Здзяйсненне утопiй

Асветнiцкi музычны фэст «Музы Нясвiжа» адзначыў 15-годдзе

Хуткасць i плённасць, з якiмi маэстра Фiнберг i «Музы Нясвiжа» аднаўляюць гiсторыю айчыннага музычнага мастацтва, неверагодныя

Асветнiцкi музычны фэст «Музы Нясвiжа» адзначыў 15-годдзе. У свой час менавiта ён стаў першай ластаўкай у справе здзяйснення Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусi i яго нястомным кiраўнiком Мiхаiлам Фiнбергам высакароднай мэты — аднаўлення недаравальна забытых, а iншым разам i зусiм невядомых, старонак айчыннай музычнай спадчыны, iмёнаў i сачыненняў таленавiтых кампа­зiтараў — старадаўнiх i сучасных, ураджэнцаў беларускай зямлi i тых, хто ў розныя часы на ёй жыў i тварыў.

— Прыкладаў такога ж плённага, хуткага, шматмернага i вынi­ковага рэстаўрацыйнага працэсу, якi мы маем сёння ў музычным мастацтве, дзякуючы асветнiцкай дзейнасцi Нацыянальнага канцэртнага аркестра, няма нi ў якой iншай краiне. За гэтыя 15 гадоў фактычна ў поўным памеры, ва ўсiх дэталях адноўлены айчынны музычны ландшафт, пачынаючы з 16-га стагоддзя. Адбудаваць за такi кароткi тэрмiн гэты велiчны, прыгожы музычны «гмах», з усiмi яго святлiцамi, цёмнымi калiдорамi, патаемнымi сховамi, — справа абсалютна неверагодная. Здзейснiлася вялiкая утопiя маэстра Фiнберга. Не ведаю, цi ён прадбачыў, цi, як кажуць, у вiр галавой кiнуўся ў гэтую справу тады, 15 гадоў таму, бо ён не мог ведаць, якiмi будуць вынiкi пошукаў даследчыкаў i якi водгук атрымаюць знойдзеныя iмi творы. Хутчэй за ўсё, гэта магутная iнтуiцыя асобы, зацiкаўленай у музычным сучасным i будучым сваёй радзiмы, якое немагчыма без ведання i асэнсавання яе музычнага мiнулага, — адзначае доктар мастацтвазнаўства, прафесар, нязменны навуковы кiраўнiк i вядучая праграм асветнiцкiх праектаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi Вольга Дадзiёмава.

Дарэчы, усе 15 гадоў «Музы Нясвiжа» грунтуюцца на моцным навуковым падмурку, а кожную праграму свята суправаджаюць навукова-практычныя канферэнцыi з удзелам лепшых беларускiх гiсторыкаў, музыказнаўцаў, мастацтвазнаўцаў. Выключэннем не стала i сёлетняя iмпрэза. Разам з тым да юбiлейнага фэсту пры падтрымцы Мiнскага аблвыканкама выдадзены зборнiк навуковых работ «Музычныя скарбы беларускай зямлi».

— Гэта сапраўдны падручнiк гiсторыi нацыянальнай музычнай культуры. Нас не будзе, а гэтая кнiга застанецца працаваць. I гэта вельмi важна, бо мы адышлi сёння ад сябе, сваiх каранёў. Нам трэба вяртацца. Я ганаруся, што за 15 гадоў на нясвiжскай зямлi нам удалося выхаваць новае пакаленне шчырых прыхiльнiкаў i слухачоў беларускай музыкi. Сёння на нашы фестывальныя канцэрты прыводзяць сваiх дзяцей тыя, хто на час першых «Музаў Нясвiжа» самi былi дзецьмi, — гаворыць маэстра Фiнберг.

Як пацвердзiў старшыня Нясвiж­скага райвыканкама Iгар Макар, у горадзе свята мастацтваў сапраўды запатрабавана, яго штогод чакаюць, ужо нават iснуе i праблема «лiшняга бiлецiка». Да кожнага новага музычнага фэсту старажытны Нясвiж яшчэ больш прыгажэе, набываючы еўрапей­скi выгляд, i добраўпарадкуецца, ствараючы найбольш прыдатныя ўмовы для жыцця i для творчасцi сваiх жыхароў. У прыватнасцi, гасцей i ўдзельнiкаў сёлетняга свята мастацтваў прымаў адрамантаваны Нясвiжскi цэнтр культуры i адпачынку.

Юбiлейныя «Музы Нясвiжа» не адышлi ад асветнiцкiх традыцый аднаўлення гiстарычнага шляху айчыннага музычнага мастацтва. У першы дзень фэсту абылася прэм’ера аўтарскай канцэртнай праграмы, прысвечанай сёлетняму 100-годдзю Пятра Падкавырава. Дзякуючы музыкантам камерных ансамбляў заслужанага калектыву Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi, творы гэтага слыннага беларускага кампазiтара зноў загучалi пасля 39 гадоў забыцця!

Яшчэ адно iмя ў афiшы — Фрэдэрык Шапэн, чыё 200-годдзе шырока адзначае сёлета еўрапейская грамадскасць. Амаль двухгадзiнны канцэрт з неўмiручых твораў знакамiтага польскага кампазiтара падрыхтаваў у падарунак гараджанам струнны аркестр пад кiраўнiцтвам маэстра Валерыя Сарокi. Блiскучае выкананне знакамiтых шапэнаўскiх мазурак, вальсаў i паланэзаў неаднаразова перамяжоўвалася шчырымi воклiчамi «брава!» — музычны Нясвiж вiтаў генiяльнага кампазiтара, якi ў сваiх творчых iдэях i жыццёвых сувязях быў паяднаны з многiмi слыннымi дзеячамi культуры, выхадцамi з нашых мясцiн. У лiку iх — Адам Мiцкевiч, Напалеон Орда, Антонiй Радзiвiл, Мячыслаў Карловiч, Станiслаў Манюшка.

Дарэчы, прыгожым дапаўненнем i свайго роду iлюстрацыяй да канцэрта Шапэна стала папярэдне адкрытая мастацкая выстаўка, прысвечаная яго памяцi. Свае творы прадставiлi даўнiя спадарожнiкi нясвiжскага свята — выхаванцы Святланы Купрыянавай з дзiцячай студыi Палаца культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода.

Свята музыкi доўжылася два днi. Разам з вышэйзгаданымi канцэр­тамi яго яркiмi старонкамi сталi таксама Музычная асамблея, якая на гэты раз сабрала прыхiльнi­каў харавых спеваў, i выступленне лепшых салiстаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi, выканаўцаў папулярных песень.

«Музы Нясвiжа» зноў збяруцца ў старажытным горадзе праз год. Прычым не выключана, што на новай сцэнiчнай пляцоўцы. Як паведамiў першы намеснiк мiнiстра культуры Уладзiмiр Рылатка, яе з’яўленне плануецца ля сцен радзiвi­лаў­скага Нясвiжскага замка, у якiм да таго часу павiнны завяршыцца агульна-будаўнiчыя работы.

На здымку: музыканты ансамбля салiстаў на драўляных духавых iнструментах перад канцэртам у Ратушы.

Фота: Аляксандр ДЗIДЗЕВIЧ, БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter