Минск
+22 oC
USD: 2.03
EUR: 2.28

Путевка для здоровья за счет государства: около 27 000 белорусов в этом году отдохнут в санаториях бесплатно или на льготных условиях

Здорава жывуць

Чым бліжэй цёплыя дні, тым больш актуальнае пытанне, дзе адпачыць і паправіць здароўе. Калі ў фізічным стане з’явіліся сур’ёзныя хібы, лепей аддаць перавагу санаторыю. Але хто сёння мае права атрымаць пуцёўку ў беларускую здраўніцу за дзяржаўны кошт? Якія санаторыі «спецыялізуюцца» на аздараўленні льготнікаў? Куды лепш накіравацца фізічна аслабленаму ці маламабільнаму чалавеку? Адказы на гэтыя пытанні шукала карэспандэнт «Р».

«Ясельда» — адзiн з чатырох сацыяльна арыентаваных беларускiх санаторыяў.

Месца адпачынку змяніць нельга

Бухгалтар Вольга Мацкевіч з Віцебска страціла зрок у сорак пяць гадоў. Паталогія сятчаткі, на якую яна даўно пакутавала, дала ўскладненні, і ў выніку жанчына атрымала бестэрміновую інваліднасць. Працу, зразумела, давялося пакінуць адразу, аднак магчымасць бясплатнага аздараўлення яна выкарыстала толькі праз некалькі гадоў пасля ўстанаўлення інваліднасці. 

— Меркавала, што зрок усё роўна не вернеш, а ў цэлым адчувала сябе някепска, — гаворыць Вольга Пятроўна. — Калі ж далі пра сябе знаць суставы, вырашыла стаць на ўлік тых, хто адчувае патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні. Праз два гады атрымала першую пуцёўку і з той пары кожныя два гады езджу ў санаторый «Ясельда». 

Тут жанчына ўжо пяты раз. 

— Мне падабаецца, што ўсе памяшканні размешчаны вельмі кампактна, працэдуры, гразі, віхравыя і бішафітныя ванны, масаж, зёлкі магу наведваць з дапамогай персаналу і адпачывальнікаў, — тлумачыць свой выбар. — Бытавыя выгоды ў нумары… 

Вольга Мацкевіч прызнаецца, што сама на пуцёўку грошай не сабрала б. Хіба што з дапамогай мужа, які, нягледзячы на тое што ўжо пенсіянер, працягвае працаваць. 

Даведка ад урача — і на ўлік

Гэта толькі за ўласныя грошы набыць пуцёўку ў санаторый можна непасрэдна ў санаторыі ці пры дапамозе тураператара. Калі разлічваць на поўнае ці частковае пагашэнне яе кошту, то напрамую не атрымаецца, шлях будзе даўжэйшы. Як расказаў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэннi насельнiцтва Аляксандр Цай, чалавеку, які працуе, перш за ўсё варта звярнуцца ў камісію па аздараўленні на сваім прадпрыемстве ці ў арганізацыі. А калі такая не створана ці вы не працуеце — то ў прадстаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэннi насельнiцтва па месцы жыхарства (у маленькіх раёнах — у выканкам). Там вызначаць, ці можаце вы разлічваць на льготы, і калі так, паставяць на ўлік тых, хто мае патрэбу ў аздараўленні. Для гэтага спатрэбіцца прадставіць пэўны пакет дакументаў, у тым ліку медыцынскую даведку аб тым, што вы маеце патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні. 

Дарэчы. Калі вы стаіце на ўліку і не выкарысталі сваё права на аздараўленне на працягу каляндарнага года, можна атрымаць грашовую кампенсацыю ў памеры 10 базавых велічынь. Праўда, гэта датычыцца не ўсіх. 

Людзi сталага ўзросту аддаюць перавагу санаторна-курортным установам, падпарадкаваным Мiнпрацы і сацабароны. Тут створана безбар’ернае асяроддзе.

Разлічвайце на пандус, а не на пакоі люкс

Якія катэгорыі грамадзян маюць права на адпачынак поўнасцю за дзяржаўны кошт? У асноўным гэта непрацуючыя інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, непрацуючыя інваліды 1-й і 2-й групы незалежна ад прычыны інваліднасці. Права на частковую аплату ёсць у ветэранаў працы і інвалідаў 3-й групы. Якой канкрэтна сумай давядзецца ахвяраваць з уласнай кішэні, залежыць ад сезона. У летні перыяд, калі попыт на адпачынак прыкметна ўзрастае, — 30 працэнтаў, зімой — 15 працэнтаў. Ёсць залежнасць і ад узроўню даходу.

Варта ўлічыць, што, калі пуцёўка бясплатная ці льготная, нельга разлічваць на ўмовы катэгорыі люкс і паўлюкс. Аздараўленне за кошт дзяржавы прадугледжвае толькі пражыванне ў стандартных нумарах. Пуцёўкі выдаюцца з улікам профілю захворвання і месца жыхарства грамадзяніна — каб яму было зручна дабірацца. Як правіла, прапаноўваюць два-тры варыянты.

Як паказвае практыка, большасць людзей пажылога ўзросту, інваліды, якія адчуваюць цяжкасці з перасоўваннем, аддаюць перавагу санаторыям, падпарадкаваным Міністэрству працы і сацыяльнай абароны. Там адпачывае амаль палова ўсіх ільготнікаў краіны. Дзве ўстановы — «Белая вежа» і «Ясельда» — знаходзяцца ў Брэсцкай вобласці і столькі ж — «Вяжуці» і «Бярэзіна» — у Мінскай. Галоўная іх адметнасць — яны сацыяльна арыентаваны і цалкам утрымліваюцца за сродкі рэспубліканскага бюджэту. Там створана безбар’ернае асяроддзе. Інваліды-калясачнікі могуць бесперашкодна перасоўвацца па ўсёй тэрыторыі. Шырокія праходы, пандусы, скаты, пад’ёмнікі, поручні і трымальнікі дазволяць чалавеку з праблемамі апорна-рухальнага апарату самастойна патрапіць і ў сталовую, і ў медыцынскія кабінеты, і ў зялёную зону. 

Даступнымі для маламабільных людзей таксама з’яўляюцца яшчэ каля 30 беларускіх санаторна-курортных устаноў.

Для пажылых і аслабленых

Больш падрабязна пра тое, хто і на якіх умовах адпачывае ў санаторыях Мінпрацы і сацабароны, расказала кансультант аддзела арганізацыі сацыяльнай дапамогі і па справах ветэранаў міністэрства Ларыса Жаўняровіч. 

— Кошт пуцёвак у падпарадкаваныя Міністэрству працы і сацыяльнай абароны санаторыі складае ад 606 да 829 рублёў — разлічаны на тэрмін 18 дзён з пражываннем у двухмесным нумары, — тлумачыць Ларыса Жаўняровіч. — Узровень даходу вызначае, якую частку пуцёўкі давядзецца аплаціць. Звычайна гэта не больш за 15–20 працэнтаў кошту, паколькі даход тых, хто ў нас адпачывае, — гэта пенсія, а яе сярэдні памер сёння складае 391,65 рубля. 

20 працэнтаў адпачывальнікаў у санаторыях Мінпрацы і сацабароны — інваліды 1-й і 2-й групы, 42 працэнты — ветэраны працы і інваліды 3-й групы. І толькі 1 працэнт — інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Пераважнай большасці адпачывальнікаў — ад 58 гадоў і болей. Асоб у працаздольным узросце мала. Так што цішыня і спакой тут гарантаваныя. 

— Усе чатыры санаторыі агульнай колькасцю на 864 месцы працуюць са стапрацэнтнай нагрузкай круглы год, — канстатуе спецыяліст, тым не менш прызнае, што забяспечыць пуцёўкамі ўсіх, каму па медыцынскіх паказаннях патрэбна санаторна-курортнае лячэнне, установы Мінпрацы і сацабароны не ў стане.

ЛІЧБА

На ўтрыманне чатырох санаторыяў Мінпрацы і сацабароны на гэты год з рэспубліканскага бюджэту запланавана патраціць 10,7 млн рублёў, а на выплату грашовай дапамогі на аздараўленне — 2,1 млн рублёў.

zlovskaya@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Александр КУШНЕР
Загрузка...
Новости и статьи