Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Суполка “Нёман” прыўносіць беларускі каларыт у шматнацыянальнае жыццё горада на Волзе

Зелянее ў Тальяці алея

Новыя весткі з Тальяці сведчаць: у верасні ажывілася там дзейнасць беларускай суполкі. Яе кіраўніца Людміла Дзёміна паведаміла пра ўдзел сяброў “Нёмана” ды “прынёманскіх” творчых гуртоў “Купалінка” і “Зорачкі” ў шматнацыянальным фестывалі “Тольяттинские мелодии единства” (12 верасня), у пасадцы дрэўцаў і дэкаратыўных кустоў на новай Алеі дружбы народаў (15 верасня). А праз некаторы час даслала спасылку на сюжэт з тэлеканала “Тольятти в деталях” — у студыю журналісты пасля тых акцый запрасілі кіраўніцу беларускай суполкі, а таксама саліста гурта “Купалінка” Максіма Ямшчыкова. Размова была й пра летнія “гастролі” Дзёмінай з яе таленавітымі выхаванцамі ў Бабруйск, на Міжнародны фестываль “Вянок дружбы”. Дарэчы, і нам у рэдакцыю тальяцінцы даслалі свае эмацыйныя, пазітыўныя ўражанні пра сустрэчу з Беларуссю — падрыхтуем-надрукуем.

Артысткі ансамбля “Купалінка” выступаюць на фестывалі ў Тальяці

Цяпер трохі падрабязней пра фестываль і закладку Алеі дружбы народаў. Ужо трэці раз адзначаўся на пачатку верасня Дзень народаў і нацыянальных культур Самарскай вобласці — яму й прысвячаліся абедзьве падзеі. “На фестывалі “Тольяттинские мелодии единства”, я лічу, наш народны ансамбль беларускай песні “Купалінка” быў лепшы, — напісала Людміла Дзёміна. — Спявалі мае артысты розныя песні, з выдатным настроем, суладна. Гледачы стоячы апладзіравалі! А з 24 верасня мы пачалі свой культурна-асветніцкі праект “З любоўю з Беларусі”. Будзем праводзіць сустрэчы, канцэрты, гутаркі на розных творчых пляцоўках. Дарэчы, яшчэ жывыя ва ўсіх уражанні пра “наша лета” ў Беларусі. А нашы даўнія партнёры з бібліятэкі “Истоки” таксама да праекта падключаюцца”.

Людміла Дзёміна з калінай
Пра Алею дружбы народаў, закладзеную ў Тальяці каля гандлёвага цэнтра “Апельсин” (і сімвалічна, што па вуліцы Міру, 123) ёсць інфармацыя ў інтэрнэце. Праўда, удакладняе Людміла Дзёміна, жаданае аўтар выдаў за рэальнае. Студэнтаў на закладцы алеі яна не бачыла — дрэўцы й кусты саджалі вучні 4-й і 55-й школ, паўдзельнічалі ў акцыі кіраўнікі рускай, беларускай, украінскай, армянскай, чувашскай ды мардоўскай этнасуполак. Былі яшчэ актывісты арганізацыі “Застава-63” — у яе ўваходзяць былыя пагранічнікі. Усяго было высаджана 40 дрэў (каштаны, ліпы і клёны) і 45 кустоў (язмін, спірэй і каліна). У акцыі паўдзельнічалі прадстаўнікі гарадскіх улад, дэпутаты, а ладзілі яе Дом дружбы народаў, адміністрацыя горада, савет нацыянальна-культурных цэнтраў Тальяці. Мяркуецца, што акцыі з пасадкай дэкаратыўных культур у горадзе стануць традыцыяй, на алеі запланавана ўстаноўка лавак і малых архітэктурных формаў. Сонечнае надвор’е, песні народаў Расіі, яркія нацыянальныя касцюмы і вясёлыя дзіцячыя галасы — усё разам гэта стварала на будучай Алеі Дружбы цёплую атмасферу. А на заканчэнне акцыі шары колераў расійскага сцяга ўзняліся ў неба.

Людміла Дзёміна яшчэ напісала, што дзякуючы святу, запрашэнню на тэлебачанне яна даведалася: у маладой тэлевядучай Бэлы Дворкінд сваякі да вайны жылі ў беларускім горадзе Барысаве, потым трапілі ў яўрэйскае гета, дзе й загінулі. Бэла спрабуе адшукаць, дзе пахаваны сваякі. Спадзяецца на дапамогу яўрэйскіх суполак у Беларусі — каардынаты некаторых з іх мы даслалі ў Тальяці. А яшчэ пад час пасадкі алеі Дзёміна сустрэла былога камбата з Вышэйшага ваеннага інжынернага будаўнічага вучылішча: “Гэта наш беларус: Мікалай Мікалаевіч Жукавец, — удакладняе. — У яго вучыўся мой сын Сяргей у 1994-96 гадах. А цяпер Мікалай Мікалаевіч — дырэктар школы №55. Мы, вядома ж, адразу прыкінулі: як можна супрацоўнічаць. І дамовіліся ўжо праводзіць у 55-й школе — там вучацца кадэты, яны таксама высаджвалі дрэвы — нашы канцэрты, сустрэчы”.

Што ж, сябраваць, удзельнічаць у шматнацыянальных імпрэзах — гэта, як бачым, і цікава, і карысна. Так і прыцягваюцца ў кола беларускіх суполак новыя людзі, з’яўляюцца магчымасці для супрацы, ідэі агульных праектаў. А дзякуючы такому “прытоку сілы” алеі як беларускай культуры, так і нашага сяброўства з прадстаўнікамі іншых народаў — заўсёды будуць пышна зелянець.

Голас Радзімы № 38 (3542), чацвер, 5 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter