Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У якіх кірунках развіваецца беларуская фармацэўтычная прамысловасць і медыцынская навука

Здароўе... з прабіркі

Медыцына ў свеце разві­ваецца такімі хуткімі тэмпамі, што часам здаецца: яшчэ трохі — і ўжо чалавека будуць “абнаўляць” па частках, нібыта машыну ў аўтасэрвісе. Спецыялісты сцвярд­жаюць, што гадоў праз 10-20 урачы змогуць паспяхова спраў­ляцца з некаторымі невы­лечнымі пакуль хвароба­мі. Нядаўна ў Мінску з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя, фармацэўтыч­най прамысловасці ды вучоных прайшла прэс-канферэн­цыя, прысвечаная развіццю фармацэўтычнай навукі, най­ноў­шым распрацоўкам у сферы аховы здароўя.


Прагназаваць будучыню аховы здароўя ў свеце не будзем. Раскажам пра новыя лекавыя прэпараты і медтэхналогіі, якія апрабаваны і ў бліжэйшы час будуць укаранёны ў лячэбную практыку Беларусі.

Лекавыя прэпараты-2017

Самыя пашыраныя захвор­ванні XXI стагоддзя, якія ўсур’ёз пагражаюць здароўю чалавека, у Беларусі, як і па ўсім свеце, гэта анкалогія, розныя інфекцыі (ВІЧ, гепатыт), цукровы дыябет і сардэчна-сасудзістыя захворванні. Чым заняты беларускія фармацэўты? Пра тое расказала прадстаўніца Дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці Мінздрава Татьяна Тумеля: “Асноўныя напрамкамі нашы на бліжэйшыя пяць гадоў: стварэнне імпартазамяшчальных прэпаратаў, якія па якасных паказчыках не саступаюць арыгінальным і такія ж эфектыўныя і бяспечныя, але пры тым больш даступныя па цэнах”.   

У 2017-м з’явіцца новы лекавы прэпарат беларускай вытворчасці для лячэння хворых гепатытам С. У параўнанні з тымі, што ёсць, будзе мець шэраг пераваг: больш эфектыўны, добра пераносіцца. Таму яго можна будзе прымаць і хворым з спадарожнымі захворваннямі. Зручная для ўжывання форма, і кошт — у 10 разоў меншы, чым у імпартных аналагаў.

Яшчэ навінка: прадпрыемства “Белмедпрэпараты” сумесна з кампаніяй NovoNordisk стварае масавую вытворчасць інсуліну ў картрыджах. Прымяняць — значна зручней, чым з флакона. Хворыя на цукровы дыябет змогуць скарыстацца сродкам у любым месцы, бо навінка лёгка змяшчаецца ў кішэні.

Новыя распрацоўкі

Галоўны прынцып беларускай аховы здароўя: сучасныя лекі павінны быць як эфектыўныя, так і даступныя па цане. Спецыялісты скіраваны ў першую чаргу на распрацоўку больш танных тэхнологій. На падыходзе ўжо новыя высокаэфектыўныя прэпараты, каб лячыць рак печані ды нырак. “Вялікія пухліны на гэтых органах вельмі цяжка паддаюцца лячэнню, — распавяла Алена Калінічэнка, намесніца дырэктара па навуковай ды інавацыйнай працы Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі, член-карэспандэнт НАН, доктар хімічных навук. — Цяпер у Беларусі, па свеце дастаткова добра навучыліся лячыць лейкоз — рак крыві. Падбіраюцца камбінацыі рэчываў, якія дазваляюць рэзка павялічыць працягласць і якасць жыцця, здараецца і поўнае вылечванне. Вялікія пухліны і для лячэння вельмі цяжкія, і хірургічнае ўмяшанне дае вынік не заўсёды. Таму мы ўзяліся за распрацоўку новага прэпарата”. Ён спыняе рост пухліны. І калі адна таблетка замежнага аналагу каштуе 60 даляраў, то беларускія фармацэўты маюць намер дамагчыся зніжэння кошту свайго прэпарата як мінімум у два разы. І эфектыўнасць у яго — яшчэ вышэйшая.

Эфектыўнасць, бяспека, ніжэйшыя кошты — асноўныя арыенціры. Плюс зручнасць ужывання лекаў. Цяпер “Белмедпрэпараты” распачалі распрацоўку трансдэрмальных тэрапеўтычных сістэм — мяккіх лекавых формаў для вонкавага ўжывання ў форме пластыраў ці плёнак. Такі пластыр будзе наклейвацца на скуру, і лекі праз верхнія яе пласты зусім бязбольна хутка пранікнуць у кроў.

Сучасная фармацэўтычная вытворчасць у Беларусі
Фота: ТАЦЦЯНА СТАЛЯРОВА

Новыя тэхналогіі-2017

Сярод інавацыйных распрацовак сёння не толькі новыя лякарствы і тэхналогіі вытворчасці, але і тэхналогіі лячэння. Найперш гаворка — пра тэхналогіі клеткавыя, заснаваныя на выкарыстанні ствалавых клетках. Так, у Інстытуце фізіялогіі НАН Беларусі распрацавана ўнікальная тэхналогія лячэння хворых з траўмамі галаўнога мозгу і пацыентаў з інсультамі. “Па гэты час ва ўсім свеце ствалавыя клеткі ўводзіліся пацыентам ці ўнутрывенна, ці праз сонную артэрыю, ці праз трэпанацыйную адтуліну ў чэрапе, — пасвячае ў тонкасці справы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі, член-карэспандэнт, доктар медыцынскіх навук, прафесар Уладзімір Кульчыцкі. — Рабіць тое досыць складана, тым больш для чалавека ў цяжкім стане. Мы вырашылі выкарыстоўваць здольнасць ствалавых клетак перамяшчацца ўздоўж валокнаў чэрапна-мазгавых нерваў. І ў вобласці заканчэння нерва, напрыклад носа, мы ўводзім невялікі аб’ём (0,1 мл) раствора, у якім ёсць ствалавыя клеткі, яны ўжо праз гадзіну пачынаюць назапашвацца ў месцы траўмы. З дазволу Мінздрава 20 пацыентам з захворваннямі мозгу з іх згоды ўжо сёлета сумесна з нейрахірургамі РНПЦ акрамя лекавай тэрапіі, якая пакуль, на жаль, не вельмі эфектыўная, будзе выкарыстоўвацца і такая тэрапія.

Яшчэ ў Інстытуце фізіялогіі даследуюць уласцівасці чалавечага бялку лактаферыну, атрыманага з малака трансгенных коз, вырашчаных супрацоўнікамі НПЦ НАН Беларусі. Навукоўцы распрацоўваюць методыкі, каб прымяніць яго для павышэння проціпухліннай актыўнасці імуннай сістэмы. Прыкладная значнасць падобных распрацовак у сферы анкалогіі — велізарная. Знайшлі вучоныя і спосаб, каб перамагчы хранічны недасып. Спецыялісты РНПЦ атарыналарынгалогіі сумесна з навукоўцамі з Інстытута фізіялогіі распрацавалі тэхналогію і прыладу для пацыентаў, у якіх часта здараюцца выпадкі прыпынку дыхання пад час сну. Бывае, іхні храп ператварае начны сон у начны кашмар, а частыя прыпынкі дыхання ў сне могуць прывесці да інсульту, інфаркту, нават раптоўнай смерці. Цяпер ёсць сродак, каб спаць спакойна.

І на заканчэнне. Заслугоўваюць павагі намаганні нашых лекараў, фармацэўтаў і навукоўцаў. А ўсё ж і яны пагодзяцца: лепш весці нам здаровы лад жыцця, чым разлічваць на таблеткі, новыя тэхналогіі... Паводле навуковых даследаванняў, на 50% здароўе чалавека залежыць якраз ад ладу жыцця, 15-20% прыпадае на спадчыннасць, на 20-25% на чалавека ўплывае навакольнае асяроддзе. І толькі працэнтаў на 10-15 залежыць наша здароўе ад медзабеспячэння, сярод якога медыкаментознае лячэнне займае невялікую долю.

МОВАЮ ЛІЧБАЎ

Па стане на 1 сакавіка 2017 года ў Беларусі зарэгістравана 4,5 тыс. лекавых сродкаў, у тым ліку 1,6 тыс. айчыннай вытворчасці. Летась на фармацэўтычны рынак паступіла 116 новых айчынных лякарстваў. Больш за 25% вырабленых лекавых беларускіх прэпаратаў ідзе на экспарт: у 29 краін.

Голас Радзімы № 18 (3522), чацвер, 18 мая, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter