Пра даўно мінулыя часы напамінае бронзавы воўк, усталяваны на цэнтральнай плошчы ў 2005 годзе — да 1000-годдзя з дня нараджэння горада. Хаця першая дакладная згадка пра Ваўкавыск сустракаецца ў летапісе толькі ў XIII стагоддзі, археолагі дакапаліся да больш старажытных сведчанняў існавання тут асяродка чалавечай культуры. Самым яркім пацвярджэннем высокага ўзроўню жыцця сталі знаходкі шахмат на гарадзішчы Шведская гара. Тут некалі быў замак, жылі заможныя людзі. Цяпер — літаральна голая гара, зялёная макаўка якой відаць здалёк...
Ладдзя і пешка належалі, бясспрэчна, арыстакратычнай сям’і. Фігуркі вышынёй 2,5 і 5,5 сантыметраў трапілі, відаць, з-за мяжы. На жаль, археолаг Тарасенка, які ў 1954 годзе выявіў незвычайныя рэчы, не знайшоў іншых фігур з шахматнага набору. Але на гэтым шахматная гісторыя не закончылася. У 1868 годзе ў Ваўкавыску, дзе тады пражывала ўсяго 3 315 чалавек, нарадзіўся Давыд Яноўскі. У 18-гадовым узросце хлопец трапіў у Парыж і ўразіў тамтэйшых мэтраў сваёй гульнёй у шахматы. У кожным турніры ён ашаламляў праціўнікаў яркімі атакамі і раптоўнымі ўдарамі. Некалькі разоў займаў першае месца ў еўрапейскіх турнірах, пераігрываў сусветных чэмпіёнаў Стэйніца, Ласкера, Капабланку, Алёхіна.
Новы Ваўкавыск існуе апошнія некалькі стагоддзяў убаку ад старажытных гарадзішчаў. Праходжваючыся па галоўным пляцы сучаснага горада, падыдзіце да бронзавага ваўка. Тут, ля скульптуры і фантана, заўсёды многа лю-дзей. Хтосьці з мясцовых абавязкова пагодзіцца стаць гідам: правядзе да гасцініцы, пакажа маляўнічыя цэрквы і дзівосны касцёл святога Вацлава, раскажа легенду пра загадкавага ваўка, які падарыў гэтаму кутку бацькаўшчыны загадкавую назву...
Згуляйма ў шахматы!
Тысячу год таму вам абавязкова прапанавалі б партыю... на Шведскай гары
Павольна-павольна цячэ Ваўкавыя, абвіваючы горад блакітна-празрыстай стужкай, чапляючы сабой хрушчоўкі, прыватныя сядзібы, храмы і ажно тры замкі. Ваўкавыеск (так спярша называўся горад) узнік на трох узвышшах. Не дацягнуў да “сямігаловага” Рыма, але ж... Тут была таксама высокая цывілізацыя.