Згублены выток

Хто вінаваты ў тым, што ў Нёмане вады мала, і што рабіць?

ЧАЛАВЕК заўжды знаходзіў у ва- дзе сваю нязменную спадарожніцу, сваю сяброўку. Менавіта вада зямлі нашай выступае ўмовай і крыніцай функцыянавання ўсіх экасістэм. Аднак ужо сёння, паводле дадзеных ААН, прэснай вады не хапае ў многіх кутках планеты. Бясспрэчна і з прычыны гэтай акалічнасці Генеральнай асамблеяй ААН перыяд з 2005-га па 2015 год аб’яўлены Міжнародным дзесяцігоддзем дзеянняў «Вада для жыцця».

У нашай рэспубліцы ў рамках гэтага руху робіцца нямала па ахове падземных і паверхневых вод, прапагандзе беражлівых адносін да водных крыніц, нашых рэк і азёр, балотных масіваў. Ва ўсіх абласцях краіны выйшлі ў свет ёмістыя выданні, у якіх можна знайсці шмат карысных звестак па водных рэсурсах. Зрэшты, і ва ўсёй гісторыі чалавецтва ніколі не існавала іншай стыхіі, якой было б выказана столькі ўдзячных слоў, як вадзе, асабліва рэкам.

Беларусы не без падстаў ганарацца Дняпром, Заходняй Дзвіной, Прыпяццю, Сожам. Але, аддаючы належнае іх велічнасці і непаўторнасці, будзем памятаць, што яны толькі «транзітныя», трансгранічныя. Іх вытокі — за межамі Беларусі. З найбольш значных нашых рэк сваё нараджэнне на беларускай зямлі атрымалі хіба толькі Нёман, Бярэзіна ды Вілія.

А першая сярод іх, несумненна, Нёман. Як прыгадвае знакаміты даследчык Наднямоння Уладзімір Кісялёў, для беларуса Нёман тое ж, што для рускага —  Волга, Дняпро — для ўкраінца, Вісла — для паляка.

ПРА НЁМАН-РАКУ, Нёман-бацьку напісана столькі, што адно толькі абагульненне гэтых найкаштоўнейшых сведчанняў вартае было б цэлай кнігі. Яшчэ ў сярэдзіне XVI стагоддзя вядомы еўрапейскі паэт-лацініст Адам Шротэр надрукаванай у Кракаве «Песняй пра Нёман» выказаў пахвалу рацэ як важнаму воднаму і гандлёваму шляху. Малавядомым фактам застаецца падарожжа па рацэ паэта Уладзіслава Сыракомлі — аўтара знакамітага «Ямщика» (памятаеце: «Когда я на почте служил ямщиком…»), — апісанае ў кнізе «Нёман ад вытокаў да вусця», што выдадзена ў 1861 годзе ў Вільні. Ды гэта толькі штрыхі…

У наш час дзясяткі аўтараў — вучоных, даследчыкаў, пісьменнікаў і паэтаў — так ці інакш схілялі свой талент перад «песняй і славай» — Нёманам. Паўлюк Трус, Адам Русак, Якуб Колас, Адам Міцкевіч і многія іншыя слынныя землякі ўзвышалі паэтычным словам веліч Нёмана-ракі, Нёмана-з’явы, Нёмана-дару. Неацэнны падарунак усёй беларускай грамадскасці зрабіла ў пачатку нашага веку выдавецтва «Юнацтва» на чале з тагачасным дырэктарам Алесем Камароўскім, выпусціўшы кнігу «Бацька наш Нёман». Адметнасць і перавага выдання ў тым, што яно — зборнік усіх, хто нейкім чынам далучыўся да Нёманіяны, дзе побач са знакамітымі імёнамі знайшлося месца і малавядомым паэтам, нават пачаткоўцам.

Асобная старонка «біяграфіі» Наднёманскага краю — у працах кандыдата эканамічных навук Уладзіміра Кісялёва. Яшчэ ў 1985 годзе выйшла яго першая кніжка «На истоках неманских», пазней, у 1994-м, чарговая — «Пуцявінамі Наднямоння», а ў 2009-м — «Наднёманскімі пуцявінамі». І хоць адпраўная кропка ў іх агульная, праблематыка таксама, выданні ўсё ж розняцца. Як заўважае сам аўтар, апошняя кніга — не працяг выданняў на гэтую тэму. Тут прасочваецца мэта перадаць чытачу эмацыянальна-маральныя і духоўныя складнікі вобразу насельнікаў нёманскіх вытокаў з даўніны да нашых дзён.

Дык ці многа мы ведаем пра слынную і слаўную раку? На жаль, зусім мала, калі мець на ўвазе звычайнага, тыповага жыхара рэспублікі, а не даследчыка-прафесіянала. І працы Уладзіміра Кісялёва дапамагаюць нам запоўніць гэты прабел. Прапанаваны ім збор замалёвак, якія аб’яднаны наднёманскай ідэяй і праяўлены праз гістарычныя па- дзеі, дае магчымасць многае пазнаць, многае ўзнавіць у памяці.

Ужо само паходжанне назвы ракі — ёмісты пласт тлумачэнняў, меркаванняў, паданняў. І аўтар прыгадвае ўсе вядомыя яму версіі, даючы найбольш шырокае ўяўленне аб этымалогіі гідроніма: ад старажытнага наймення Нёмана — Chronus — Chronius — Chronon, якое паходзіла ад грэчаскага слова, што азначае «час», да мясцовага тлумачэння паходжання назвы ад слова «няма». Упамінаюцца і вытворныя ад балтыйскага naminis — г.зн. хатняя, ад тэрміна «нямы», іначай — маўклівы, ціхі, што адпавядае сапраўднасці, асабліва ў верхнім цячэнні ракі. Разглядаюцца і словаўтварэнні ад стараславаянскага «немыть», што азначае нешырокі, а таксама ад паняцця «немень» — мяжа, рубеж. Нёман сапраўды з даўніх часоў выконваў ролю памежжа паміж ўсходнімі славянамі, беларусамі і заходнімі плямёнамі — балтамі, прусамі.

Цікавымі ўяўляюцца абагульненні аб «варажскіх» шляхах, якія ўзніклі ў канцы VII стагоддзя і выкарыстоўваліся ў якасці гандлёвых у зносінах поўначы і поўдня, дакладней паміж краінамі Скандынавіі і ўзбярэжжа Чорнага (Рускага, Візантыйскага) мора. Адзін са шляхоў «з варагаў у грэкі» пралягаў менавіта па Наднямонні. Ён адметны тым, што перасякаў усе тутэйшыя землі і быў карацейшы за іншыя напрамкі. Важную місію воднай артэрыі, лесасплаўнай ракі Нёман нёс на сабе да пачатку мінулага стагоддзя. А прыстані ў Новым Свержані, Стоўбцах і наогул лічыліся галоўнымі для Мінскай губерні, хаця ў веснавое разводдзе суднаходства прасціралася яшчэ вышэй да вытоку. Толькі з развіццём чыгуначных зносін роля рэк як транспартных шляхоў пачала зніжацца.

Дапытлівы позірк краязнаўцы не абмінае ўвагай прыродныя з’явы, помнікі археалогіі, архітэктуры, асобныя персаналіі, што пэўным чынам праславілі Наднёманскі край. Вядома, напрыклад, што дзед Янкі Купалы — Ануфры Дамінікавіч Луцэвіч — нарадзіўся ў вёсцы Забалацце на Уздзеншчыне, а бацька Дамінік Ануфрыевіч — у засценку Пяскі (паміж Замосцем і Запруддзем). Такім чынам, па сваіх радаводах Я. Купала і Я. Колас — блізкія землякі: ад згаданых месцаў да Акінчыц (радзімы Коласа) кіламетраў 15—20, не больш. Наднёманскія мясціны сталі калыскай і натхнілі на творчую працу многіх іншых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Да названых у гэтых нататках слынных асоб можна дадаць імёны Алеся Якімовіча, Пятра Глебкі, Кандрата Крапівы, Лідзіі Арабей, Ільі Гурскага, Алеся Махнача. І пералік гэты далёка не поўны…

СЁННЯ і краязнаўцаў, і ўсю грамадскасць хвалююць экалагічныя праблемы, уласцівыя нёманскім вытокам. Даводзіцца толькі шкадаваць, што першасны вадазбор вялікай ракі сёння не што іншае як сетка меліярацыйных каналаў. Яны сталі вынікам неўтаймаванай меліярацыі ў 70-я гады, якая парушыла натуральны ландшафт, «зблытала» вадацёкі, разбурыла крыніцы. І цяпер ужо як такога нёманскага вытоку няма — «згубіўся» ў сетцы меліярацыйных каналаў.

Праўда, на ўмоўным месцы пачатку ракі, непадалёк ад вёскі Верх-Нёман, сіламі ўздзенскіх энтузіястаў устаноўлены сімвалічны камень з адпаведным надпісам, высаджаны дубкі. На жаль, на большае няма пакуль ні сіл, ні сродкаў. Беларускі Валдай, як бачым, не змог адбыцца ні раней, ні пакуль і ў наш час.

Хаця, лічыць той жа Уладзімір Кісялёў, спецыялісты-гідратэхнікі, сітуацыю можна выправіць — знайсці падземнае сілкаванне вадатоку, сучасна, любоўна абсталяваць крынічку. І яна не прымусіць чакаць паломнікаў. Бо Нёман ёсць Нёман. Яго ведае, шануе ледзь ці не ўвесь свет. Гэтаксама да яго ставіўся і Паўлюк Трус, паэт з наднёманскай вёскі Нізок.

То не гул завірухі мяцежнай

І не рокат упартага мора —

Гэта Нёман разліўся бязмежна

На грудзях Беларусі прасторнай…

І, як спакон веку, рака гатова служыць людзям. Найбольш яскравае сведчанне таму ў апошні час — будаўніцтва на яе плыні Гродзенскай гідраэлектрастанцыі.

Мікалай КАРОЛЬ, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter