Зданнi старога млына

Ёсць прапанова на некалькi хвiлiн пераключыцца на больш кансерватыўны, але вельмi цiкавы занятак — завочнае падарожжа ў мiнуўшчыну роднага краю. А пачалося яно яшчэ 27 жнiўня 2002 года. Публiкацыяй «Крыж-баба маўчыць, чортаў камень — таксама» ў нашай газеце нарадзiлася рубрыка «Легенды Прыдзвiнскага краю». Пасля было надрукавана яшчэ некалькi цiкавых легенд i паданняў. Пра-пануем чарговы сюжэт.
I. Кожны з вас, даражэнькiя-каханенькiя, хоць аднойчы ў жыццi бываў на старым млыне. Такiя ёсць не толькi ў кожнай вобласцi, але i ў кожным раёне, многiх вёсках. Карацей, там, дзе людзi спрабавалi перагарадзiць мясцовыя рэчкi цi азёры, каб прымусiць iх працаваць на сябе. Гэта цяпер у гарадах дзей-нiчаюць магутныя хлеба-камбiнаты, хлебазаводы, пякарнi рознай магутнасцi. А ў мiнулым стагоддзi сяляне будавалi млыны на рэках ды азёрах. На каменных жорнах абдзiралi крупы, вырашчаныя жыта, пшанiцу, ячмень малолi на муку i затым пяклi хлеб, праснакi, абаранкi i шмат чаго яшчэ. I ўсё б гэта толькi цешыла ды радавала, але нячыстая сiла заўсёды пляла павуцiнне, каб застрашыць, а то i знiшчыць людзей. Чамусьцi млыны для ведзьмакоў i русалак былi дужа зручным месцам, а то i пастаянным жытлом, дзе яны выраблялi рознае паскудства. Нярэдка i млынары хаўрусавалi з нячысцiкамi. Бывала так навучалiся чар-накнiжнiцтву, што станавiлiся адной кампанiяй з брыдкiмi пярэваратнямi. Таму i нядобрая слава хадзiла пра млыны i млынароў. Жартавалi, што ў вiрах пад млынамi водзiцца розных нячысцiкаў, русалак ды вадзянiкоў куды болей, чым печкуроў. Таму сяляне з наступленнем цемры старалiся ад гiблага месца збегчы, нават не паспеўшы змалоць зерне на муку. Менавiта такая вось дурная слава ў акрузе з вуснуў у вусны перадавалася пра стары аршанскi млын. II. Яшчэ ў канцы XIX стагоддзя жыў у Оршы мясцовы асiлак па прозвiшчы Карп Шчэрба. Паданне даносiць да нас, што быў ён высокага росту i сiлы незвычайнай. На спрэчку ламаў у далонi конскую падкову i завязваў у вузел металiчны лом. А працаваў Карп лiхтаршчыкам. Была такая прафесiя, калi яшчэ не вынайшлi электрычнае святло. У абавязкi лiхтаршчыка ўваходзiла кожны вечар абыходзiць гарадскiя вулiцы, запальваць на iх газавыя лiхтары, а ранiцай тушыць iх. Адзiн з лiхтароў якраз мацаваўся на слупе каля вадзянога млына на вiрлiвай плынi рэчкi Аршыцы. Аднаго разу Карп Шчэрба прыцемкамi перайшоў масток i ўзабраўся па лесвiцы на лiхтарны слуп, каб запалiць газу. Раптам з хмызняку ля ракi прама да лiхтара выскачыла вялiзная чорная свiння. Са спрытам бабра раз’юшаная жывёлiна стала грызцi слуп. I кепска прыйшлося б Карпу пры ўсёй ягонай сiле, калi б слуп упаў на зямлю. Але лiхтаршчык своечасова заклiкаў у малiтве божую дапамогу, падмацаваўшы яе хрэсным знакам. А пасля наклаў зверху крыж i на свiнню. Як апасля расказваў сам Карп, яна зараўла, уздыбiла шчацiнне i гэтак жа нечакана знiкла. Застаўся толькi смярдзючы чорны дым. А бедны Карп, калоцячыся нiбы асiнавы лiст, так-сяк злез з лiхтарнага слупа. З малiтвай i хрэсным знакам падаўся ў горад — далей ад страшнага месца. III. Яшчэ адно паданне з тых часоў. Бацька з сынам паспелi змалоць муку недзе ў прыцемках. Xоць дарога да роднай вёскi была i няблiзкай, але заставацца начаваць на млыне сяляне не рашылiся. Куды спакайней i весялей здавалася вяртацца на падводзе, балазе якраз i ноч пачыналася з месячным святлом. Пагрузiлi сяляне самы патрэбны ў жыццi скарб, абтрэслi з вопраткi пахучы белы пыл i хуценька ўселiся на падводу. Толькi ўз’ехалi на мост цераз рэчку Аршыцу, як здранцвелi ад салодкага дзявочага спеву, што даносiўся ад блiскучай пад месячным ззяннем вадзяной стужкi. Спынiлiся падарожнiкi ды зiрнулi ўнiз — туды, адкуль лiлася дзiўная песня. Цi то ў вадзе, цi то над вадой стаяла дзяўчына-прыгажуня. Зусiм голая, яна расчэсвала доўгiя косы i вабiла да сябе. Нiбы зачараваны, сын у нейкiм ачмурэннi хацеў ужо пераступiць цераз парэнчы маста. Ды ў бацькi хапiла розуму ў апошнi момант схапiць малайца за плячо. Стары селянiн, а за iм ягоны сын сталi малiцца — i туман русалчыных чараў споўз з вачэй. Голая спакуснiца цяжка ўздыхнула, спынiла дурманлiвы спеў i як бы растварылася пад срэбрам месячнага святла. IV. Мiнулi стагоддзi. Стары млын неаднаразова перажываў розныя рэканструкцыi, стаў нават сведкам рэвалюцыi. Шмат змянiлася i гаспадароў. Ужо ў савецкi час замест устарэлых вадзянога i паравога рухавiкоў на млыне ўстанавiлi элект-рарухавiк. I муку тут малолi — аж гай шумеў — ажно да 1960 года. Потым будынак яшчэ пару дзесяткаў гадоў выкарыстоўвалi пад склад. У канцы мiнулага стагоддзя старадаўняя канструкцыя аказалася дужа прывабнай пад размяшчэнне тут гарадскога этнаграфiчнага музея. Вось тут i пачалося. А дакладней — прадоўжылася. Не iначай як нячысцiкам ды русалкам не прыйшлiся даспадобы навацыi. Разам са старадаўняй прафесiяй млынара знiк i шматгадовы iнтэр’ер. Няўтульна стала нячыстай сiле без мутнай затокi. Часта позняй ноччу ў этнаграфiчным музеi пачала адвольна ўключацца ахоўная сiгналiзацыя. Супрацоўнiкi «Аховы» з ног збiлiся ў пошуку зладзеяў — i нiкога не знайшлi. Музейныя работнiкi здавалi аб’ект пад ахову па ўсiх правiлах. I пакуль бацюшка, кажуць, не асвяцiў усе закуткi былога млына, да таго часу сваволiў няўлоўны i нябачны полтэргейст у старажытных сценах. V. Такiя вось ява i летуценнi даўнiны глыбокай. А як сёння адчувае сябе былы «прытон» нячыстай сiлы? Намеснiк дырэктара па навуковай рабоце этнаграфiчнага музея Iрына Лiпiнская i яе цёзка навуковы супрацоўнiк Iрына Падалiнская больш ахвотна распавядаюць не пра мiнуўшчыну, а пра не менш цiкавы сённяшнi статус сваёй установы. Сюды любяць заглядваць не толькi мясцовыя турысты, але i замежныя госцi. Здараецца, што за дзень праходзiць каля сотнi чалавек. Iншаземцам з Канады, Японii, Германii, Iталii, Англii асаблiва даспадобы старажытныя беларускiя ўборы — фартухi, спаднiцы, ручнiкi, прадметы быту сялян i рамеснiкаў былых Магiлёўскай i Вiцебскай губерняў. А самы унiкальны экспанат — кросны, якiя даюць уяўленне аб старажытнабеларускiм ткацтве. Цi ёсць якiя зданi, страшылкi ды напамiн аб нячыстай сiле? Гаспадынi музея сцвярджаюць, што ўсё гэта ў мiнулым. Аднак побач з былым старым млыном растуць тры прыгажунi-бярозы. Кожнаму з дрэў не менш за паўстагоддзя. Ёсць прымха, што менавiта на бярозах любяць сядзець русалкi, расчэсваць доўгiя валасы i салодкiмi спевамi зводзiць з розуму сваiх ахвяр. I таму не варта пачынаць гульню ў жмуркi з нячыстай сiлай.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter