Згубіўся чалавек. Ці дапамогуць... дакументы?

Бывае так у жыцці, што абмінуць шчасце, каханне, удача, бывае — калі пашанцуе — абыдуць хваробы і страты, але смерць яшчэ нікога не абмінула. Як кажуць, усе там будзем, таму...

Наведала я сваю малую радзіму. Вёска Палачаны, што ў Маладзечанскім раёне, некалі была мнагалюднай і вясёлай, цяпер састарэла. Вось нядаўна і яшчэ адна хата апусцела. Пахавалі нашага колішняга суседа. Пражыў 75 няпростых гадоў — як умеў. А чацвёртага лютага паехаў да старэйшай дачкі ў Маладзечна і не даехаў: памёр на вуліцы. Інфаркт. Морг.

Занепакоілася малодшая дачка: фіранка на акне некранутая колькі ўжо дзён, сцежкі ў снезе няма. Пайшла на пошту — пенсію і газету не забіраў. Стала шукаць: званіць у аддзел міліцыі ў горадзе, у лінейны аддзел міліцыі на транспарце. Ніхто нічога не ведае. Восьмага лютага. Яшчэ раз у гарадскі аддзел… Знайшла бацьку ў сталічным моргу. Красамоўна: з усімі дакументамі. Там ужо сабраліся хаваць чалавека як нікому не патрэбнага, бо ў міліцыю, як яны казалі, званілі, ды безвынікова. Добра, што дачка паспела знайсці. Пахавалі як трэба.

Успамінаю сваю матулю. Збіраючыся ў дарогу, заўсёды ва ўсе кішэні клала запіскі з адрасам, нумарам тэлефона, каб ведалі, хто яна і адкуль... Ды, аказваецца, здараецца, што і дакументы не гарантыя?

Шукаюць людзей, што згубіліся, сотні валанцёраў і спецыяльныя службы. Мы ж усе глядзім праграму «Чакай мяне» па тэлевізары і плачам. А камусьці на службе за некалькі дзён не хапіла часу зняць трубку тэлефона і набраць нумар сельсавета, паглядзеўшы ў пашпарт чалавека, які ўзяў яго з сабой у дарогу. Напэўна, на гэта і разлічваў у экстраным выпадку...

А можа, тыя людзі, што не знайшлі часу зрабіць званок, думаюць, самі ніколі не памруць?

Наталія ЯЦУКЕВІЧ,

жыхарка Мінска

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter