада і яго жыхароў, сапраўднай перамогі міру над вайной, жыцця над смерцю, стваральнай сілы над разбуральнай.


Сустрэўшы Дзень Перамогі, Беларусь пачала рыхтавацца яшчэ да адной важнай даты — першай гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкай акупацыі. Цяпер гэтая дата — дзяржаўнае свята: Дзень Незалежнасці. У маі 1945 года была прынята пастанова “дзень 3 ліпеня — гадавіну вызвалення сталіцы Беларусі — горада Мінска — правесці як усенароднае нацыянальнае Свята Перамогі і вызвалення беларускага народа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Ува ўсіх гарадах адбыліся мітынгі, канцэрты. У Мінску яшчэ 1 ліпеня ў парку імя Горкага правялі фізкультурнае свята. Да 3 ліпеня адкрылася выстава работ беларускіх мастакоў, якая вярнулася з маскоўскай Траццякоўскай галерэі. У акруговым Доме Чырвонай Арміі адбылося ўрачыстае паседжанне Мінскага гарсавета. Пасол СССР у ЗША, ураджэнец Беларусі Андрэй Грамыка даслаў на адрас кіраўніцтва Беларусі тэлеграму, у якой гаварылася: “Разам з беларускім народам адчуваю яго радасць пазбаўлення ад жахаў нямецкай акупацыі і вяртання да мірных дзён шчаслівай стваральнай працы”. Вітанне са святам даслаў міністр замежных спраў Аўстраліі Герберт Эват: “Ад імя Аўстраліі і аўстралійскага народа віншую вялікую Беларускую Рэспубліку з гадавінай вызвалення ад фашысцкіх ордаў. Шчыра жадаю Рэспубліцы і ўсяму народу вялікага свята 3 ліпеня. Веру, што нашы краіны ў будучыні будуць шчыльна злучаны”.


Беларусь уступала ў новую эпоху — міру і стваральнай працы, што доўжыцца і па сёння.

9 мая 1946 года беларусы адзначылі першую гадавіну Вялікай Перамогі. Упершыню пасля вайны жыхары Мінска ўба­чылі сапраўдны салют. А палове адзінаццатай вечара руіны, якія яшчэ заставаліся вакол плошчы Свабоды, асвяціліся ўсімі колерамі вясёлкі. Як гэта было, расказаў мне Пётр Ганчароў, які 69 год таму працаваў загадчыкам аддзела партызанскага руху Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тады музей знаходзіўся ў трохпавярховым Доме прафсаюзаў, які захаваўся да нашых дзён. Менавіта ў гэтай камяніцы знаходзіўся камандны пункт для запуску салюту.

— На дахі суседніх будынкаў правялі тэлефонныя драты, і салдаты па камандзе дружна стрэлілі з ракетніц. Мы толькі пачулі: “Падрыхтавацца!..” — і на імгненне замружыліся. Зялёныя, чырвоныя змейкі паляцелі ў неба! А праз нейкія секунды зноў зайграў аркестр, — прыгадвае Пётр Ганчароў.


Традыцыя адзначаць 9 Мая і 3 Ліпеня працягваецца сёння. Бо мір — найдаражэйшае, што можа быць у чалавека.

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter