Заззяе кожная песня

Парадак выступлення на «Еўрабачанні» вызначаць без жараб’ёўкі

Перш чым абвясціць парадкавыя нумары паўфіналістаў «Еўрабачання», прадзюсары конкурсу вырашылі яшчэ раз перагледзець іх выступленні

У шведскім горадзе Мальмё прайшла сустрэча кіраўнікоў дэлегацый краін — удзельніц конкурсу песні «Еўрабачанне-2013». Арганізатарам шоу перададзены пакет матэрыялаў, неабходных для выступлення ў ім афіцыйнага прадстаўніка нашай краіны Алёны Ланской з кампазіцыяй «Solayoh».

Традыцыйна ў ходзе сустрэчы адбывалася жараб’ёўка і агучваліся парадкавыя нумары выступленняў канкурсантаў. Але сёлета арганізатары шоу ад гэтай працэдуры адмовіліся. Парадак выступленняў вызначаць рэжысёры маштабнага відовішча з мэтай зрабіць яго яшчэ больш яркім і, напрыклад, выключыць гучанне са сцэны адна за другой лірычных песень. Як паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, у ходзе сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый прадзюсары паведамілі аб сваім рашэнні яшчэ раз перагледзець выступленні ўсіх паўфіналістаў, з тым каб ужо 29 сакавіка абвясціць парадкавыя нумары. Паводле слоў выканаўчага прадзюсара «Еўрабачання» Йона Ола Санда, «галоўная задача — зрабіць так, каб кожная песня на конкурсе ззяла».

Нагадаем, што Міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне-2013» пройдзе 14—18 мая. Прадстаўніца Беларусі Алёна Ланская выступіць у першым паўфінале 14 мая. У гэты дзень за права выхаду ў фінал будуць змагацца выканаўцы з 16 краін, сярод якіх — Данія, Харватыя, Украіна, Галандыя, Аўстрыя, Славенія, Эстонія, Расія, Літва, Сербія, Ірландыя, Кіпр, Чарнагорыя, Бельгія і Малдова.

Другі паўфінал адбудзецца 16 мая. У ім удзельнічаюць прадстаўнікі Латвіі, Азербайджана, Мальты, Ісландыі, Сан-Марына, Македоніі, Фінляндыі, Балгарыі, Ізраіля, Нарвегіі, Албаніі, Венгрыі, Швейцарыі, Грузіі, Арменіі і Румыніі.

Італія, Іспанія, Германія, Францыя, Вялікабрытанія на правах краін — арганізатараў конкурсу і Швецыя як пераможца мінулага года трапляюць у фінал аўтаматычна. Фінал запланаваны на 18 мая.

Конкурс «Еўрабачанне» ў гэтым годзе пройдзе ў 58-ы раз. У папулярным песенным спаборніцтве прымуць удзел 39 краін. Арменія вяртаецца на конкурс пасля адсутнасці ў 2012 годзе, а Турцыя, Партугалія, Боснія і Герцагавіна і Славакія прапусцяць конкурс гэтага года.

Галоўная ідэя і тэма «Еўрабачання-2013» — крылцы матылька. 

---------------------------------

Дарэчы

Белтэлерадыёкампанія аб’яўляе аб пачатку прыёму заявак для ўдзелу ў рэспубліканскім дзіцячым конкурсе «Песня для «Еўрабачання», які з’яўляецца нацыянальным адборачным турам Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2013» і пройдзе ў лістападзе ў Кіеве.

Удзел у адборы могуць прыняць юныя выканаўцы, якім на дзень правядзення міжнароднага конкурсу павінна быць не менш за 10 і не больш за 15 гадоў, якія з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь альбо замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не менш за два з паловай гады.

На рэспубліканскі конкурс можа быць прадстаўлена раней не апублікаваная песня на беларускай або рускай мове працягласцю не менш за дзве хвіліны трыццаць секунд і не больш за дзве хвіліны сорак пяць секунд. Песня павінна быць напісана самім канкурсантам, але пры гэтым дапускаецца дапамога дарослых.

Апошні дзень адпраўкі бандэроляў з заяўкамі — 10 чэрвеня 2013 года. Палажэнне аб правядзенні нацыянальнага адбору дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2013» размешчана на сайце Белтэлерадыёкампаніі ў раздзеле «Праекты».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter