Былы старшыня Нараўлянскага райвыканкама Мікалай Маркоўскі ўзгадвае

Згуртаванасць дапамагла ўратаваць людзей

Былы старшыня Нараўлянскага райвыканкама Мікалай Маркоўскі ўсхвалявана адмотвае свой лёс назад — туды, дзе яго і землякоў накрылі чарнобыльскія хмары…


ТЭХНАГЕННАЯ аварыя на чацвёртым рэактары Чарнобыльскай АЭС стала найбольшай трагедыяй у гісторыі чалавецтва. Галоўны радыяцыйны ўдар прыйшоўся на Беларусь і асабліва на палескія мясціны, якія прылягаюць да станцыі. Нараўлянскі раённы выканаўчы камітэт у той час узначальваў Мікалай МАРКОЎСКІ, на якога выпала адказная місія аператыўнай эвакуацыі жыхароў з накрытых атамнай хмарай нараўлянскіх вёсак, ліквідацыі вытворчасці на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях.

Чатыры гады Мікалай Марцінавіч на пасадзе намесніка старшыні Дзяржкамчарнобыля БССР займаўся пытаннямі сацыяльнай абароны пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі грамадзян. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі. Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, медалём “За доблесную працу”, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Гомельскага аблвыканкама. 

АМАЛЬ тры стагоддзі таму, у часы Вялікага Княства Літоўскага, на высокім беразе невялікай рачулкі Убарць, што пачынаецца з палескіх крыніц на мяжы Украіны і Беларусі, прыкарпацкі шляхціц Маркоўскі аблюбаваў пакаты ўзгорак і абуладзіў на ім сялянскую сядзібу. Кінулася ў вочы яму прывабнае ўзбярэжжа. З сасновых бярвенняў склаў хату і гаспадарчыя пабудовы, пруткімі дубкамі абсадзіў падворак. Штовясну сталелі дрэўцы, пашыралі каржакаватыя зялёныя шаты. Свае сем’і завялі дзеці перасяленца. Былы хутар стаў вёскаю. Праз стагоддзі магутнымі вершалінамі ўпіраюцца ў неба над рачною прастораю дрэвы-веліканы. Большасць жыхароў вёскі Маркоўскае носяць прозвішчы далёкага продка. Каб не блытацца, тут па мянушках клічуць аднафамільцаў. 

Маркоўскія змагаліся з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў партызанскіх атрадах і на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Пахавальную не толькі на мужа Альбіна Францавіча, але і на старэйшага сына Паўла атрымала Ганна Маркоўская. Без нагі вярнуўся з фронту дамоў малодшы сын Язэп. Удавой стала і нявестка Адарка. Асірацелая дачушка яе Ганначка выхоўвалася ў вялікай сям’і мужавага брата Марціна Маркоўскага, дзе падрастала дзесяць дзяцей.

— Бацька першым сярод аднавяскоўцаў засвоіў трактар, а маці ўпраўлялася па хатняй гаспадарцы і ў калгасе працавала, — распавядае Мікалай Маркоўскі. — Дванаццаць дзяцей нарадзіла яна. Двое маленькімі памерлі. Выхоўваць унукаў дапамагала бабуля Ганна. Цяжкі быў пасляваенны час. Балота і пушча падтрымлівалі нас. З тонкай сасновай дранкі плялі кошыкі для збору грыбоў і ягад. На ленінградскія і кіеўскія базары вазілі сушаныя баравікі, чарніцы. За  выручаныя  грошы  набывалі адзенне і абутак, бацькі купілі першы ў вёсцы веласіпед. Па чарзе вучыліся ездзіць. Кіраваць трактарам навучыў нас бацька. 

Восенню нас збіраў на заняткі настаўнік Маркоўскай пачатковай школы Пётр Пракопавіч Цішкоўскі. Працягвалі вучобу ў Картыніцкай сямігодцы, што ў чатырох кіламетрах за ракою Убарць. Глыбіня рэчышча — амаль пяць метраў. Перапраўляліся лодкай, а зімою пешшу па лёдзе. 

Вясновым часам падталы лёд хруснуў пад нагамі — і ўмомант з галавою акунуўся ў ваду. Сябры дапамаглі выбрацца. Праваліўся ў раку і калі з бацькам цягнулі сані з сенам. Лёд не вытрымаў, і я, апынуўшыся ў вадзе, стаў крычаць. Бацька рэзка рвануў вяроўку, я ўхапіўся за сані і выбраўся на бераг. Так рака мяне хрысціла. 

— А дзе сапраўднае хрышчэнне прымалі?

— У Жытомірскім касцёле, калі мне было 12 гадоў. Разам са мною хрысцілі іншых дзяцей з нашай вёскі. У Калінкавічах на чыгуначнай станцыі ўпершыню ўбачыў цягнік. Большасць маіх аднавяскоўцаў каталіцкай веры. Маці, Альбіна Максімаўна Баранская, з апалячаных украінцаў. Бабуля Антося размаўляла пераважна па-польску. І дзед Максім з каталікоў. Яго адправілі на працоўны фронт у Чыцінскую вобласць, дзе ён прыжаніўся. Бабуля выхавала дзесяць дзяцей. Два сыны яе інваліды Вялікай Айчыннай вайны. Толькі ў старым узросце дзед Максім вярнуўся ў сваю сям’ю. У той час я ўжо вучыўся на агранома ў Лужаснянскім саўгасе-тэхнікуме.

— А чаму аж на Віцебшчыну паехалі вучыцца? 

— Старшыня калгаса імя Калініна Фядос Герман неяк убачыў, як я ў канторы пераглядаў падшыўкі “Сельской газеты”, дзе друкаваліся аб’явы навучальных устаноў. Ён разам са мною пагартаў падшыўку і знайшоў аб’яву Лужаснянскага саўгаса-тэхнікума. Параіў паступаць туды і дадаў, што пасля заканчэння вучобы чакае мяне. З уступных экзаменаў вярнуўся з выклікам на вучобу. Бацька з такой прыемнай нагоды пасадзіў мяне за стол, і ўпершыню я паспрабаваў бруснічнага віна. Пасля трэцяга курса атрымаў пасведчанне механізатара. Тэхніку я добра ведаў. Яшчэ чытаць не умеў, а ўжо кіраваў бацькавым гусенічным трактарам. Выкладчыкі бачылі, як лёгка спраўляюся з рулём, і прапанавалі працаваць. Штомесячна атрымліваў па 150 рублёў і 20 рублёў стыпендыі.


Мікалай МАРКОЎСКІ з дачкою Верай пасля дэманстрацыі 1 мая 1986 года на плошчы ў Нароўлі.


Атрымаў дыплом агранома, і адразу прызвалі на службу. У арміі прастудзіўся і захварэў. Праз паўгода камісавалі. Працаваў у Лельчыцкім раённым упраўленні сельскай гаспадаркі, а потым аграномам у сваім калгасе. Мяне выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі,  а  праз нейкі час і старшынёю  прафкама. Завочна закончыў    агранамічны   факультэт  Беларускай  дзяржаўнай    сельскагаспадарчай  акадэміі. Вырас да намесніка старшыні калгаса. Удзельнічаў у рабоце Трэцяга з’езда калгаснікаў у Мінску. Прапанавалі працу інструктара ў райкаме партыі, а ў душы марыў застацца ў гаспадарцы. Працаваў у Лельчыцах, дзе мне далі пакой у інтэрнаце, але працягваў жыць у бацькоў. Штораніцы ў райцэнтр дабіраўся на матацыкле. З сябрамі звычайна абедалі ў кафе. Аднойчы перад камандзіроўкай у аддалены куток раёна заскочылі перакусіць. Афіцыянтка заявіла, што загадчыца вытворчасці Ларыса Радзівонава просіць пачакаць. Асмеліўся і пайшоў высвятляць з Ларысай Іванаўнай: чаму абед не гатовы? Так пазнаёміўся з дзяўчынай.

Праз паўгода паехаў вучыцца ў Мінскую вышэйшую партыйную школу. Перапісваліся, па тэлефоне размаўлялі. На зімніх канікулах Ларыса вырашыла высветліць будучыню нашых адносін. Не адкладваючы надоўга, бацькам заявіў, што праз два дні жанюся. Пра гэта нявеста не ведала. Сваякі мітусліва сталі рыхтавацца да вяселля. Закончыліся мае канікулы, і на зваротным шляху ў Мінск з маладой жонкаю паехалі да яе бацькоў Радзівонавых у жыткавіцкую вёску Людзяневічы, што на другім беразе Прыпяці. Зіма выдалася лёгкая, і праз раку каля Турава хадзіў паром.

Бацькі нявесты ў пасаг прыгатавалі халадзільнік “Мінск-11”, які амаль сорак гадоў нам служыў. Пасля вучобы ў партыйнай школе вярнуўся на працу ў Лельчыцкі райкам партыі, адкуль неўзабаве мяне перавялі ў Гомельскі абкам партыі. Падрасталі дзеці Максім і Вера. 

На абноўленых землях Лельчыцкага раёна будаваўся саўгас “Братэрства”, які я марыў узначаліць, але бюро абкама партыі накіравала мяне другім сакратаром Нараўлянскага райкама партыі, дзе адпрацаваў два з паловай гады, і на пачатку 1985 года ўзначаліў райвыканкам.

— Вясною наступнага года свет узрушыла вестка пра выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Як вам, кіраўніку памежнага са станцыяй раёна, паведамілі пра гэта?

— У дзень катастрофы ніякай інфармацыі не паступіла. У суботу, 26 красавіка, разам з першым сакратаром райкама партыі і начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі былі ў Гомелі на вытворчай нарадзе. Вярнуліся дамоў і на досвітку ў нядзелю з двума сябрамі адправіліся за вёску Белая Сарока паляваць на цецерукоў. Каля вёскі Дзёрнавічы сустрэлі мазырскія рэйсавыя аўтобусы, што вярталіся назад. Не прыдалі гэтаму значэння. Дабраліся да такавішча, якое было ў дзясятку кіламетраў ад Чарнобыльскай атамнай станцыі. Дома адчуў санлівасць. У другой палове дня начальнік раённага аддзела міліцыі ўзрушаным голасам праінфармаваў, што ў Нароўлю прыехалі пятнаццаць бежанцаў з украінскага горада Прыпяць і паведамілі, што на атамнай станцыі ноччу ўзарваўся чацвёрты рэактар.

Першых бежанцаў размясцілі ў нараўлянскай гасцініцы. Афіцыйна ніякай інфармацыі пра аварыю не атрымалі. 

У  панядзелак  раніцай  у  кабінет прыйшлі прадстаўнікі раённага аддзялення сельгасхіміі і сельгастэхнікі з патрабаваннем паскорыць выдзяленне дачных участкаў непадалёку ад украінскай мяжы. Там планавалася стварэнне дачнага кааператыва, і людзі хацелі паспець засеяць зямлю. Паведаміў ім, што райвыканкам прыняў станоўчае рашэнне і назаўтра землеўпарадчык разаб’е ўчасткі. 

Раённыя службы працавалі ў штатным рэжыме. А ўвечары ў раённы штаб грамадзянскай абароны прыйшло афіцыйнае паведамленне, што адбылася аварыя на чацвёртым рэактары Чарнобыльскай атамнай станцыі. Ноччу прыбыла група прадстаўнікоў абласной службы грамадзянскай абароны і з раённай службай накіравалася ў бок атамнай станцыі. Як высветлілася, дазіметры не працавалі, бо павыцякалі батарэйкі. Толькі адзіны працуючы дазіметрычны прыбор гомельскага спецыяліста паказаў надта высокі ўзровень радыяцыйнага забруджвання, і ўся група хуценька рэціравалася ў Нароўлю. Праінфармавалі абласныя і рэспубліканскія структуры грамадзянскай абароны пра сітуацыю з радыеактыўным забруджваннем. Але ў раён каманд не паступала. Масква маўчала пра здарэнне. 

— Па тэлебачанні 1 Мая гучала ўрачыстая музыка, трансліравалася дэманстрацыя на Краснай плошчы. А ў Нароўлі як гэты дзень прайшоў?

— Правялі дэманстрацыю працоўных. Свяціла яркае сонца. Да трыццаці градусаў цяпла было. З поўдня дзьмуў цёплы ветрык. Навучэнцы трох нараўлянскіх сярэдніх школ выйшлі на дэманстрацыю. Як толькі ўрачыстасці закончыліся, у райвыканкам сталі паступаць афіцыйныя паведамленні пра эвакуацыю людзей з тэрыторый, якія прылягалі да атамнай станцыі. Прыехала шмат спецыялістаў з вобласці і рэспублікі. Адсялялі ў першую чаргу цяжарных жанчын і дзяцей. Сем’ямі вывозілі вяскоўцаў у Нароўлю.

— Куды першых перасяленцаў адпраўлялі?

— Жыхароў з прылягаючых да  атамнай  станцыі  вёсак Белая Сарока, Дзёрнавічы, Даўляды, Вуглы  раніцай  2   мая прывезлі ў Нароўлю. Пенсіянераў размясцілі ў санаторыі вёскі Шубіна Веткаўскага раёна. Сем’і з дзецьмі адпраўлялі ў піянерскія лагеры, санаторыі Нараўлянскага і суседніх Мазырскага, Калінкавіцкага, Чачэрскага, Кармянскага, Жлобінскага раёнаў. Да 9 мая ўсіх дзяцей і цяжарных жанчын эвакуіравалі. У вёсках заставаліся дарослыя мужчыны. Многія не хацелі пакідаць вёскі. Асабліва цяжка было пераконваць людзей сталага веку. Яны галасілі і прасілі іх не чапаць. Пад рукі некаторых выводзілі з дамоў і выправаджвалі да аўтамашын. Даводзілася выслухваць шмат непрыемнага. Аператыўна правялі тры этапы адсялення. Першых выселілі з дзесяцікіламетровай зоны, і вёскі закапалі. Другі этап прадугледжваў адсяленне людзей у населеныя пункты Нараўлянскага раёна. Але высветлілася, што і гэтыя мясціны забруджаныя, і наладжвалі перасяленне ў чыстыя рэгіёны рэспублікі. Да катастрофы ў Нараўлянскім раёне пражывала амаль 30 тысяч насельніцтва, а засталася трэцяя частка.

— Транспарту для адсялення людзей хапала? 

— Уся рэспубліка дапамагала. З першых дзён падключыліся армейскія фарміраванні. З эвакуацыяй жывёлы было больш складана. Каровы па некальку дзён  стаялі  нядоеныя,   у   іх перагарала малако. Для перавозкі буйной рагатай жывёлы трэба было   нарошчваць   барты на грузавіках. Дырэктар завода будаўнічых дэталей Эдуард Міцкін, начальнік райсельгастэхнікі Уладзімір Галубоўскі аператыўна наладзілі выраб бартоў. Выраблялі іх і на заводзе будматэрыялаў, дрэваапрацоўчым камбінаце і ў лясгасе. Аўтафургоны, гружаныя буйной рагатай жывёлай, адпраўлялі на Жлобінскі і Калінкавіцкі мясакамбінаты. Пасля забою тушы складзіравалі. Сабраліся тысячы тон забруджанай радыяцыяй ялавічыны на Смалявіцкім складзе дзяржаўнага рэзерву. Саставы чыгуначных рэфрыжэратараў, гружаных ялавічынай, адпраўлялі ў розныя куткі былой вялікай краіны, і там яны доўга стаялі на запасных пуцях. Не ведалі, як з гэтым мясам паступіць.

— І чым усё закончылася?

— Рэфрыжэратары вярнуліся на Гомельшчыну, і тушы закапалі ў радыялагічным магільніку за нараўлянскай вёскай Белая Сарока. 

— Мікалай Марцінавіч, як у вашым раёне афармлялі выселеным сем’ям урон?

— Дзяржаўная камісія са спецыялістаў Мінфіна і Дзяржстраху ацэньвала ўрон, і гаспадары падпісваліся пад актам і атрымлівалі кампенсацыю. 

Узніклі праблемы з вывазам сельскагаспадарчай тэхнікі. Многія машыны з-за высокай ступені забруджанасці пакідалі на месцы. Але праз нейкі час сталі выяўляцца факты марадзёрства. Разбіралі машыны на запчасткі. Так доўжылася, пакуль не арганізавалі ў адселенай зоне ахову.

— Ваша сям’я адразу эвакуіравалася?

— Да таго моманту, пакуль з Нароўлі не пачалі вывозіць дзяцей на аздараўленне, сын і дачка заставаліся дома. Пасля заканчэння вучэбнага года адправілі іх да бацькоў жонкі ў вёску Людзяневічы. Летам яны з класам аздараўляліся на Гродзеншчыне.

Разам з намеснікамі Валерыем Шлягам, Валерыем Арловым і Васілём Сіваком круглыя суткі займаліся эвакуацыяй. Асабліва напружанымі былі дні з 1 па 9 мая, калі ніхто не ведаў, як складзецца сітуацыя на атамнай станцыі. Пастаянна падтрымлівалі сувязь са старшынёю Гомельскага аблвыканкама Аляксандрам Грахоўскім. Паступіла каманда пакаваць дакументы, і было вызначана месца эвакуацыі Нараўлянскага раёна — на Брэстчыне. У Калінкавічах і Мазыры фарміраваліся саставы для вывазу людзей. Сітуацыя склалася ваенная. Насельніцтву даводзілі каманды, якія паступалі зверху, і ўсё безадмоўна выконвалася. Выжыць хацелі ўсе. Калі б не было такой згуртаванасці, страт было б многа.

— Праз дзесяцігоддзі, аналізуючы сітуацыю, выяўляеце нейкія пралікі тых страшэнных дзён?

— Хапала ўсяго. Панавала нервознасць. Трэба было неадкладна эвакуіраваць насельніцтва тых вёсак, што найбольш пацярпелі ад забруджвання. Мы адсялялі па лініі аддаленасці ад атамнай станцыі, а ступень забруджанасці ў некаторых больш аддаленых вёсках перавышала ўзровень, які фіксаваўся ў тых, што знаходзіліся бліжэй.

Акрамя гаспадарчых клопатаў пра людзей, заспакойвалі іх. У сорак гадоў энергіі і здароўя хапала. Народ патрабаваў сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, і праводзілі гутаркі, тлумачылі пра неабходнасць перасялення. Прымянялі розныя метады, каб уратаваць людзей. 

З гадамі сітуацыя нармалізавалася. У нашай рэспубліцы пасля атрымання незалежнасці праведзена значная работа па рэабілітацыі забруджаных тэрыторый, аздараўленні пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі, удасканаленні сацыяльна-культурнай і інфармацыйнай палітыкі. Самае галоўнае, што наладжана адраджэнне пацярпелых рэгіёнаў з матывацыяй мясцовага насельніцтва на актыўны ўдзел у гэтым працэсе. Такі вопыт бясцэнны для сусветнай грамадскасці, якая ўступіла ў эпоху тэхнагенных катастроф. 

МІКАЛАЙ Маркоўскі на пасадзе намесніка старшыні Дзяржкамчарнобыля БССР займаўся пытаннямі сацыяльнай абароны пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС і ў Вярхоўным Савеце БССР працаваў у адпаведнай камісіі. 

Часта наведвае Мікалай Марцінавіч родныя мясціны, якія таксама кранулі чарнобыльскія хмары. Разам з братам Паўлам адбудоўвае бацькоўскую сядзібу, каб было дзе збірацца шматлікай радні. Сем братоў і дзве сястры яго цешацца ўжо ўнукамі. І ў Мікалая Марцінавіча і Ларысы Іванаўны чацвёра прадаўжальнікаў роду падрастае.

Кожную вясну, калі зелянеюць  старыя дубы, пасаджаныя продкамі, збіраецца пад густымі іх шатамі вялікі род Маркоўскіх. І сваё сямідзесяцігоддзе тут, на высокім беразе Убарці, Мікалай Марцінавіч марыць адсвяткаваць.

Уладзiмiр СУБАТ

Фота аўтара і з сямейнага архіва Мікалая Маркоўскага
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter