Ремонт в кабинетах, интерактивные доски и поле для игры в шахматы и шашки: как школы готовятся к новому учебному году

Здаюць на выдатна

Летам у школе не спыняецца праца: трэба рыхтавацца да наступнага навучальнага года. Традыцыйна жнівень — месяц атрымання сертыфікатаў гатоўнасці ўстаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай і дадатковай адукацыі. Гэты дакумент — сведчанне, што будынак бяспечны і адпавядае патрабаванням розных службаў, да прыкладу, цэнтра гігіены, паліклінікі, аддзела аховы ўпраўлення ўнутраных спраў. Карэспандэнт «Р» адправілася ў ДУА «Сярэдняя школа № 92», што знаходзіцца ў Мінску па вуліцы Сурыкава, 21, і разам са спецыялістамі праверыла, ці гатовая школа прыняць навучэнцаў 1 верасня.

Сёння ўсе ўстановы адукацыі Заводскага раёна Мінска гатовыя да прыёмкі.

Абноўкі да пачатку года

Пачатак новага навучальнага года ўсё бліжэй. Таму хлопчыкам і дзяўчынкам пара дачытваць кнігі са спіса рэкамендаванай літаратуры, выбіраць сшыткі і ручкі, папаўняць запасы вокладак і, вядома ж, абнаўляць гардэроб. Для адміністрацыі школ цяпер таксама адказны перыяд. Яны дэманструюць гатоўнасць будынка і прылеглай тэрыторыі да «засялення» вучняў.

Трэба адзначыць, школа выглядае з іголачкі: роўна затынкаваныя і афарбаваныя сцены, трывалыя парты і сталы, абноўленыя жалюзі з выявамі архітэктуры раёна або тэматычных малюнкаў. Такіх, як, напрыклад, прабіркі для рэагентаў побач з самым выбухованебяспечным кабінетам — хіміі. Хол аформлены ў сіне-зялёных тонах. Яго маштабную прастору каляровым рашэннем падзялілі на дзве часткі: сіняя ілюструе ўладанні хімічнага класа, зялёная — класа біялогіі. На сценах мноства інфармацыі: карта рэакцый міжкласавых ператварэнняў, метамарфозы араматычных функцыянальных груп, інфармацыя аб рознакаляровай крыві (чырвонай, блакітнай, зялёнай, фіялетавай). Словам, і на перапынках адданыя паклоннікі навукі не будуць сумаваць.

Не занятыя стэндамі сцены рэкрэацыі адміністрацыя школы абсталявала магнітнымі дошкамі для гульні ў шашкі і шахматы. Насупраць — красворды і выява любімай гульні майго дзяцінства — крыжыкі-нулікі. Дарэчы, сёлета працягнулася тэндэнцыя тэматычна афармляць холы навучальных устаноў, каб прыгажосць была не толькі прыемнай воку, але і карыснай для падрастаючых розумаў.

На першым паверсе даніна фізічнаму выхаванню — спартыўная зала. На сцяне надзейна замацаваны традыцыйны элемент — гімнастычныя лесвіцы. Ужо колькі разоў я выконвала практыкаванні на пад’ём ног на падобных трэнажорах у роднай школе! Успомніла — і адчула прыемны боль у вобласці прэса.

— Сіламі нашага педагагічнага калектыву, тэхнічных работнікаў мы правялі касметычны рамонт: нанеслі разметку на падлогу, пакрылі яе лакам, — пералічвае дырэктар ДУА «Сярэдняя школа № 92» Нэлі Зелент. — Правялі каліброўку баскетбольных кольцаў. За навучальны год ад частага выкарыстання маглі расхістацца.

Дарэчы, школа ўпершыню адчыніла свае дзверы для дзяцей у далёкім 1964 годзе, а 15 гадоў таму перажыла капітальны рамонт. Цяпер, як кажа яе дырэктар, адміністрацыя імкнецца захоўваць парадак круглы год. Таму падрыхтоўка да новага навучальнага года не заняла шмат часу: справіліся за чэрвень і пачатак ліпеня.

— На касметычны рамонт патрацілі каля 10 000 рублёў з пазабюджэтнага фонду і прыкладна такую ж суму — са сродкаў апякунскага савета, — успамінае Нэлі Зелент. — Пры дапамозе прадугледжаных бюджэтам фінансаў закупілі інтэрактыўныя дошкі. Адну з іх усталявалі ў кабінеце фізікі.

— Разыначкай школы стаў клас па ахове працы. Ён адзіны на тэрыторыі раёна. Тут на камп’ютарах настаўнікі здаюць экзамены па адпаведнай тэме, — заўважае начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна Алена Цыпылава. — Звычайна ва ўстановах адукацыі прадугледжаны куткі аховы працы. У гэтай жа школе адведзены цэлы кабінет.

Не занятыя стэндамі сцены рэкрэацыі адміністрацыя школы абсталявала магнітнымі дошкамі для гульні ў шашкі і шахматы.

Галоўнае — здароўе

«Вайна вайной, а абед па раскладзе», — абвяшчае выказванне прускага караля Фрыдрыха Вільгельма I, якое стала крылатым. Вядома ж, ва ўстанове адукацыі ніхто не ваюе. Хіба што за веды. Але кормяць тут, мабыць, нядрэнна. Усе навучэнцы сілкуюцца абедамі, прыгатаванымі школьнымі поварамі.

— Меню аднолькавае ва ўсім раёне, — тлумачыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Кацярына Усава. — Акрамя таго, у сталовай працуе буфет з прадастаўленнем шырокага асартыменту дадатковых страў, такіх як салаты з гародніны, малочная прадукцыя для дзіцячага харчавання, садавіна, выпечка ўласнай вытворчасці. Адна з галоўных задач нашай установы — фарміраваць у падрастаючага пакалення звычку здаровага і правільнага харчавання.

Прыгажосць і зручнасць — гэта, безумоўна, важна. Але яны значна саступаюць галоўнаму крытэрыю дзіцячай установы — бяспецы. Каб здароўю вучняў нічога не пагражала, двойчы на год праводзіцца спецыяльная праверка.

— Традыцыйна ў летні і вясновы перыяды спецыяльная камісія старанна аглядае надворнае абсталяванне. У прыватнасці, спартыўныя пляцоўкі. Важна, каб пасля заканчэння навучальнага года і пасля зімы ўсе дэталі былі непашкоджаныя, у выдатным стане, — расказвае Нэлі Зелент.

— На сёння магу з упэўненасцю заявіць, што ўсе ўстановы адукацыі Заводскага раёна Мінска гатовыя да прыёмкі, — агучвае вынік прамежкавага агляду школ намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна Вольга Каранеўская. — Адзначу, што камісія ў першую чаргу звяртае ўвагу на бяспечную арганізацыю навучальнага працэсу, забяспечанасць педагагічнымі кадрамі, патрэбнай метадычнай літаратурай. Дарэчы, сёлета больш за 20 000 дзетак сядуць за парты нашых устаноў адукацыі.

КАМПЕТЭНТНА

Ігар КАРПЕНКА, міністр адукацыі:


— У нас у краіне 3020 школ. Большасць з іх да канца жніўня павінна атрымаць сертыфікаты гатоўнасці, каб 1 верасня адчыніць свае дзверы і прыняць рабят. Выключэнне складуць толькі тыя школы, дзе вядзецца капітальны рамонт. Ніякіх асаблівых новаўвядзенняў для навучэнцаў не плануецца. Традыцыйна штогод абнаўляюцца навучальныя планы і праграмы у адпаведнасці з рэаліямі часу. Мы кожны год выпускаем метадычныя рэкамендацыі па розных напрамках — па выкладанні канкрэтных прадметаў, пытаннях выхавання, навучання. Перавыдаюцца і карэкціруюцца падручнікі з улікам тых прапаноў, якія паступаюць ад педагагічнай і бацькоўскай грамадскасці.

tychko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter