У Бараўлянах, у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі адкрыты два ўнікальныя аб’екты

Здароўе — галоўны клопат

У Бараўлянах, у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі адкрыты два ўнікальныя аб’екты: цэнтр пазітронна-эмісійнай тамаграфіі і малекулярна-генетычная лабараторыя канцэрагенезу


Распараджэнне пра іх будаўніцтва было дадзена Прэзідэнтам Беларусі ў 2013 годзе. Паводле разлікаў таго часу ўсе работы павінны былі заняць каля пяці гадоў. Але час — гэта грошы. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў значнага скарачэння тэрмінаў. Эканамічны эфект аператыўнасці — больш за 50 мільярдаў рублёў. Гэта калі лічыць па каштарысах. А тое, што ПЭТ-цэнтр і лабараторыя пачнуць абслугоўваць пацыентаў на 3 гады раней, чым было запланавана, ратуючы іх жыцці, ніякімі грашыма не вымераеш.

Прэзідэнт заслухаў даклады пра работу сістэмы аховы здароўя ў цэлым і анкалагічнага напрамку ў прыватнасці. Кантрольных параметраў тут, вядома, нямала. Але ўсё ж самымі важнымі бачацца дзве крывыя. Графік нараджальнасці, які імкнецца ўверх, і падаючы — смяротнасці. Практычна нулявая дзіцячая і матчына смяротнасць. Далёка не кожная краіна можа ганарыцца такімі дасягненнямі. Нават з ліку самых развітых. Невыпадкова паведамленне Прэзідэнта ў ААН пра гэта выклікала непадробную цікавасць удзельнікаў 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі. Ахова мацярынства і дзяцінства прылічаны да глабальных прыярытэтных мэт тысячагоддзя. І пакуль большасць дзяржаў свету толькі мараць пра высокія паказчыкі на гэтых напрамках, мы можам з поўнай упэўненасцю казаць пра дасягненне гэтага арыенціра.

Пазітыўныя змены ў дэмаграфіі не прыйшлі самі сабой. На фоне адваротных працэсаў ва ўсёй Еўропе, ды і ў большасці краін свету разумееш: цудаў не бывае. Гэта вынік вельмі вялікай і мэтанакіраванай работы па ўдасканаленні сістэмы аховы здароўя. Яе дакладнага структуравання і размеркавання функцый ад сельскіх фельчарска-акушэрскіх пунктаў да рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў. Гэта справа не аднаго дня і нават не аднаго года. Паступальная мадэрнізацыя ішла сама меней 10-15 гадоў. І хочацца верыць, што цяперашнія аптымістычныя знакі — гэта пачатак пазітыўнай тэндэнцыі, якая з часам будзе толькі мацнець.

Рак — глабальная праблема. Колькасць хворых з году ў год расце. Наша краіна, на жаль, не выключэнне. У 1990 годзе ўпершыню такі дыягназ быў пастаўлены 26.930 пацыентам. У мінулым — 45.887. Аднак вось яшчэ якая статыстычная інфармацыя звяртае на сябе ўвагу. Суадносіны смяротнасці да захворвання ў нашай краіне прыкметна ніжэйшыя, чым ва ўсёй СНД. Прыкладна на сярэднееўрапейскім узроўні, які не перавышае 40 працэнтаў.

Так, хвароба страшная. Аднак відавочна і тое, што прырост яе выяўлення шмат у чым абумоўлены і павышэннем год ад году якасці дыягностыкі. У краіне для гэтага прынята спецыяльная дзяржаўная праграма. Па ёй распрацавана і ўкаранёна каля 80 новых метадаў дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў. Вынік — прагрэсіруючы рост выяўлення хваробы на ранніх стадыях.

Варта прывесці тут яшчэ адну ілюстрацыю ў лічбах. За два дні да наведвання Прэзідэнтам РНПЦ анкалогіі там пачала работу навукова-практычная канферэнцыя “Новыя тэхналогіі ў медыцыне”. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з яе ўдзельнікамі. У адным з выступленняў прагучала такая інфармацыя. Па адной з найбольш аўтарытэтных методык ацэнкі эфектыўнасці анкаслужбаў у дзяржавах, за апошнія 15 гадоў у Беларусі папярэджана амаль 100 тысяч смерцяў ад анкалогіі. І не проста папярэджана. Гэта людзі, якія вярнуліся да паўнацэннага жыцця, ходзяць на працу і клапоцяцца пра свае сем’і. Буйны горад накшталт Салігорска. Вось яна, рэальная шкала вымярэння эфектыўнасці дзяржаўнай падтрымкі канкрэтнага медыцынскага напрамку. А калі падлічыць іншыя?

Адкрытыя ПЭТ-цэнтр і лабараторыя канцэрагенезу — два наймацнейшыя інструменты аховы здароўя лю­дзей. Гэта новыя выратаваныя жыцці. І іх будзе нямала. Неспецыялісту складана ўнікнуць ва ўсе тэхналагічныя нюансы. Ды і не патрэбна гэта. Галоўнае — вынік. Абсталяванне цэнтра дае магчымасць выявіць у арганізме чалавека нават адну-адзіную (!) клетку ракавай пухліны. Гэта своеасаблівая дакладная наводка для лабараторыі, якая ведае, дзе браць матэрыял на аналіз. Прычым даследуе ўзор на малекулярным узроўні, знаходзячы ген, які справакаваў захворванне. Гэта адкрывае ўнікальную магчымасць пераходу ад агульных методык лячэння захворвання да распрацоўкі індывідуальнай праграмы для кожнага канкрэтнага пацыента. У свеце літаральна па пальцах можна пералічыць краіны, якія ўваходзяць у эру персаніфікаванай барацьбы з ракам. Беларусь у іх ліку.

На канферэнцыі выступілі спецыялісты розных напрамкаў медыцыны. Тэзісна іх ацэнкі. У дзіцячай анкалогіі ПЭТ-дыягностыка вельмі неабходная. Але да цяперашняга часу нашы спецыялісты маглі толькі парэкамендаваць яе зрабіць за межамі краіны. Кошт пытання ў межах 1.000-1.500 долараў. Не кожны мог сабе гэта дазволіць. Цяпер адкрыта магчымасць для ўсіх, каму яна прызначана. У кардыялогіі ПЭТ дазволіць адсочваць стан міякарда, што вельмі важна для лячэння сардэчных хвароб. У нейрахірургіі новая методыка дасць дадатковыя шанцы хворым на эпілепсію, хваробу Альцгеймера, Паркінсона і шэраг іншых. Медыкі-прафесіяналы працягвалі б гэты пералік яшчэ доўга...

Тут дарэчныя некаторыя абагульненні. Праз спрэчкі, навуковыя дыспуты, грамадскія дыскусіі і валявыя дзяржаўныя рашэнні Беларусь паступальна ўвайшла ў клуб краін, перахо­дзячых да больш высокіх тэхналагічных укладаў. Так, пакуль не ва ўсіх галінах. Але па ўсім відаць — гэта працэс росту і справа часу. Мы прысутнічаем у космасе і аказваем там паслугі партнёрам. Зразумела, не без матэрыяльнай выгады. Беларускія IT-спецыялісты ў свеце — на вагу золата. І зарабляюць цалкам прыстойна, пры­чым не выязджаючы з краіны. Інфармацыйныя тэхналогіі не ведаюць межаў.

І яшчэ адна важная заўвага. Цэнтр і лабараторыя ў Бараўлянах яшчэ толькі будаваліся, а прапановы з розных краін аб супрацоўніцтве, ад людзей з просьбай прыняць, ад спецыялістаў аб уладкаванні на працу ішлі па нарастаючай. Такая рэальнасць. Якасна новая рэальнасць.


Аляксандр Лукашэнка:


Ахове здароўя мы надаём асаблівую ўвагу. Так і будзе надалей. Таму што гэта жыццё людзей... Гэта наша перспектыва. Гэта высока каціруецца ў свеце. Беларусь займае 53-е месца па ўзроўні чалавечага развіцця сярод двухсот краін. Гэта вельмі высокі ўзровень. І без медыцыны такога ўзроўню не было б... Тэхналогіі вядучыя, сур’ёзныя, дзейсныя ў трансплантацыі, анкалогіі, кардыялогіі, вядома, будуць у рэспубліканскіх цэнтрах. Але трэба падумаць, як іх апускаць, падтрымліваючы базу і ствараючы ўмовы, да ўзроўню рэгіёнаў. Мы павінны задзейнічаць усю нашу медыцынскую грамадскасць, усіх нашых дактароў і навучыць іх самым перадавым тэхналогіям. Матэрыяльную базу створым: не сёння — заўтра. Не заўтра — паслязаўтра. Але вы павінны быць да гэтага гатовыя. Вядучыя цэнтры павінны бачыць перспектыву.
Дзяніс Крымаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter