Жаўранкавы дзень паштовай сувязi

У хоры вясновых святаў звонкім жаўруком гучыць Дзень работнiкаў радыё, тэлебачання i сувязi. Сярод iншых заслужана прымаюць вiншаваннi паштавiкi, мацуючы i ўдасканальваючы сваю “лiнiю” сувязi, без якой не абысцiся нi ў горадзе, нi ў вёсцы. Бо гэтая лiнiя “пракладзена” не толькi з дапамогай найноўшых сродкаў, але i ўвагi, павагi i дабрынi вялiкай паштовай армii. Пошта жыла, жыве i жыць будзе — аднадушна лiчаць яе супрацоўнiкi.

— Не проста жыць, а крочыць у нагу з часам, абапiраючыся на традыцыi i вопыт, — удакладняе генеральны дырэктар РУП “Белпошта” Аляксандра Чарняк, якая напярэдаднi свята расказала пра перавагi, новаўвядзеннi i планы развiцця прадпрыемства.
Пошта iснуе для клiента, а не клiент для пошты — не чарговы паперны пастулат, а кiраўнiцтва да дзеяння, з якiм тут звяраюць кожны крок. А клiенты беларускай пошты з году ў год становяцца ўсё больш патрабавальнымi. I ў горадзе, i ў вёсцы яны чакаюць сучаснага якаснага абслугоўвання. I атрымлiваюць яго.
Беларусы ацанiлi прынцып “аднаго акна”, калi ў любым аддзяленнi паштовай сувязi на адным рабочым месцы ў аднаго аператара можна разлiчыцца за камунальныя паслугi, карыстанне тэлефонам, атрымаць пенсiю цi пасылку, адправiць грашовы перавод цi пiсьмо, аформiць падпiску. Абедзвюма свабоднымi ад мноства паперак рукамi насельнiцтва галасуе за прыём плацяжоў па адзiнаму асабоваму рахунку. Да таго ж эканомiцца не толькi час, але i з’явiлiся дадатковыя выгоды — выбар канкрэтнай паслугi, частковая аплата, авансаванне. Дарэчы, хутка па адзiнаму асабоваму рахунку можна будзе разлiчвацца праз Iнтэрнэт. Прывычнымi сталi iнфакiёскi, дзе ўладальнiкi пластыкавых картак самастойна вядуць аплату. У першым квартале гэтага года ва ўсiх аўтаматызаваных аддзяленнях паштовай сувязi арганiзаваны прыём плацяжоў у кошт пагашэння крэдытаў, выдадзеных Белросбанкам i Прiорбанкам. Прымаюцца таксама грошы ад насельнiцтва для пералiчэння на рахункi EasyPay (хуткiя мiкраплацяжы ў Iнтэрнэце) i DELAY (сiстэма гандлю ў растэрмiноўку).
— Цяпер “Белпошта” прапаноўвае такi шырокi спектр паслуг, што некаторым падаецца, нiбыта яна губляе свае традыцыйныя функцыi. Цi так гэта, Аляксандра Iванаўна?
— Гэта толькi падаецца. Проста спрадвечныя функцыi набываюць сучасны выгляд, паглыбляюцца. Людзi ж па-ранейшаму шлюць шмат пiсьмаў, паштовак, пасылак, а пошта iх дастаўляе, прытым аператыўна, адсочвае iх шлях. Паглядзiце, якiя маляўнiчыя беларускiя паштоўкi, разнастайныя маркi. Летась кардынальна змянiлася ўпакоўка бандэролей i пасылак. Толькi за мiнулы год мы адкрылi абмен мiжнароднымi электроннымi грашовымi пераводамi з Арменiяй, Азербайджанам, Казахстанам, Малдовай i Расiяй. Такiя пераводы цяпер можна прымаць i выплачваць лiтаральна ва ўсiх аддзяленнях паштовай сувязi.
— У вёсках, у першую чаргу ў аграгарадках, пошта пачала працаваць на гарадскiм узроўнi. Якiм жа чынам вытрымлiваецца такi ўзровень?
— 164 аграгарадкi па ўсёй краiне ўжо маюць гарадскi паштовы сэрвiс. Працоўныя месцы аснашчаны новымi тэхнiчнымi сродкамi абслугоўвання клiентаў: паштова-касавымi тэрмiналамi, камп’ютэрнымi сiстэмамi, ксераксамi, факсамi. У аддзяленнях сувязi аграгарадкоў мы аказваем максiмальную колькасць паслуг, у тым лiку банкаўскiх, доступу ў Iнтэрнэт. Мiнiстэрствам сувязi i iнфарматызацыi Рэспублiкi Беларусь прынята рашэнне абавязкова забяспечыць сельскае насельнiцтва паслугамi не менш чым двух аператараў мабiльнай сувязi. Гэтаму пытанню мы надаём пiльную ўвагу. У буйных вёсках i аграгарадках ужо адкрыты 63 дылерскiя пункты. Да лiпеня ў аграгарадках плануецца адкрыць яшчэ каля 120 пунктаў.
— Працай беларускай пошты задаволены i гараджане, i вяскоўцы. Аб гэтым сведчаць пiсьмы-падзякi, якiя пастаянна прыходзяць у рэдакцыю. Нашы чытачы адзначаюць сучасны ўзровень абслугоўвання, асаблiва выдзяляючы цеплыню, чуласць, увагу паштовых работнiкаў.
— Мы заўжды падкрэслiваем, што пры ўсёй iмклiвасцi i аўтаматызаванасцi сучаснага жыцця добрыя адносiны i ўвага да кожнага чалавека павiнны быць неад’емным атрыбутам нашай працы. I рады, што супрацоўнiкi РУП “Белпошта” вылучаюцца прафесiяналiзмам, надзейнасцю, уважлiвасцю i цеплынёй. У нас шмат цудоўных работнiкаў, праца якiх адзначана на самым высокiм узроўнi. Нядаўна медалём “За працоўныя заслугi” ўзнагароджаны дырэктар Брэсцкага фiлiяла Генадзь Цiтоў, начальнiк Лiдскага РВПС Ала Вiннiчак, аператары 15-га аддзялення сувязi г.Мiнска Людмiла Зубок i 36-га сталiчнага аддзялення Тамара Чабатар, начальнiк цэха пiсьмовай карэспандэнцыi вытворчасцi “Мiнская пошта” Бранiслава Кур’яновiч, Ганаровымi граматамi Савета Мiнiстраў Беларусi — начальнiк Астравецкага РВПС Iрына Тальчук i паштальён 24-га аддзялення паштовай сувязi г.Мiнска Валянцiна Кнiга.
Хачу выказаць шчырую ўдзячнасць усяму шматтысячнаму калектыву беларускай пошты. Са святам вас, дарагiя! Здароўя, шчасця, прыстойнага жыцця i добрага настрою.

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter