Жаданніца з пасагам пераязджала ў хату мужа

БАБУЛЬКА Хекса з доўгім і ў бародаўкі носам вісіць на маёй кухні пяць гадоў. Яе я прывезла з Люксембурга. Хекса здаўна там лічыцца абярэгам, які захоўвае сямейны ачаг. Абышлася бабулька мне, памятаю як зараз, у 15 еўра. Побач з Хексай нядаўна з’явіўся беларускі абярэг — Спірыдон Сонцаварот. Гэта мужчынская лялька, у яе руках — кола. Спірыдона дараць галаве сям’і ці кіраўніку. Беларусы здаўна лічылі, што колам мужчына павінен умела абыходзіць складанасці ў жыцці, а Спірыдон яму ў гэтым спрыяе.

Чым прыкмецен Музей беларускай лялькі ў рагачоўскай вёсцы Стрэнькі

БАБУЛЬКА Хекса з доўгім і ў бародаўкі носам вісіць на маёй кухні пяць гадоў. Яе я прывезла з Люксембурга. Хекса здаўна там лічыцца абярэгам, які захоўвае сямейны ачаг. Абышлася бабулька мне, памятаю як зараз, у 15 еўра. Побач з Хексай нядаўна з’явіўся беларускі абярэг — Спірыдон Сонцаварот. Гэта мужчынская лялька, у яе руках — кола. Спірыдона дараць галаве сям’і ці кіраўніку. Беларусы здаўна лічылі, што колам мужчына павінен умела абыходзіць складанасці ў жыцці, а Спірыдон яму ў гэтым спрыяе.

СПІРЫДОНА я прывезла з вёскі Стрэнькі Рагачоўскага раёна для мужа. Каштуе лялька… не, не 15 еўра, а 30 тысяч рублёў. Праўда, мне яе падарылі. Экамузей беларускай лялькі ў вёсцы Стрэнькі — адзіны ў сваім родзе ў Беларусі. З’явіўся ўсяго тры гады таму, але сотні беларускіх лялек ужо раз’ехаліся па дамах і саміх беларусаў, і іншаземцаў — немцаў, італьянцаў, аўстрыйцаў, літоўцаў, японцаў, ізраільцян, рускіх. Сёння беларускіх «барбі» можна купіць у саміх Стрэньках і Гомелі. Аднак у продажы яны з’явяцца і ў чэшскім горадзе Прахаціцэ, і ў італьянскім Лукка — гарадах-пабрацімах Рагачова.

— У беларусаў было некалькі соцен лялек на ўсе выпадкі жыцця. Мы вывучалі і выраблялі толькі добрыя — так хочацца пераймаць пазітыўны вопыт продкаў. Спрадвеку лялькі не мелі твараў. Чаму? Лічылася: няма твару — няма душы, і толькі так яны засцерагаюць свайго гаспадара, — расказвае майстар-метадыст Стрэнькаўскага раённага цэнтра рамёстваў Вольга Ткачова. — Дзіцяці да чатырох гадоў дазвалялася гуляць толькі з цёплай лялькай, каб малое не застудзіла душу. Яе выраблялі выключна з натуральных тканін — ільна, мешкавіны, саломы. Мы імкнемся як мага больш наблізіцца да тэхналогіі, якой карысталіся нашы продкі ў вырабе лялек. Самі нарыхтоўваем увесь неабходны матэрыял.

У сем’ях беларусаў здаўна было шмат лялек. Адны аберагалі дамачадцаў, другія навучалі дзетак, трэція лячылі, а з чацвёртымі дзеткі проста забаўляліся. Напрыклад, абярэжныя лялькі выраблялі без адзінай іголачкі і нажніц, яны адвадзілі ад сям’і сурокі і чары. Ва ўбранні абярэжных лялек адзін край рабілі роўным, другі — з махрой. Гэта сімвалізавала ўпарадкаванасць Сусвету і хаос у яднанні.

ВОСЕННЮ ў хаце, як правіла, з’яўляліся лялькі Зернавушка ці Крупенечка. Самы першы на Зажынках і апошні на Дажынках снапы збіралі разам і асвячалі ў царкве. А калі прыносілі дадому, насыпалі зерне ці крупы ў мяшочкі і рабілі з іх лялькі. Лялька-бочачка захоўвала ў сабе зернечка ўсю зіму. Яе давалі пагуляць дзецям, каб зерне ці крупа назапасілі жыццёвую энергію. А ўвесну, калі пачыналі сеяць, стараліся кінуць у глебу хоць колькі зярнятак з лялькі. Тады будуць добрыя ўсходы.

Калі ў маладой пары доўга не было дзяцей, то ім дарылі такую ляльку. Маладажоны давалі Зернавушку ці Крупенечку пагуляць дзецям, а пасля вярталі сабе. Лічылася, што, вяртаючыся ў хату, лялька прыносіла патомства.

Калі сяляне зімой хадзілі па хатах калядаваць, то гаспадарам дарылі ляльку Каляду. Гэта зімовая лялька вельмі падобная да анёла. Калі ў хаце не вадзілася дзяцей, да ручак Каляды прывязвалі мяшочак з зярняткамі. Гэта сімвалізавала пладавітасць.

22 сакавіка беларусы святкавалі Саракі. У гэты дзень гаспадыні пяклі пірог і ўпрыгожвалі яго птушкамі. А дзеці каталіся на арэлях. Хто вышэй за ўсіх гойдаецца на Саракі, той першым убачыць птушак, што ляцяць на радзіму з выраю. І для гэтых дзетак год будзе шчаслівым. Аднак незаўжды на Саракі было цяпло і прыляталі птушкі, таму дарослыя рабілі саламяных сарок для малых. Дзеткі падкідвалі ўгору сваіх птушанят і глядзелі: на каго птушка ўпадзе, таму ўсміхнецца ўдача.

У МНОГІХ славянскіх народаў была веснавая лялька — хлопчык з дзяўчынкай трымаюцца за рукі — Марціначкі. На Украіне іх называлі Марцішоры. Хлопчык і дзяўчынка трымаліся за рукі, сімвалізуючы сяброўства, Луну і Сонца, ляльку выконвалі ў двух колерах — чырвоным і белым. Чырвоны сімвалізаваў сонца, белы — зіму і чысціню. Такія лялькі ранняй вясной вешалі на дрэва і загадвалі жаданне. Вецер калыхаў салодкую парачку, зазываў вясну і здзяйсняў загаданае жаданне. Калі малады хлопец дарыў Марціначку дзяўчыне, то гэтым намякаў на тое, што хоча з ёй сустракацца.

— У дзяцінстве мы рабілі Марціначак у школе на класнай гадзіне. Іх вешалі на камсамольскія значкі і насілі амаль месяц. А 1 красавіка, якраз у першы дзень пасля канікулаў, усе дзеці як адзін спазняліся на першы ўрок. Бо менавіта тады трэба было павесіць Марціначку на дрэва і загадаць жаданне. Сваёй жыццёвай энергіяй лялька дапамагала дрэву ажыць і даць добры ўраджай. Калі стала дарослай, прыкмеціла вось што: дрэва, дзе мы вешалі сваіх Марцінак, з году ў год давала самы багаты ўраджай, — дзеліцца ўспамінамі Вольга Ткачова.

Летам у сялян работы хоць адбаўляй. З дзеткамі займацца не было калі, вось бацькі і прыдумалі ляльку Пакосніцу, каб заняць малое. Лялька робіцца вельмі проста — пучок травы скручвалі накшталт лялькі. І дзіцятка з ёй гулялася, выцягвала траўку з яе.

— Ляльку Сухавею ўспаміналі, калі год быў няшчодры на дождж. Гаспадыні ў сямі дварах дамаўляліся, збіраліся і рабілі такую ляльку, ставілі яе на агародзе і падвешвалі да Сухавеі ручнічкі, вымачаныя ў расе на Івана Купалу, альбо маленькія вядзерцы. Калі на працягу сямі дзён дажджу не было, то на восьмы ён абавязкова ішоў.

— Я і сама ў 2010 годзе праводзіла невялічкі эксперымент. Лета было занадта засушлівае, і тады зрабіла Сухавею і паставіла ў агарод. Некалькі дзён падвешвала ручнічкі. Што вы думаеце — дождж пайшоў! — расказвае Вольга Ткачова.

Беларускія дзяўчынкі вельмі любілі гуляць з лялькай Зязюляй. Сяброўкі дарылі адна адной такія лялькі на памяць, і калі сяброўства было трывалае, то пасля дзяўчаткі хрысцілі дзяцей адна другой. На свята Зялёная трава — яго мала хто з сучасных беларусаў ведае — сяброўкі рабілі Зязюлек, сакрэтнічалі і давалі абяцанне: з’явяцца дзеткі — яны немаўлят ніколі не пакінуць. Пасля такога абяцання Зязюлю закопвалі ў зямлю.

ВА ЎЗРОСЦЕ чатырох гадоў бабуля вучыла ўнучка ці ўнучку рабіць ляльку Адарак на падарак. Гэта была першая лялька ў жыцці дзіцяткі, якую малы чалавечак рабіў сваімі рукамі. А называлася яна Адарак на падарак таму, што дзіця дарыла яе чалавеку ў якасці ўдзячнасці за падарунак, за ласкавае слова альбо таму, хто малому проста спадабаўся. Так нашы продкі вучылі малых удзячнасці.

Маці ці бабуля, а можа, і старэйшая сястра 7—8-гадовай дзяўчынцы рабілі Кашу. Гэта была лялька-мерка, падобная на мяшочак — яе перавязвалі чырвонымі ніткамі ў асаблівых месцах, каторыя былі для будучай гаспадынькі мернымі рыскамі. Лялька Каша рабілася пад чыгунок, дзе звычайна маці варыла кашу, каб дачушка сама навучылася яе ў печы гатаваць. Малая ставіла ляльку каля чыгунка і прыгаворвала: «Крупы насыпай па калена, вады налівай па пояс, а кашы атрымаеш па горлачка».

А яшчэ ў беларусаў была лялька-трансформер, звалі яе Дзеўка-Баба. Яна развівала дзіцячую фантазію і была надзелена філасофскім зместам: не паспееш азірнуцца, як жыццё прабяжыць і з маладухі ператворышся ў бабу. Лялька была на два бакі: з аднаго — дзеўка, а вывернеш — баба.

У ЛЯЛЬКУ Навыхвалку маладая дзяўчына ўкладвала ўсю душу і ўсё сваё ўменне. Сама вышывала кашулю, ткала паясок. Сваіх Навыхвалак дзяўчаты надзявалі на руку і хадзілі па вёсцы, пасля прагулкі ставілі на акенца ў хаце. Такая лялька ў акне азначала, што да дзеўкі можна засылаць сватоў. А пра тое, якая майстрыха ў хаце, яны меркавалі па сукенцы Навыхвалкі.

У Беларусі была даўняя традыцыя: падчас вяселля маці нявесты клала дочцы на калені асаблівую ляльку, што павінна была разбудзіць мацярынскія пачуцці. Калі маладуха станавілася цяжарнай, не пазней за два тыдні да родаў жанчына сваімі рукамі рабіла маленечкую ляльку Пелянашку і клала яе ў дзіцячую калыску. Тая грэла месца для будучага немаўляткі. І калі дзіцятка нараджалася, Пелянашка, лічылася, адводзіла паганае вока, нячысцікаў ад малога. Калі радня прыходзіла ў хату ў водведкі, маці закладвала ляльку-абярэг у хустачку да дзіцяці. Госці з пажаданнямі і падарункамі звярталіся не да немаўляткі, а да Пелянашкі.

У беларусаў таксама былі самаробныя бразготкі. Пасля таго, як дзіцятка хрысцілі, у люльку падвешвалі яркія бразготкі, да якіх немаўлятка цягнулася ручкамі. Колькасць лялечак у бразготках абавязкова павінна быць лікам няцотным, праўда, старажытныя бразготкі не шумелі, як сучасныя.

Лялькі ў беларусаў былі не проста цацкамі, яны лячылі, дапамагалі ў дарозе і нават служылі араматызатарам у хаце. Лялька Саламянка (яе так называлі, бо рабілі з саломы) забірала ў чалавека хваробу. Хворы мыўся з ёй у адной пасудзіне і прасіў, каб лялька забрала яго хваробу сабе. Пасля гэтага ён закапваў Саламянку ў зямлю ў вільготнае месца. Лічылася, як толькі лялька распадзецца ў глебе, хвароба пакіне чалавека. Берасцянку выраблялі з бяросты, матэрыял больш трывалы, чым салома. Ён распадаўся ў глебе даўжэй, і таму лічылася, лялька ставіла на ногі цяжка хворых.

Дзяўчынкі ці маладыя дзяўчаты рабілі сабе ляльку Жаданніцу. Гэтая лялька была выключна с натуральных тканін. Дзяўчынка, каб задобрыць ляльку, прышывала да яе сукенкі прыгожы банцік ці гузік і прыгаворвала: «Паглядзі, якая ты прыгажуня, за гэта выканай маё жаданне». І загадвала што-небудзь патаемнае. Пасля таго, як першае жаданне загадана, ляльку нікому не паказвалі. З ёй размаўлялі як з сяброўкай. А калі дзяўчына выходзіла замуж, то яе Жаданніца з пасагам пераязджала ў хату мужа.

НА РАГАЧОЎШЧЫНЕ зусім нядаўна ажыў стары беларускі абрад. Маладыя на сваім вяселлі разам робяць лялькі Неразлучнікі. У дзвюх маленькіх лялечак на дваіх адна доўгая рука — гэта сімвалізуе адзінасць мужа і жонкі. Калі ў сям’і з’яўляецца дзіцятка, паміж Неразлучнікамі на агульную руку завязваецца чырвоная нітка. А з’яўляецца яшчэ адно — завязваецца другая. Дзеткі паміж Неразлучнікамі, бацькі нібыта засцерагаюць іх. Неразлучнікаў падвешвалі над дзвярыма каля ўваходу ў хату. Прыходзіў які чужынец з зайздрасцю, дурнымі думкамі — увесь негатыў Неразлучнікі бралі на сябе.

Ёлачка — так называлі беларускую ляльку-араматызатар. Яе дарылі на вяселлі маладым, нявеста клала Ёлачку ў куфар з пасагам. Ляльку рабілі з кавалачка смалянога дрэва, і таму свежы лясны водар доўга трымаўся ў скрыні. У Расіі таксама ёсць падобная лялька, толькі называлі яе Захавальніца пасагу. Яшчэ нявесце на вяселлі маглі падарыць ляльку Дзесяціручку — у яе пяць пар рук. Лічылася, што і маладая жонка, каб угадзіць мужу, павінна быць спрытнай і рабіць работу за пяцярых.

Спадарожніца спрадвеку лічылася лялькай спадарожніка, яна спрыяла шчасліваму шляху. Лялька ў руках па традыцыі трымае вузялок з зернем, каб вандроўнік не збіўся з дарогі.

ДАРЭЧЫ, Экамузей беларускай лялькі ў Стрэньках Рагачоўскага раёна адчыніў дзверы 26 верасня 2010 года. Адкрыўся дзякуючы перамозе праекта ў конкурсе ПРААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні». Распрацоўвала яго канцэпцыю работнік аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама Ірына Седлер. Фінансаваўся праект Еўрасаюзам і Праграмамі развіцця ААН.

— Людзей сёння турбуе нямала праблем: і здароўе, і працяг роду, і экалогія духу. Чалавек — натура эмацыянальная, ён лёгка рэагуе на рэчы, каторыя нясуць энергетычны зарад. І традыцыя вырабляць беларускую ляльку, якая б аберагала, лячыла, вучыла, вельмі ўдала лягла на нашы праблемныя месцы, — гаворыць Ірына Седлер.

Наталля СЕРГУЦ, «БН»

Фота аўтара


 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter