1 верасня ў школу пойдзе больш за адзін мiльён навучэнцаў. 114 000 з iх — у першы клас

Збiрайце школьныя партфелi

Менш за тыдзень засталося да таго моманту, калi школьны званок зноў паклiча дзяцей за парты. 1 верасня пройдуць урачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да пачатку навучальнага года i Дня ведаў. Тэма першага ўрока — «Я вырас тут, i край мне гэты дарагi».

Пасведчаннi аб гатоўнасцi навучальных устаноў падпiсаны на 99,6 працэнта, з астатнiмi пытанне будзе вырашана да 30 жнiўня.

2990 дзяржаўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыi прымуць каля 1 055 000 навучэнцаў. 114 000 хлопчыкаў і дзяўчынак сядуць за парты ўпершыню.

— Сертыфiкаты гатоўнасцi ўстаноў адукацыi падпiсаны на 99,6 працэнта, да 30 жнiўня вырашыцца пытанне з астатнiмi, каб 1 верасня ўсе школы ў штатным рэжыме змаглi прыняць вучняў, — праiнфармавала начальнiк упраўлення агульнай сярэдняй адукацыi Мiнiстэрства адукацыi Ірына Каржова.

Чым адметны новы навучальны год? Запланаваны ўвод у эксплуатацыю чатырох устаноў агульнай сярэдняй адукацыi ў Мiнску, Вiцебску, Гомелi i вёсцы Копiшча. У школы размеркавана звыш 4700 маладых спецыялiстаў.

Працягнецца работа базавых i профiльных 10—11-х класаў. Будуць функцыянаваць класы педагагiчнай, аграрнай, спартыўна-педагагiчнай i ваенна-патрыятычнай накiраванасцi. Навучэнцы гэтых спецыяльнасцей змогуць вывучыць базавыя прадметы на павышаным узроўнi i асвоiць праграму адпаведнага профiлю.

Нязменнымi застаюцца меры сацыяльнай абароны навучэнцаў. Школьнiкi маюць права на бясплатны праезд у грамадскiм транспарце, падвоз да месца вучобы i назад, бясплатнае карыстанне або знiжэнне платы за карыстанне падручнiкамi i харчаванне за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту. Дарэчы, магчымасцю падвозу да месца навучання карыстаецца больш за 66 000 дзяцей. Для гэтага задзейнiчана каля 1600 школьных аўтобусаў, у тым лiку 289 спецыяльна абсталяваных для падвозу навучэнцаў з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця.

Першы намеснiк начальнiка ўпраўлення нагляду i прафiлактыкi Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях Васiль Сiўчак заявiў, што колькасць устаноў адукацыi, не забяспечаных сiстэмай аўтаматычнай пажарнай сiгналiзацыi, да новага навучальнага года скарацiлася ў 2,5 раза, сiстэмай апавяшчэння людзей аб пажары — у 3,7 раза.

З 1 па 30 верасня МНС арганiзуе i правядзе акцыю «У цэнтры ўвагi — дзецi». Школьнiкам нагадаюць аб асновах бяспекi жыццядзейнасцi як ва ўстановах адукацыi, так i ў побыце. На гэтым прафiлактычная работа не скончыцца: на кастрычнiк запланавана акцыя «Моладзь — за бяспеку!», а блiжэй да снежня — традыцыйная акцыя «Бяспечны Новы год».

Васiль Сiўчак звярнуў увагу на работу адукацыйных цэнтраў:

— У краiне ўжо створана каля васьмі цэнтраў, якiя мы плануем задзейнiчаць у перыяд навучальнага года, каб навучыць дзяцей розным напрамкам бяспекi жыццядзейнасцi: правiлам паводзiн пры надзвычайных сiтуацыях, ахове здароўя, радыяцыйнай бяспецы i г. д.

grudnitskiy@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter