Збожжа за мяжу, салярку ў бакі

Земляробы Віцебшчыны закончылі з усімі палявымі работамі, акрамя ўздыму зябліва
ЗЕМЛЯРОБЫ Віцебшчыны закончылі з усімі палявымі работамі, акрамя ўздыму зябліва. І вось тут паставіць кропку пакуль што не ўдаецца. На ўчарашні дзень было ўзарана ўсяго 40 працэнтаў ад запланаванага.


Прычына ў недахопе паліва. Так, у Полацкім раёне з запланаваных 11 тысяч гектараў ворыва праведзена на 7 тысячах, або  63,6 працэнта, што вышэй сярэднеабласнога паказчыка. Але, як заўважыла намеснік начальніка райсельгасхарчу Наталля Крывец, гэтая лічба дасягнута ў першую чаргу за кошт сельгасфіліялаў Полацкага камбіната хлебапрадуктаў, «Віцебскэнерга» і некаторых іншых прамысловых прадпрыемстваў, якія больш-менш забяспечаны гаручым. У такіх гаспадарках здолелі падняць ад 70 да 80 працэнтаў зябліва. Закончылі гэтую работу і ў мясцовым аграсэрвісе, набліжаецца да завяршэння яна без усялякай падтрымкі інвестараў у ААТ «Новыя Гараны». Там знайшлі свае ўнутраныя рэзервы за кошт прадуманай гаспадарчай дзейнасці.

У большай жа палове сельгаспрадпрыемстваў тэхніка гадзінамі, а то і днямі прастойвае з-за адсутнасці гаруча-змазачных матэрыялаў. Такі малюнак фактычна ва ўсіх раёнах вобласці, за выключэннем Аршанскага і Дубровенскага.

— Нам па заданні трэба падняць 15 тысяч гектараў зябліва, — паведаміў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Верхнядзвінскага райвыканкама Уладзімір Быкаў. — Працуем ужо на другой палове. Стрымлівае паліва. Даводзіцца шукаць розныя выхады. Па-першае, сельгаспрадпрыемствы дапамагаюць адно аднаму, «распазычылі» праз перакрэдытаванне каля 250 тон саляркі. Па-другое, прадаём збожжа ў Расію і за атрыманыя грошы набываем паліва.

Не стаіць убаку ад праблемы і кіраўніцтва вобласці, якое дабілася не толькі рэалізацыі збожжа за межы краіны, але і робіць  канкрэтныя крокі, каб спрасціць гэты «ланцужок», прыбраць лішніх пасярэднікаў. Дарэчы, фуражнае зерне рэалізуецца па даволі неблагой цане — да мільёна 700 тысяч рублёў за тону.

А таму ў спецыялістаў ёсць надзея, што заданне па асеннім ворыве ўсё ж будзе выканана.

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter