Вось i надыйшло каляндарнае лета. Ад гэтай, хай і фармальнай змены пары года, становіцца весялей. Дапамагае ўзбадзёрыцца і сонца, якое ў апошнія дні радуе сваімі прамянямі. Хтосьці з надыходам гарачых дзянькоў пойдзе на пляж, нехта схаваецца ў цяньку, а самыя прадбачлівыя паедуць на аздараўленне. Пра падрабязнасці летняй санаторна-курортнай кампаніі дазнаўся карэспандэнт «Р».

На арганізацыю і правядзенне летняй аздараўленчай кампаніі гэтага года выдзелена больш за 46,5 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў, у тым ліку каля 600 тысяч рублёў — на аказанне дапамогі ў падрыхтоўцы загарадных лагераў да працы ў летні перыяд. На падставе заявак ад бацькоў сфарміраваны і зацверджаны планавыя аб’ёмы аздараўлення дзяцей у лагерах.
— Пуцёўкамі плануецца забяспечыць 342 000 навучэнцаў, з іх 197 600 паправяць здароўе ў дзённых лагерах і 144 400 дзяцей у кругласутачных, — адзначыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі. — Для дасягнення названых планавых аб’ёмаў за летні канікулярны перыяд плануецца арганізаваць працу 5600 лагераў. З іх 1400 — кругласутачныя, уключаючы 147 стацыянарных, і 4200 дзённых.
Асноўным прынцыпам працы лагераў з’яўляецца забеспячэнне бяспечнага знаходжання ў іх дзяцей. З-за нестабільнай эпідэміялагічнай сітуацыі прыняты дадатковыя меры па захаванню ў лагерах санітарна-эпідэмічнага рэжыму на падставе вопыту работы па арганізацыі аздараўлення дзяцей у папярэдні канікулярны перыяд. Дапрацаваны і зацверджаны метадычныя рэкамендацыі па прафілактыцы ўзнікнення і распаўсюджвання COVID-19 пры арганізацыі працы аздараўленчых і санаторна-курортных устаноў для дзяцей. Будзе працягнуты пастаянны прафілактычны маніторынг бяспечнага знаходжання дзяцей на аздараўленні. Гэтым маніторынгам будуць ахоплены ўсе кругласутачныя і дзённыя лагеры. Няўхільнае выкананне названых метадычных рэкамендацый прывядзе да бяспечнага знаходжання дзяцей на аздараўленні і не акажа істотнага ўплыву на кошт пуцёвак.
Дарэчы, дзеля захавання даступнасці аздараўлення і недапушчэння неабгрунтаванага завышэння цэн на паслугі лагераў, яны будуць рэгулявацца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.
— Штогадовы рост гэтых коштаў абмежаваны па-раметрамі макраэканамічнага развіцця рэспублікі і кантралюецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, — патлумачыў Генадзь Балбатоўскі. — Цэнтр па ўзгадненні з Міністэрствам фінансаў праіндэксаваў меры змяншэння кошту пуцёвак у лагеры. Так, планавы кошт пуцёўкі ў кругласутачны 18-дзённы лагер складзе 520 рублёў, а больш танны, за кошт сродкаў бюджэту — 215 рублёў, або 41 працэнт ад кошту. У мінулым годзе фактычны кошт такой пуцёўкі склаў 496 рублёў. Прагназуемы кошт у дзённы лагер на 18 дзён складзе 127 рублёў, а больш танны, за кошт сродкаў бюджэту, — 89 рублёў, або 70 працэнтаў ад кошту. Пуцёўкі ў лагеры таксама будуць дадаткова таннець за кошт сродкаў мясцовага бюджэту, прафсаюзаў і наймальнікаў. Пры гэтым бацькоўская даплата за пуцёўку ў кругласутачны лагер, як і ў папярэднія гады, складзе менш за 10 працэнтаў ад яе поўнага кошту.
У гэтым годзе будзе забяспечана захаванне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы загараднага аздараўлення дзяцей. Прагназуецца, што агульная сума сродкаў, якія будуць выдзелены на гэтыя мэты, у гэтым годзе складзе каля 15 мільёнаў рублёў. Усяго на гэта ў 2015—2020 гады з розных крыніц фінансавання было выдзелена больш за 100 мільёнаў рублёў. Рацыянальнае выкарыстанне фінансавання дазваляе спыніць негатыўную тэндэнцыю — масавае закрыццё лагераў, захаваць і значна ўмацаваць іх базу, стварыць камфортныя ўмовы знаходжання і забяспечыць пастаяннае павышэнне эфектыўнасці аздараўлення.
У сувязі з падрыхтоўкай да правядзення дзіцячай летне-аздараўленчай кампаніі 2021 года вызначаны аб’екты, на базе якіх будзе арганізавана аздараўленне дзяцей, забяспечаны падбор і вучоба кіраўнікоў, педагагічных, медыцынскіх работнікаў, супрацоўнікаў харчаблока. Распрацаваны і зацверджаны пералік дадатковых супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, якія будуць рэалізаваны ў лагерах для забеспячэння бяспечнага знаходжання дзяцей на аздараўленні.
Зараз завяршаецца падрыхтоўка лагераў да працы ў летні перыяд. Прыярытэтнымі з’яўляюцца пытанні бяспечнага знаходжання дзяцей у лагерах. Яны будуць знаходзіцца на пастаянным кантролі зацікаўленых дзяржаўных органаў і арганізацый.
У цэлым, па прагнозах Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, запаўняльнасць аздараўленчых санаторна-курортных устаноў летам гэтага года дасягне максімальнага ўзроўню ў адпаведнасці з метадычнымі рэкамендацыямі.
— Па выніках першага квартала мы бачым станоўчую тэндэнцыю па павелічэнню попыту на гэты від паслуг, — падзяліўся інфармацыяй Генадзь Балбатоўскі. — Напрыклад, ёсць рост выручкі на 17 працэнтаў. У першым квартале яна склала 109 мільёнаў рублёў. Для параўнання: у чацвёртым квартале мінулага года гэтая сума складала 93 мільёны рублёў. Рост па колькасці людзей, якія атрымалі паслугі ў параўнанні з чацвёртым кварталам — плюс 33 працэнты: 216 000 чалавек супраць 163 000 адпаведна. Адзначаецца рост на дадатковыя платныя паслугі на 34 працэнты ў параўнанні з чацвёртым кварталам.
Рэспубліканскі цэнтр разлічвае, што запаўняльнасць беларускіх здраўніц у пікавы сезон дасягне 80—90 працэнтаў — будзе максімальнай у сённяшняй эпідсітуацыі.
Усе дзяржаўныя праграмы і сацыяльныя праекты ў першым квартале выкананы ў поўным аб’ёме. Рэспубліканскім цэнтрам праводзіцца штодзённы маніторынг дзейнасці ўстаноў і санітарна-эпідэмічнага дабрабыту. За апошні месяц у санаторна-курортных і аздараўленчых установах не выяўлена ніводнага пацверджанага выпадку захворвання каронавіруснай інфекцыяй як сярод работнікаў, так і сярод адпачываючых. Каля 2500 замежнікаў у дадзены перыяд карыстаюцца паслугамі беларускіх здраўніц. Прагназуецца, што летам гэтая лічба вырасце да 5000.
— Улічваючы павелічэнне попыту, па выніках года мы плануем выйсці на лічбы, якія былі ў паспяховыя перыяды працы, — сказаў на заканчэнне Генадзь Балбатоўскі.
grudnitskiy@sb.by