Згаслае святло кораня жыцця

Ірына Віяленцій ведае, як аднавіць беларускія прамысловыя жэньшэневыя плантацыі

Ірына Віяленцій ведае, як аднавіць беларускія прамысловыя жэньшэневыя плантацыі


ПЭЎНА, ні адной расліне ў свеце не прысвечана столькі паданняў, як жэньшэню. З даўніх часоў яго называюць данінай багоў, цудам прыроды, соллю і духам зямлі, боскай травою, стосілам. Чвэрць стагоддзя таму прамысловым вырошчваннем заняліся выпускнікі агранамічнага факультэта Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута муж і жонка Ірына і Рыгор ВІЯЛЕНЦІЙ. Ідэяй стварэння лекавага саду захапілі кіраўніцтва Мінскай гародніннай фабрыкі. На Далёкім Усходзе закупілі 100 тысяч штук расады і 30 кілаграмаў насення, з якога вырасцілі больш як паўмільёна каліваў. З плантацыі ў шэсць гектараў атрымлівалі больш як па дзесяць тон каштоўных каранёў. Карысны патэнцыял іх даследавалі ў Обнінскім інстытуце радыялогіі і Пяцігорскім фармацэўтычным інстытуце жэньшэня, дзе не толькі корань, але і лісты, плады прызнаны лекавымі. Іншыя рэдкія расліны папоўнілі незвычайны сад. Справа беларускіх энтузіястаў атрымала прызнанне ў Еўропе. Рана аўдавелая Ірына Віяленцій атрымала еўрапейскую прэмію Генры Форда за захаванне культурнай спадчыны і наваколля. Аматары з Расіі, Украіны, Казахстана пераймалі вопыт у “Лекавым садзе Віяленція”, набывалі пасадачны матэрыял. Арыгінальныя фітазборы пастаўляліся ў медыцынскія ўстановы беларускай сталіцы, санаторыі і пансіянаты.


Паўтара дзесяцігоддзя Ірына Канстанцінаўна на заслужаным адпачынку. Няма прамысловай плантацыі на Мінскай гародніннай фабрыцы. Толькі ў яе маленькім палісадніку, што побач з фабрыкай, сярод кветак, радкоў пятрушкі і салаты расце жэньшэнь.

Ад бацькоў літоўскаму хутараніну Аляксандру Каневічу на пачатку мінулага стагоддзя дастаўся ў спадчыну васьмігектарны хутар. З жонкай Міхалінай Вікенцьеўнай, якая слыла ў наваколлі ўдалай павітухай, рупліва гаспадарылі. Дзіцячымі галасамі звінеў прасторны дом. Сын Кастусь, якога бацькі на літоўскі манер звалі Костасам, і дочкі Ваціца, Тахіля і Антося з малых гадоў прызвычайваліся да сялянскіх заняткаў. Падворак, на якім побач з домам стаялі гумно, свіран і хлявы для кароў, коней, свіней, хатняй птушкі, дбайны гаспадар абнёс валунамі. Нядзельным ранкам запрагаў Аляксандр Ягоравіч коніка і сям’ёю ехалі да Бялясеўскага касцёла, дзе Каневічы спявалі ў хоры. Буднямі хутаранін коньмі апрацоўваў поле, з сынам касіў травы, сям’ёю варочалі пакосы, стагавалі сена. Нечаканая хвароба падкралася да Аляксандра Ягоравіча. Прастудзіліся дочкі Ваціца і Тахіля, але не было лекаў. Уратаваць іх не ўдалося...

Хутарскія клопаты леглі на плечы сямнаццацігадовага Костаса. У першае лета пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пасватаўся да статнай Гелены з недалёкай вёскі Хімсевічы. Вянчаліся ў Крупаўскім касцёле, прыхаджанамі якога была сям’я нявесты. Там маладыя і першую дачушку хрысцілі, назвалі Ірынай. Побач з хутарам у вёсцы Повалака Костас збудаваў драўляны дом. Гаспадыня яго на швачнай машынцы “Зінгер”, якую атрымала ў пасаг, ледзьве паспявала спраўляцца з заказамі вяскоўцаў на абноўкі. Хутарскі надзел, карову і каня Каневічы перадалі ў ствараемую калектыўную гаспадарку, у якой Костас даглядаў жывёлу, а Гелена Янаўна ўзначаліла паляводчае звяно. Ад бацькі Аляксандра Ягоравіча кемлівы хутаранін пераняў майстэрства муляра, шапавала. Складаў у вясковых дамах печы, вырабляў з воўны валёнкі.

Вучаніцамі літоўскай пачатковай школы сталі старэйшыя дочкі Ірына і Яўгення. Падрасталі сын Генадзь і самая меншая Данута. Вольны час дзеці звычайна бавілі на дзедавым хутары, уздоўж агароджы якога вясною буяў духмяны бэз. Любілі выходзіць на пярэстую ад кветак лугавіну, дзе пасвілася жывёла. Ірына захапілася літоўскай забавай “гурлі” і, перакідваючы на далоні каменьчыкі, апынулася каля стрыножанага каня Огера, якога дзед Аляксандр некалі выгадаваў. Гнядога яна добра ведала і стала кідаць яму на пысу каменьчыкі. Конь падняў галаву і незадаволена храпануў. Дзяўчынка кінулася наўцёкі, а Огер паскакаў за ёю. Яна зачапілася за купіну, упала тварам у траву і замерла ў страшэнным чаканні. Панавала цішыня. Падняла галаву і азірнулася. Убачыла, што каня за аброць трымаў пастушок. Смелы падростак адвёў бяду.

Ірына і Рыгор ВІЯЛЕНЦІЙ. 1968 год.

Ірына паспяхова закончыла пачатковыя класы і адзіная з Повалакі пайшла вучыцца ў Болдацішкаўскую беларускую семігодку, якая месцілася ў былой касцёльнай плябані. Вучоба Ірыне давалася лёгка. Аднакласніцы пайшлі працаваць у калгас і Ірыну настройвалі далучыцца да іх. Ведала, што бацькі не дазволяць кінуць школу. На ўроках адмаўлялася адказваць, хаця матэрыял ведала. Спадзявалася, што выключаць з-за дрэннай паспяховасці. Настаўнік рускай мовы і літаратуры Сцяпан Антонавіч Куліч заўважыў, што добрая вучаніца, якая шмат чытала, раптам перастала адказваць на ўроках. Загадаў застацца пасля заняткаў. Доўга гутарылі яны. Іншым стала ўяўляць школьніца сваё будучае. Восьмы клас закончыла ў лідскай школе нумар два. Бацькі перавезлі з Повалакі дом на ўскраек Ліды, дзе ім выдзелілі сядзібу.

Каб матэрыяльна падтрымаць сям’ю, у якой падрасталі меншыя дзве сястры і брат, Ірына на летніх канікулах самастойна вырашыла пайсці ў даяркі. Занятак гэты для яе быў звычны. З малых гадоў даіла сваіх кароў на хутары. Загадчык фермы прыгараднай лідскай гаспадаркі Уладзімір Пакуль узяў чатырнаццацігадовую дзяўчынку падменнай даяркай. Тройчы на дзень уручную даіла дваццаць пяць кароў. Ад стомы рук не адчувала. Праз два месяцы яны распухлі да плячэй, і маці замяніла Ірыну на ферме. Кіраўнік гаспадаркі прапанаваў паступаць вучыцца ад калгаса на заатэхніка ці агранома. З пачатковых класаў Ірыну захапіла школай першая настаўніца Сцепаніда Мікалаеўна. Дзяўчынка марыла стаць педагогам. Але рэальна ўзважыла магчымасці і падала дакументы на агранамічнае аддзяленне Навагрудскага сельгастэхнікума. Уступныя экзамены паспяхова вытрымала і адправілася на вучобу.

ПЕРШЫ курс давялося жыць на прыватнай кватэры, дзе акрамя яе кватаравалі яшчэ дзве дзяўчынкі. Разам хадзілі на заняткі, знаёміліся са старажытнай сталіцай Вялікага княства Літоўскага, дзе месцілася рэзідэнцыя вядомага князя Міндоўга. Цяністы парк, па якім некалі гуляў геніяльны паэт Адам Міцкевіч. Разваліны былога замка, выкладзеныя брусчаткай вузенькія гарадскія вулачкі. Хутка праляцела паўгода вучобы. У цэнтры Навагрудка паўстала высокая ўпрыгожаная цацкамі ёлка. Дзяўчаты, што кватаравалі разам, сталі рыхтавацца да святкавання Новага года. Да іх завітаў высокі, хударлявы, нязграбны юнак у новай фуфайцы. Рэдка хто з навучэнцаў меў паліто. Хлопцы насілі фуфайкі і кірзавыя чобаты. А дзяўчаты нават зімою хадзілі ў туфельках. Толькі ў моцныя маразы абувалі валёнкі.

— Госць прынёс вядро вугалю, каб на пліце гаспадароў прыгатаваць пачастункі да навагодняга стала, — узгадвае Ірына Віяленцій. — Кінуўся ён мне ў вочы. Сэрцам адчула, што і на мяне звярнуў увагу. У дзяўчат распытала пра юнака. Запомніла незвычайнае прозвішча — Віяленцій. Яшчэ школьніцай некалі рамантычна марыла выйсці замуж за высокага брунета. І быццам у казцы той з’явіўся. Больш ён да нас не заходзіў.

На другім курсе мне выдзелілі месца ў інтэрнаце. Разам з сяброўкамі пайшлі на студэнцкую вечарынку, дзе дзяжурылі пільныя педагогі. Моладзь танчыла пад хрыплы гук патэфона. Мне больш падабалася жывая музыка. У вёсцы звычайна скакалі пад гармонік ці акардэон. Маіх тэхнікумаўскіх сябровак юнакі запрашалі на вальс, танга. Сярод юнакоў, што таўпіліся насупраць нас, заўважыла высокага, хударлявага, які чамусьці не танцаваў. Стала шкада яго. Дачакалася, калі аб’явілі дамскі вальс, накіравалася запрасіць на танец. Падышла бліжэй і пазнала таго самага Віяленція, што прыносіў зімою вугаль. Танцаваць ён не ўмеў і адтаптаў мне ногі. Але з ім цікава было размаўляць: шмат усяго ведаў. Пазнаёміліся, і ён стаў заходзіць да нас. Часта ездзіў дамоў у капыльскую вёску Запруднае, дзе жылі бацькі і малодшыя сёстры. А калі заставаўся на выхадныя ў інтэрнаце, браў маю гітару і цудоўна перабіраў струнамі. Потым сабе купіў гітару. Жылі мы ў адным інтэрнаце на розных паверхах.

— Колькі гадоў разам вучыліся?

— Нашу групу сфарміравалі з выпускнікоў базавай школы, і тры гады мы вучыліся, а потым год замацоўвалі тэарэтычныя веды на палях вучгаса і яшчэ курс займаліся. Пяць гадоў доўжылася вучоба. Георгій паступіў у тэхнікум пасля сярэдняй школы адразу на трэці курс. На паўгода раней мяне атрымаў дыплом агранома і накіраванне на працу ў бярозаўскі саўгас “Земляроб”. Перад заканчэннем вучобы мы сабраліся падаваць у Навагрудку дакументы на рэгістрацыю шлюбу. Мае бацькі запярэчылі, таму што Георгію прадстаяла служба ў арміі. І яго бацькі не падтрымалі нас. Вырашылі пазней распісацца. Георгій адправіўся на Бярозаўшчыну. Уладкаваўся на кватэру да гаспадароў у вёсцы Шылінок. Амаль штодня дасылаў лісты, у якіх дзяліўся ўражаннямі пра палескую глыбінку, цікавіўся маімі справамі на пераддыпломнай практыцы, запрашаў прыехаць. Ён працаваў начальнікам вытворчага ўчастка.

— А вы дзе практыкаваліся?

— На палях адкормачнага пункта “Багунова” Баранавіцкага раёна, дзе мяне прызначылі аграномам. Вытворчых клопатаў хапала. Кіраўніцтва гаспадаркі адпусціла мяне на некалькі дзён, і жніўным часам адправілася да Георгія ў Бярозаўскі раён. На чыгуначнай станцыі сустрэліся. Калі крочылі па вясковай вуліцы, нас аглядалі з усіх бакоў. Гаспадыня, у якой кватараваў Георгій, спытала, кім прыходжуся: сястрою, жонкай ці нявестай? Мы моўча пачырванелі. Потым Георгій паведаміў гаспадарам, што едзем у Вугляны распісвацца. Разам з намі ў сельсавет адправіліся саўгасны ўчотчык і конюх, з якімі пасябраваў жаніх. Па дарозе сустрэлі дырэктара саўгаса. Ён пацікавіўся, куды сярод працоўнага дня кіруемся? Калі даведаўся пра нашу мэту, пасадзіў усіх у аўтамашыну і павярнуў на Вугляны, да якіх было больш дзесяці кіламетраў. У сельсавеце нікога не засталі. Вяскоўцы дапамаглі адшукаць сакратара. Ён незадаволена пераглядзеў нашы дакументы і адмовіўся распісваць, бо Георгій не стаяў на ваенным уліку. Учотчык падказаў купіць гарэлкі, што жаніх і зрабіў. Лагодны сакратар распісаў нас, а дакумент аб шлюбе паабяцаў выдаць пазней, бо не было бланкаў. Як потым высветлілася, наш шлюб зарэгістравалі на чарнавіку. Толькі праз некалькі тыдняў выдалі пасведчанне. 

— Пачалося сямейнае жыццё. Праца на зямлі, завочная вучоба на агранамічным факультэце Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, захапленне жэньшэнем, стварэнне “Сада Віяленція”, якому не было роўных не толькі на прасторах былой вялікай краіны, але і Еўропы. На шасці гектарах вырошчваўся цудадзейны корань, пашыраліся плантацыі рэдкіх лекавых раслін, у ліку якіх элеўтэракок, лімоннік кітайскі, акцінідзія каламікта, аралія маньчжурская, дзясяткі іншых знікаючых на планеце траў — усяго каля двухсот відаў. Побач з таленавітым Георгіем Іванавічам заўжды былі вы, Ірына Канстанцінаўна, як жонка, сябра, дарадчык і калега. І раптам усё пайшло на злом. Што здарылася?

— Раптоўная смерць мужа. Колькі цяжкасцяў і мучэнняў перанёс ён, каб даказаць, што жэньшэнь можна вырошчваць на прамысловай аснове ў Беларусі. Самае цяжкае было стварыць на плантацыі амаль натуральныя ўмовы для вырошчвання дзіўнага кораня. Ад малейшага пераўвільгатнення ці перасыхання глебы ён упадае ў сон часам на некалькі гадоў ці зусім гіне. Прамыя сонечныя промні альбо рэзкі вецер могуць згубіць пяшчотны парастак, частыя дажджы — падтачыць корань. Нас угаворвалі адмовіцца ад задуманага. Але мы ўпарта крочылі да стварэння прамысловай плантацыі. І дасягнулі мэты. Тонамі каштоўнага кораня аддзячвала зямля за клопат. Прадпрыемствы не пажадалі арганізоўваць вытворчасць лекавых прэпаратаў з беларускага жэньшэню. На складзе ляжалі тоны сухога кораню. І гэта пры тым, што ўсяго некалькі грамаў яго могуць падтрымаць здароўе чалавека. Некаму было выгадна лепш закупляць сыравіну за мяжою, чым карыстацца сваёй. Часта мяняліся кіраўнікі Мінскай гародніннай фабрыкі. Кожны з іх лічыў, што больш карысці ад атрыманых памідораў, агуркоў, цыбулі, буракоў. Бульдозерам зруйнавалі каштоўную плантацыю, пад якую спецыяльна падбіралі зямлю, падводзілі вадаправод. Побач будавалі памяшканні для дапрацоўкі і захоўвання сыравіны. Наборамі лекавых траў забяспечвалі медыцынскія ўстановы сталіцы, беларускія санаторыі, адпраўлялі і ў Полацкі жаночы манастыр. Дзейнічаў навукова-даследчы фонд лекавых раслін.

За значны ўклад у развіццё жэньшэняводства Георгій Іванавіч адзначаны званнем “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”. Навукова-метадычны цэнтр пры Цебердзінскім дзяржаўным запаведніку, што на Паўночным Каўказе, прысвоіў Віяленцію ганаровае званне “Настаўнік-жэньшэнявод”. 

— Ведаю, Ірына Канстанцінаўна, што і ваша старанне ў гэтай важнай справе адзначана прэстыжнымі дыпломамі. Ці засталіся ў вас паслядоўнікі?

— Аматары з розных куткоў Беларусі набывалі ў нашым садзе пасадачны матэрыял. Значную плантацыю жэньшэня стварыў гомельскі гаспадар Міхаіл Несцяровіч, які працягвае справу бацькі-жэньшэнявода Васіля. 

Не аднойчы мне даводзілася выязджаць на Брэстчыну і там высаджваць у натуральных умовах дзіўны корань. Высявалі насенне яго ў лясах Пінскага, Іванаўскага, Брэсцкага раёнаў. Адпраўлялі насенны матэрыял і ў школы розных абласцей. 

Выпускнік Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Іван Мяшкоў ва Унецкім раёне Бранскай вобласці арганізаваў таварыства з абмежаванай адказнасцю ”Спецыялізаванае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Жэньшэнь”, дзе на гектарнай плошчы стабільна атрымлівае ўраджай. Пачынаць справу мы дапамагалі яму парадамі і саджанцамі.

Варта аднавіць беларускія прамысловыя жэньшэневыя плантацыі. Захаваўся вопыт догляду гэтай чароўнай расліны, так патрэбнай людзям. Спадзяюся, што нашых фермераў зацікавіць гэта ідэя. Як паспяхова займаецца вырошчваннем лекавых раслін Уладзімір Адамовіч у Лагойскім раёне. 

— Вядомы беларускі вучоны-гароднінавод, доктар сельгаснавук Аляксандр Аутка распрацаваў комплекс пасадачных і апрацоўваючых машын і тэхналогій вырошчвання лекавых раслін, у тым ліку і жэньшэня, і прапануе стварыць вытворчасць лекаў на экалагічнай аснове. Пакуль што лічаныя гаспадаркі займаюцца вырошчваннем усяго некалькіх відаў такіх раслін. А патэнцыял у гэтай справе вялікі. Хто мог бы заняцца гэтым?

— Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт валодае вялікім навуковым і практычным патэнцыялам і магчымасцямі арганізацыі прамысловай вытворчасці лекавых раслін. У свеце набывае папулярнасць экалагічнае земляробства. Вырошчванне жэньшэня і іншых лекавых раслін мае перспектыву. У наш сад прыязджалі вучоныя з заходнееўрапейскіх краін і здзіўляліся разнастайнасці ўнікальных плантацый. Саду ўжо няма. У маім сямейным архіве захоўваецца дыплом, атрыманы ад агульнаеўрапейскага журы за праект пад назвай “Захаванне і далейшае развіццё лекавага сада Віяленція”. 

На тэрыторыі Мінскай гародніннай фабрыкі культывуюцца невялікія ўчасткі каля сотні экзатычных траў. А побач з былой жэньшэнявай плантацыяй навяваюць сум сібірскія кедры, якія садзілі з мужам.

У Кітаі дагэтуль захавалася павер’е, што ў адну з начэй у час цвіцення жэньшэня ад яго ззяе незвычайнае белае яркае святло. Выкапаны ў такі час корань можа не толькі вылечыць чалавека ад любой хваробы, але і ўваскрасіць мёртвага. Аднак пакуль нікому яшчэ не ўдалося адшукаць такую цуда-расліну, таму што ў чароўную ноч яе заўжды ахоўваюць дракон і тыгр. А хто абароніць беларускі стосіл?

Мінскі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва Ірыны ВІЯЛЕНЦІЙ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter