У сярэдзіне мінулага стагоддзя Уладзімір Вайтэцкі атрымліваў такія ўраджаі, якія і сёння не кожнаму пад сілу, і ў 33 гады стаў Героем Сацыялістычнай Працы

Зерне ў танцзале

У СЛУШНАСЦІ народнай прымаўкі — не патрэбна адкладваць назаўтра тое, што магчыма зрабіць сёння, — пераканаўся асабіста. Колькі разоў узнікала жаданне напісаць пра Уладзіміра ВАЙТЭЦКАГА, апошняга з кагорты васьмі Герояў Сацыялістычнай Працы Глыбоччыны. Збіраўся, але ж знаходзіліся іншыя справы. І вось, калі сабраўся ўжо ў Гродна, дзе жыў апошнія два дзясяткі гадоў Вайтэцкі, прыйшла сумная вестка: яго не стала...  Крыўдна, але ж адступаць ад задуманага тым больш не след, бо чалавек гэты заслугоўвае таго, каб памяць аб ім жыла. Гэта мой чалавечы і журналісцкі абавязак, бо з  пераважнай большасцю іншых герояў-глыбачан даводзілася сустракацца пры іх жыцці.

Уладзімір ВАЙТЭЦКІ (у цэнтры) з калгаснікамі ля сцягу пераможцы ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве,
уручаным брыгадзе за поспехі ў земляробстве ў 1973 годзе

САФІЯ Юргель, напрыклад, любіла апавядаць з налётам рамантыкі пра сваю жаночую трактарную брыгаду,  аб тым, як неаднойчы ставіла рэкорды не толькі ў раёне, але і ў вобласці. 

Старшыня калгаса “17 Верасня” Леанід Пугаўка расказваў не толькі пра набыткі  гаспадаркі, але і аб тым, як ваяваў з нямецка-фашысцкімі акупантамі. 

Максім Клімянок турбаваўся пра сад, вёў актыўную грамадскую дзейнасць і яшчэ пасля васьмі дзясяткаў гадоў вадзіў “Жыгулі”. 

А вось Уладзімір Вайтэцкі быў, так бы мовіць, “ціхі” герой. Нідзе асабліва не высоўваўся. Са скупой яго біяграфічнай даведкі толькі і вядома, што змалку прызвычаіўся  да сялянскай працы. Быў брыгадзірам паляводчай брыгады і  ў 33 гады стаў Героем Сацыялістычнай Працы, сабраўшы сваім калектывам на круг па 56 цэнтнераў ячменю. Затым быў загадчыкам жывёлагадоўчай фермы, лічыце тым жа брыгадзірам. Вось, бадай, і ўсё.

У Глыбоцкім райвыканкаме мне назвалі  некалькі чалавек, якія добра ведалі Уладзіміра Канстанцінавіча. І першым  у гэтым спісе — Усцін Яцына, які таксама ў той час быў брыгадзірам, а цяпер на пенсіі і жыве ў вёсцы Мярэцкія.

СУСТРЭЎ мяне на парозе акуратнай, дагледжанай  сялянскай хаты мацак пад два метры. 

— Пайшоў  мой сябар, —  з сумам у голасе  вымавіў Усцін Пятровіч. — Добра ведаў Валодзю, чаму ж не? Разам  у вячэрнюю школу хадзілі, бо мелі ўсяго па чатыры класы адукацыі. У мяне дзяцінства было незайздроснае, а ў яго зусім горкае. У адзінаццаць гадоў асірацеў, узяла яго да сябе цётка Вера. Пасвіў кароў, а ў сямнаццаць ужо ўзначаліў паляводчую брыгаду. І я таксама брыгадзірам быў. Нялёгкая гэта работа. У брыгадзе — каля сотні чалавек. І ўсё, што скасілі, сярпамі нажалі трэба было абмерыць “казой”. Як пачнеш у гадзіны тры, то дацямна ледзь управішся. Спаборнічалі мы з ім заўсёды, у каго большы ўраджай. Па-рознаму бывала: то ў яго больш, то  ў мяне. Абое да 60 цэнтнераў атрымлівалі ячменю з гектара.

Мне карцела даведацца ў Яцыны, як яшчэ паўвека таму назад, калі і тэхніка была не такая, і мінеральных  удабрэнняў у абрэз — збіралі ў калгасе столькі, колькі і сёння не кожная гаспадарка возьме.

— Арганіка! — важка вымавіў Усцін Пятровіч. — Без яе нічога б не было. У нас заўсёды семінары праводзілі, як яе нарыхтоўваць. О, гэта цэлая навука. Спачатку рабілі “падушку” з торфу сантыметраў на трыццаць. Потым на яе клалі гной. Затым зноў слой торфу. І так некалькі разоў. Атрымліваўся бурт вышынёй пад два метры. І было іх на полі, як пірамід у Егіпце. Без яе зямля збяднела. Праўда, апошнімі гадамі за арганіку зноў ўзяліся, але без торфу не такая яна.

Усцін Пятровіч перавёў раптам гаворку на іншае, нават сам сябе паўшчуваў:

— Я па натуры гарачы, не стрымаюся часам, а Вайтэцкі, наадварот, быў дужа ціхі: не крычаў, наогул не павышаў голасу. І мне было зайздросна, калі падмяняў яго іншым часам, якая адмысловая дысцыпліна і парадак у ягонай брыгадзе. Людзі паважалі яго. 

Нямала добрых слоў пра свайго былога брыгадзіра знайшлося і ў члена ягонай брыгады, таксама жыхаркі Мярэцкіх Таісы Косцік:

— Сённяшніх Мярэцкіх тады, у шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя, не было. Засяляліся тут людзі з хутароў. І Уладзімір Канстанцінавіч дапамагаў усім і тэхнікай, і рукамі. Так выйшла, што будаваліся мы якраз насупраць яго хаты. І часта  ён з маім мужыком ездзіў на конях дрэвы траляваць. Людзей шкадаваў. Мяне, памятаю, цяжарную з поля адпраўляў, калі жала жыта: “Ай, дачушка, сядзі дома! А то ў полі і народзіш”. Я не слухалася, бо хацела больш працадзён зарабіць.  Гэта было ў жніўні, а ў верасні ўжо нарадзіла... 

У ГЛЫБОЦКІМ раёне, у вёсцы Кішы, гэта побач з пасёлкам Падсвілле, жыве сын Вайтэцкага, таксама Уладзімір, з жонкай Нінай. Раней ён загадваў буйным жывёлагадоўчым комплексам у тых жа Мярэцкіх, а яна была галоўным заатэхнікам гаспадаркі. Цяпер абодва на пенсіі. Ёсць свой дом, агарод, цяпліцы і малады яблыневы сад, уласнымі рукамі выпешчаны.

Найперш Уладзімір-малодшы пачаставаў чырвонымі крамянымі яблыкамі, якія цудоўна даляжалі да вясны. Пасля дастаў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні Уладзіміру Канстанцінавічу Вайтэцкаму звання Героя Сацыялістычнай Працы, некалькі фотаальбомаў са здымкамі бацькі ў розныя гады. Усе яны — чорна-белыя: на хлебнай ніве, касьбе, “Дажынках”, Усесаюзнай выставе дасягненняў сельскай гаспадаркі ў Маскве. І на кожным яго  спакойны твар з нязменнай добрай шчырай усмешкай.

— Бацьку памятаю ці не з трох гадоў, — працягваў між тым аповед Уладзімір. — І гэта, напэўна, таму, што адбылося надзвычайнае здарэнне. Жылі мы тады яшчэ на хутары, і бацькі, адыходзячы на работу, закрывалі мяне ў хаце. Цацак, як цяпер, не было, а трэба ж малому чым заняцца. І я не знайшоў нічога лепшага, як размаляваць шыбы ў вокнах. Фарбаў не было, скарыстаў попел з вядра. Атрымалася зусім някепска. Наогул, пра попел успомніў нездарма, бо з ім якраз звязаны і ўраджаі ў бацькавай брыгадзе. Ён жа — цудоўнае ўдабрэнне. Вось яго і захоўвалі,  у кожным доме мелі для яго асобны посуд. Потым спецыяльна прызначаны калгаснік аб’язджаў хаты і забіраў той попел. Зімы тады былі не тое, што цяпер:  мароз за трыццаць градусаў, дроў шмат ішло, таму і попелу было багата. Звычайна ўносілі яго пад лён. Гэта была стратэгічная культура, і ёй удзялялі шмат увагі. Не было нават гаворкі, каб пакінуць хоць жмутак ільнатрасты ў мокры год на полі. Яе нават развозілі сушыць па хатах. А бацька сканструяваў спецыяльную сушылку: выклаў з цэглы змейкай “хады”, куды закладвалася траста і падавалася гарачае паветра. 

— Кажуць, — спрабую высветліць, — што Уладзімір Канстанцінавіч быў вельмі ціхмяны, аднак у брыгадзе ягонай былі на здзіўленне высокая дысцыпліна, парадак?

— Гэта праўда, — пагаджаецца сын. — У бацькі была свая, выпрабаваная жыццём на гэты конт, філасофія: “Калі будзеш патрабаваць, а сам весці сябе нахабна — ніхто цябе не зразумее. Хочаш, каб цябе слухаліся, — пакажы  прыклад у рабоце”. Калі пачынаўся сенакос, ён таксама нароўні з усімі выходзіў на сенажаць. Луг, памятаю, цягнуўся ўздоўж рэчкі. Травы былі высокія, густыя, як касой правярнуць, але бацька ішоў першым, нікому не ўступаў. Работа работай, але не забываў, каб людзі  падмацаваліся. Аднаго з касцоў адпраўляў на рэчку, звычайна Пятра Пятроўскага, налавіць рыбкі на юшку. І той такіх мянтузоў выцягваў, што нас, дзяцей, зайздрасць брала. Паважаў бацька людзей, не павышаў ніколі голасу. Ні ў паляводчай брыгадзе, ні пасля, калі стаў загадчыкам жывёлагадоўчай фермы.

— Мяне, маладога спецыяліста, якраз прыслалі ў калгас імя Калініна галоўным заатэхнікам, — уклінілася ў гутарку Ніна, жонка Уладзіміра-малодшага. — Уладзімір Канстанцінавіч быў тады загадчыкам малочна-таварнай фермы. Шмат малака даілі на ёй, ці не больш за ўсіх у раёне. Аднаго разу была сведкай наступнага эпізоду: праштрафіўся даглядчык, прыйшоў напярэдадні на працу, заклаўшы за каўнер. Ну, думаю, будуць разборкі, а Вайтэцкі спакойна яму даводзіць: “Іосіфавіч, учора ў цябе быў грашок. Каб гэта было ў апошні раз!” — “Канстанцінавіч, больш не будзе!” — счырванеў даглядчык і прызнаўся потым, што лепш бы на яго Канстанцінавіч накрычаў, куды б лягчэй было. Парушэнняў дысцыпліны з яго боку больш не было заўважана. 

— І што, ніколі яго ніхто не вывеў з раўнавагі?

— Ведаю толькі адзін выпадак, — згадвае Уладзімір. — Здарылася гэта ці не ў той ураджайны год, за які  Героя далі. Зерня было столькі, што не месцілася ў сусеках. Давялося яго звозіць у вясковы клуб.  Насыпалі ў танцавальнай зале па самыя вокны. Вартаўніка прыставілі. Як потым выявілася, не надта сумленнага чалавека. І вось аднойчы бацьку даносяць,  што вартаўнік зерне “заганяе”. Бацька пабег да клуба і запатрабаваў ключы. Вартаўнік заўпарціўся, наадрэз адмовіўся выканаць загад. Маўляў, мяне сюды не ты, а старшыня прызначыў. Але бацька доўга не цырымоніўся і сілком адабраў ключы.

— Былі ж ва Уладзіміра Канстанцінавіча, мабыць, і нейкія захапленні, акрамя работы?

— Любіў коней. Кабыла ў яго была Ракета. Празвалі яе так за прыгажосць і імклівасць бегу. Аб’язджаў на ёй палі, сенажаці. На святы запрагаў у вазок, “тачанку” такую. Не прызнаваў іншага транспарту: гадаваў каня таксама ў сваёй дамашняй гаспадарцы. А яшчэ захапляўся музыкай. Памятаю, яшчэ на хутары жылі, па месяцы, а то і больш, “кватараваў” у нас бяздомны скрыпач Адэля. Вечарамі бацька гадзінамі яго слухаў. Сам меў выдатны слых. У маладосці спяваў у касцёльным хоры.

УЛАДЗІМІР Канстанцінавіч пакінуў пасля сябе траіх дзяцей: акрамя Уладзіміра-малодшага, ёсць яшчэ Алесь, які жыве ў Мінску, і  Галіна, якая выйшла замуж у Малдову, а таксама 7 унукаў і 6 праўнукаў.

На жаль, першая жонка Вера, ад якой і былі ўсе ягоныя дзеці, трагічна загінула. Потым ужо, у даволі сталым узросце, ён звязаў лёс з Таісай, цудоўнай жанчынай, сапраўдным сябрам, якая працавала ў мясцовым Петруноўскім доме-інтэрнаце. Неўзабаве пасля выхаду на пенсію пераехалі ў Гродна, дзе ў яе была кватэра і дзе Вайтэцкі правёў апошнія два дзясяткі гадоў жыцця.

Падтрымлівала яго ў вялікім горадзе тое,  што мелі лецішча і пяць сотак зямлі, на якой сажалі бульбу, буракі, агуркі, перцы. Асабліва захапляўся Канстанцінавіч памідорамі. Нават у апошні год, калі вельмі хварэў на ногі, усё-такі даклыпваў да цяпліц і потым хваліўся Таісе:

— Матуля, а я сёння ажно чатыры кусты памідораў прывёў у парадак!

На вечны спакой ён вярнуўся ў Мярэцкія, на родную зямельку, якой аддаў столькі любві і сілы і дзе напаткаў свой зорны час. Праводзіць Уладзіміра Канстанцінавіча ў апошні шлях прыйшлі не толькі жыхары Мярэцкіх, але і суседніх вёсак, з горада. Прыйшлі тыя, хто яго добра ведаў, працаваў з ім: былыя брыгадзір Усцін Яцына, намеснік старшыні калгаса Галіна Міхно, дырэктар тутэйшай школы Віктар Лабачэўскі, старшыня Удзелаўскага сельсавета Віктар Карман і зусім незнаёмыя людзі. Шмат моладзі.

У Глыбокім, у раёне малочна-кансервавага камбіната, адкрыты не так даўно сквер Працоўнай Славы. У ім устаноўлена Дошка Герояў Сацыялістычнай Працы, ураджэнцаў Глыбоччыны. На ёй — партрэт двойчы Героя Сацыялістычнай Працы, сусветна вядомага авіяканструктара Паўла Сухога і  зорак хлебнай нівы: Міхаіла Лытысава, Міхаіла Мацюшонка, Леаніда Пугаўкі, Сафіі Юргель, Лідзіі Плыгаўкі, Васіля Асіненкі, Максіма Клімянка і Уладзіміра Вайтэцкага.

saulich@bk.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter