Здымак дапамог жанчыне атрымаць звесткі пра свайго бацьку

Журналісты “Народнай газеты” разам з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё дапамагаюць людзям знаходзіць адзін аднаго

Журналісты “Народнай газеты” разам з калегамі з Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё дапамагаюць людзям знаходзіць адзін аднаго

Лісты, электронныя паведамленні і тэлефонныя званкі... Мінулы тыдзень зноў быў багаты на водгукі чытачоў. У іх — аповед пра чалавечыя лёсы, боль ад страты родных, дарагіх сэрцу людзей, надзея сустрэцца з тымі, з кім па нейкіх прычынах абарвалася сувязь.

Мінчанка Людміла Сцяпанаўна Казлова разгарнула аднойчы газету, убачыла на фотаздымку чатырох танкістаў і ледзьве не страціла прытомнасць: сярод іх быў яе бацька, пра якога яна нічога не ведала. “Танкавы экіпаж старшага лейтэнанта Хворава за ўмелыя дзеянні ў час бою ўзнагароджаны ордэнамі. Злева направа: камандзір гарматы Букін, радавы, стралок Казлоў, механік-вадзіцель Энсіс і камандзір Хвораў” — чытала, перачытвала яна радкі тэксту пад фотаздымкам, аўтарам якіх быў ваенны карэспандэнт Павел Нікіцін.

Людміла Сцяпанаўна хуценька патэлефанавала ў рэдакцыю. Ёй паведамілі, што Павел Іванавіч Нікіцін на заслужаным адпачынку, але паабяцалі, што дапамагуць сустрэцца з ім. І гэта сустрэча адбылася. Павел Іванавіч падарыў жанчыне фотаздымак, які быў змешчаны ў газеце. Людміла Сцяпанаўна паглядзела на яго і расплакалася. На танку сапраўды стаяў яе бацька. На грудзях — два ордэны і медаль. Расказаць пра кожнага члена экіпажа Павел Іванавіч Нікіцін не мог, бо ваенных фотаздымкаў у яго былі сотні, але ён добра памятаў, што менавіта гэтых танкістаў фатаграфаваў ва Усходняй Прусіі.

“Бацька з першых дзён вайны быў на фронце. Але ваяваць яму давялося нядоўга, — распавядае Людміла Сцяпанаўна. — У ліпені 1941-га, у баях пад горадам Чэрыкавым, што на Магілёўшчыне, ён быў паранены і трапіў у варожы палон. Лагер ваеннапалонных знаходзіўся ў Оршы. У першыя месяцы вайны фашысты маглі за некалькі бутэлек гарэлкі, кавалак масла ці кошык яек адпусціць каго-небудзь. Пашчасціла і нашаму дарагому салдату. Дарога дадому для бацькі была доўгай і цяжкай, бо ён ледзьве стаяў на нагах”.

Жонка Ефрасіння як магла лячыла мужа. Пасля вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў усходняй часткі Дрыбінскага раёна райваенкамат накіраваў Сцяпана Казлова ваенруком у школу, бо па стану здароўя ён не мог быць у арміі. Але тады людзі лічылі немагчымым адседжвацца ў тыле. У чэрвені 1944-га добраахвотнікам пайшоў на фронт і Сцяпан Казлоў. Ваяваў як належыць. А якія лісты слаў! У кожным ён звяртаўся да дзяцей, каб слухалі маці, дапамагалі ёй, добра вучыліся. “Хутка пераможам ворага, вярнуся дадому і ўсе будзем разам”, — паведамляў ён.

Але, відаць, гэтаму не наканавана было збыцца. Праз некаторы час перасталі прыходзіць пісьмы, а ў чэрвені 1945-га прыйшло паведамленне, што Сцяпан Ларыёнавіч Казлоў 23 кастрычніка 1944 года быў цяжка паранены і накіраваны ў шпіталь, нумар палявой пошты — 56 210. Пра далейшы лёс дарагога чалавека родныя не ведаюць. Людміла Сцяпанаўна Казлова беражліва захоўвае ўсе бацькавы пісьмы з фронту. А цяпер і фотаздымак, які ёй падарыў былы ваенны карэспандэнт.

З дапамогай сведак тых падзей, пошукавых груп, архівістаў, музейных работнікаў, карэспандэнтаў ажываюць старонкі гісторыі, удзельнікамі якой былі звычайныя людзі. Спадзяёмся, што пашанцуе і Людміле Сцяпанаўне Казловай, адрас якой знаходзіцца ў рэдакцыі.

 І  яшчэ адна гісторыя, якая прымушае сціскацца сэрца. “Я шукаю месца пахавання свайго бацькі, — паведамляе ў сваім лісце Алена Іосіфаўна Палюховіч з вёскі Вялікае Сяло Мінскага раёна. — Іосіф Гаўрылавіч Гулінскі ўдзельнічаў у грамадзянскай вайне, ваяваў разам з Будзённым. Аднойчы ў час бою яго каня забілі, а бацька, паранены ў абедзве нагі, трапіў у варожы палон. Пяць гадоў ад яго не было ніякіх вестак, але ўсё ж наш дарагі чалавек вярнуўся дадому жывы. Нам, сваім дзецям, заўсёды казаў, каб старанна вучыліся, былі добрымі піянерамі і камсамольцамі, любілі і ўмацоўвалі родную дзяржаву. А ў сакавіку 1937 года ў нашым доме з’явіўся нейкі важны начальнік, з ім яшчэ тры асобы, яны зрабілі вобыск і арыштавалі бацьку. З намі, чатырма дзецьмі, засталася матуля. Калі на наступны дзень мы прыйшлі ў школу, нас штурхалі і гаварылі, што мы — дзеці ворага народа. А праз некаторы час выключылі з піянераў і акцябрат. Мы плакалі, бо было вельмі крыўдна”.

А ў 1959 годзе сям’я, якая ўвесь час шукала бацьку, атрымала паведамленне, што Іосіф Гаўрылавіч Гулінскі быў асуджаны несправядліва, што ён пасмяротна рэабілітаваны. Але пра месца пахавання Іосіфа Гулінскага нічога не паведамлялася. “Я ўжо немалады чалавек, — піша далей Алена Іосіфаўна. — Няўжо так і не даведаюся, дзе знаходзіцца апошні прытулак майго бацькі”.

Ідзе час, невядомага пра тыя няпростыя гады пакрысе становіцца менш. Не выключана, што знойдзецца хтосьці, хто бачыў Іосіфа Гаўрылавіча Гулінскага ў апошнія дні жыцця. Па звесткі таксама можна звярнуцца ў цэнтральны архіў Камітэта дзяржбяспекі Беларусі. Адрас архіва наступны: 220050, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 17. Там ёсць дакументы пра ўраджэнцаў раёнаў, што ўваходзяць у сучасную Мінскую вобласць, якія ў 1920—1950 гады зведалі палітычныя рэпрэсіі і пасля былі рэабілітаваныя. Заяву можаце напісаць вы, а можа і хтосьці з вашых родных, у такім выпадку трэба прыкласці копію дакумента, які пацвярджае роднасць. Дадатковую інфармацыю можна знайсці на сайце гэтай установы kgb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter