Узнали, как будет проводиться вакцинация от COVID-19 в Гомельской области

Збiлi наступ другой хвалi

Краiна пераадольвае другую хвалю пандэмii COVID-19. Бальнiцы паступова вяртаюцца да працы ў штатным рэжыме. Аднак казаць аб тым, што ўсё пройдзена, пакуль рана. У задачы, якую небяспечны вiрус паставiў свету, занадта шмат невядомых. Трэба будзе нямала зрабiць для яе вырашэння. Чарговым крокам на гэтым шляху павiнна стаць кампанiя па вакцынацыi.

Гомельскi абласны цэнтр гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя

Аб тым, як яна будзе праходзiць на Гомельшчыне, аб бягучай абстаноўцы i назапашаным досведзе «Р» распавялi ў Гомельскiм абласным цэнтры гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя.

Выпрабаванне вiрусам

Гутарку з галоўным дзяржаўным санiтарным урачом Гомельскай вобласцi Сяргеем Белым пачынаем з невялiкага экскурсу ў нядаўняе мiнулае, калi меры супрацьдзеяння небяспечнай iнфекцыi толькi напрацоўвалiся. На пачатку пандэмii COVID-19 суразмоўца ўзначальваў санэпiдслужбу Аршанскага раёна:


— Орша — найбуйнейшы чыгуначны вузел з пастаянным транзiтным рухам. Частка моладзi вучыцца ў iншых гарадах i даволi часта пераязджае. Тым не менш рэзкага ўсплёску захворвання ўдалося пазбегнуць. Сiтуацыя там развiвалася прыкладна так, як i ў iншых падобных па маштабах населеных пунктах.

Санэпiдслужбы спадзявалiся лакалiзаваць гэтую пагрозу i працавалi па ўсiх франтах. Па выяўленых выпадках хваробы ўсталёўвалася шырокае кола кантактаў — часам да 40—50 чалавек. Усiх бралi пад медыцынскае назiранне, абследавалi. На ажыўленых трасах выстаўлялiся пасты — у вадзiцеляў i пасажыраў вымяралi тэмпературу. Тым, хто прыязджаў з-за мяжы, уручалi патрабаваннi i памятку па выкананнi рэжыму самаiзаляцыi.

Працавалi, як i ўсе нашы калегi, у кругласутачным рэжыме, — кажа Сяргей Белы. — Калi атрымлiвалi вынiкi лабараторных даследаванняў уначы — адразу ж выязджалi па адрасах. Нейкi час нават даводзiлася начаваць у кабiнеце, а ранiцай прачнуўся — i ты на працы.

Урач-бактэрыёлаг, загадчык мікрабіялагічнай лабараторыі Надзея БОНДА.

Пастфактум можна казаць аб тым, што рызыка ў той сiтуацыi перабольшвалася. Гэта прыводзiла да прыняцця залiшнiх мер, распылення сiл i рэсурсаў. Але на той час, калi пра COVID-19 было вядома крыху больш чым нiчога, эпiдэмiёлагi проста рабiлi тое, што павiнны, — спрабавалi спынiць распаўсюджванне небяспечнага вiруса.

Спад захворванняў

Сёння алгарытм дзеянняў iстотна адрознiваецца. Эпiдрасследаваннi пры выяўленнi ачагоў захворвання праводзяцца значна хутчэй i больш эфектыўна. Даў вынiкi i комплекс раней прынятых мер, якi ўключае абмежаваннi па перасячэннi межаў, працэдуры па самаiзаляцыi.

Цяпер органы дзяржсанэпiднагляду Гомельскай вобласцi працуюць у асноўным на прафiлактыку. Правяраецца захаванне масачнага рэжыму, наяўнасць запасаў сродкаў дэзынфекцыi i выкананне iншых патрабаванняў.

Ад пільнага даследавання залежыць многае

На асаблiвым кантролi — установы аховы здароўя, адукацыi, прадпрыемствы са спецыфiчнымi вытворчасцямi.

Са снежня па сярэдзiну студзеня ў рэгiёне праверана больш за 4500 аб’ектаў. Часцей за ўсё парушэннi выяўлялiся ў гандлi i грамадскiм харчаваннi, а таксама на вытворчых прадпрыемствах. Выдадзена 1162 прадпiсаннi i рэкамендацыi. А агульная сума накладзеных штрафаў перавысiла 7300 рублёў. Больш цяжка паўплываць на грамадзян. Стала праблемай нежаданне большасцi людзей насiць маскi. Iснуе меркаванне, што пераламаць сiтуацыю могуць толькi сур’ёзныя штрафы. Пакуль жа застаецца заклiкаць да свядомасцi.

Разам з тым ёсць i, безумоўна, добрыя навiны. З першай дэкады снежня ў Гомельскай вобласцi назiраецца ўстойлiвае знiжэнне колькасцi захворванняў. Кожны тыдзень iх лiк змяншаецца на 10—20 працэнтаў i цяпер дасягнуў узроўню нiжэй за першую хвалю пандэмii. Тэндэнцыя характэрная i для iншых рэгiёнаў.

На любым этапе транспарцiроўкi i захоўвання вакцыны павiнна быць пэўная тэмпература.

Зразумела, гэта не падстава расслабляцца. Тым больш што вось-вось пачнецца сезонны ўздым грыпу i iншых класiчных ВРВI (з-за гэтага ў лютым магчымы прырост i па кавiдзе). Спецыялiсты адзначаюць, што ў перыяд цяперашняй вакцынацыi ад грыпу людзi прышчаплялiся значна больш ахвотна, чым раней. Актыўна тэлефанавалi кiраўнiкi прадпрыемстваў, хацелi закупiць дарагiя вакцыны для калектыву. Усяго прышчэпкi супраць грыпу ў Гомельскай вобласцi зрабiлi 562 204 чалавекi.

Спадарожнiк у дапамогу

Але самая актуальная тэма на антыкавiдным фронце — вакцынацыя. Першымi яе прайшлi медработнiкi, якiя могуць найбольш захварэць.

Усяго ў Гомельскую вобласць было дастаўлена 4365 доз прэпарата. Вакцына «Спадарожнiк V» расiйскай распрацоўкi ўводзiцца за дзве iн’екцыi з прамежкам у тры тыднi. Нi аднаго выпадку ўскладненняў не зафiксавана. У некаторых людзей магчымы лёгкiя болевыя адчуваннi ў месцах уколаў, невялiкi ўздым тэмпературы. Гэта нармальная рэакцыя арганiзма.

Услед за медыкамi вакцынацыю правядуць сярод педагогаў i работнiкаў устаноў з кругласутачным знаходжаннем людзей

Вакцыны размеркаваны па спецыяльных пунктах у Гомелi, Мазыры, Калiнкавiчах, Ветцы i Чачэрску.

— Так будуць адпрацаваны аптымальныя схемы правядзення вакцынацыi, — тлумачыць Сяргей Белы. — Паколькi ўсё гэта робiцца ўпершыню, неабходны строгi кантроль. Ажыццяўляць яго ў пяцi раёнах прасцей, чым адразу па ўсёй вобласцi.

Галоўнае патрабаванне — забеспячэнне халадавога ланцуга. На любым этапе транспарцiроўкi i захоўвання вакцыны павiнна быць тэмпература мiнус 18 °С. Таму перавозяць яе ў спецыяльных аўтамабiлях, аснашчаных маразiльнымi камерамi. Падчас руху тэмпература пастаянна кантралюецца, паказаннi датчыка перадаюцца вадзiцелю. Пасля можна адсачыць, як мянялася тэмпература на працягу шляху i ў якi момант гэта адбывалася. У пункце прызначэння паказаннi таксама фiксуюцца, а дастаўлены груз перадаецца пад роспiс.

У адной ампуле, якую адкрываюць за паўгадзiны да iн’екцыi, знаходзiцца пяць доз. Адпаведна, пяць чалавек павiнны прыбыць у прышчэпачны пункт да прызначанага часу. Захоўванне ўжо адкрытага прэпарата не прадугледжана. На працягу паўгадзiны пасля прышчэпкi чалавек застаецца ў медустанове. Гэта падстрахоўка на выпадак няштатнай рэакцыi арганiзма.


Услед за медыкамi вакцынацыю правядуць сярод педагогаў i работнiкаў устаноў з кругласутачным знаходжаннем людзей. Пры гэтым прышчэпка — справа добраахвотная.

— Пэўная насцярожанасць, вядома, прысутнiчае, — канстатуе Сяргей Белы. — Некаторыя людзi спасылаюцца на тое, што ўжо перанеслi хваробу i прышчэпка iм не патрэбная. Стараемся расказваць, тлумачыць, пераконваць. У сярэдзiне мiнулага года я, напрыклад, таксама перахварэў у лёгкай форме, але тым не менш вакцынаваўся. Не сумняваюся, што гэта ўмацуе iмунiтэт i дасць абарону на будучыню.

Спецыялiсты спадзяюцца, што вакцынацыя дапаможа стварыць так званую iмунную праслойку i не дапусцiць цяжкога цячэння захворвання. У выпадку калi чалавек перахварэў i ў цэлым у яго ёсць сумневы, перад вакцынацыяй неабходна пракансультавацца з урачом.

Калi ж казаць пра больш працяглыя перспектывы, ёсць меркаванне, што каронавiрус стане ў нашым жыццi чымсьцi накшталт звычайнага грыпу. Непазбежным злом, якому тым не менш можна паспяхова супрацьстаяць.


Фота Таццяны КАВЕРЫНАЙ і Аляксея СТАЛЯРОВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter