Згубленыя авечкі

У Евангеллі запісана прыпавесць, у якой Хрыстос параўноўвае сябе з добрым пастырам, які аддае сваё жыццё за авечак
У Евангеллі запісана прыпавесць, у якой Хрыстос параўноўвае сябе з добрым пастырам, які аддае сваё жыццё за авечак. Гэты вельмі маляўнічы вобраз дапамагае вернікам зразумець, кім хоча быць Божы Сын для людзей, а таксама пераасэнсаваць свае адносіны да Яго.

Як і іншыя біблейныя вобразы невялікая прыпавесць аб пастыры, які шукае згубленую авечку, нічога нікому не можа даказаць. Прыпавесць аб авечках і пастыры можа толькі дапамагчы чалавеку, які і так ужо давярае Хрысту, лепш Яго зразумець, самому пераканацца ў праўдзівасці Яго слоў. Яшчэ раз са старонак Евангелля мы можам пачуць знаёмы голас, які звяртаецца да нас па імені.

Авечкі ведаюць голас таго, хто іх пасвіць, адгукаюцца на яго і ідуць за ім. Калі вернікаў параўнаць з Божымі авечкамі, то некаторыя з іх часам вырашаюць забыць гэты голас і не чуць яго. Аднак для Хрыста кожная авечка важная, настолькі важная, што Ён павінен аддаць за яе жыццё. Нават за тую душу, якая заблукала, якая вельмі паранена грахамі, залежнасцямі і комплексамі. Аб гэтым нагадваюць старажытныя мастацкія вобразы — у прыватнасці, пастух, які нясе параненую авечку на плячах або прытуляе яе да сэрца.

Мая нязначнасць у грамадскім жыцці, недахоп таго, што маюць іншыя, і нават мае падзенні не выкрэсліваюць мяне з Божых планаў. Бог робіць у наш бок тысячы крокаў, аднак адзін, самы важны, крок у бок Бога мы павінны зрабіць самі. Тое, што нам сёння здаецца незразумелым і непераадольным, можа пераадолець Хрыстос, каб дапамагчы сваім згубленым авечкам.

Той, хто дзякуючы сваёй веры ведае, для чаго і для каго памёр і ўваскрос Хрыстос, ізноў можа ўсвядоміць, наколькі ён блізкі і каштоўны для Добрага Пастыра, які аддае жыццё за авечак.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter