В Доме литератора презентовали трилогию «Созидатели» Зиновия Пригодича

Зазiрнуць у глыбiню душы

Беларускi пiсьменнiк i журналiст Зiновiй Прыгодзiч увесь час прысвячае сябе слову. Лаўрэат Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii, аўтар многiх кнiг, працаваў у газеце «Звязда», быў галоўным рэдактарам «Советской Белоруссии», часопiса «Гаспадыня»... І лiтаральна на днях у выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла яго трылогiя «Созидатели», у цэнтры ўвагi якой — знакамiтыя творчыя людзi нашай краiны. Іх ведаюць усе, i не толькi ў Беларусi. Яны сваёй глыбiнёй, стараннем, працай, талентам даказалi, як трэба жыць i ў чым сапраўднае прызначэнне чалавека.

— Працаваў над праектам чатыры гады, — удакладняе Зiновiй Прыгодзiч. — Гэта, па сутнасцi, працяг серыi «Постацi», дзе таксама друкавалiся нарысы пра выбiтных асоб. Як усё пачыналася? У далёкiм 1985 годзе да 40‑годдзя Вялiкай Перамогi (а тады я загадваў кафедрай у партыйнай школе) мы запрасiлi выступiць самага вядомага i папулярнага на той час пiсьменнiка Васiля Быкава. Гутарка са слухачамi доўжылася амаль тры гадзiны. У вынiку я зрабiў невялiкае iнтэрв’ю для «Советской Белоруссии», але большая частка аўдыяматэрыялу засталася нескарыстанай. Акурат праз 20 гадоў, да 60‑годдзя Вялiкай Перамогi, я ўспомнiў пра гэты запiс, праслухаў яго i зразумеў, што i праз час ён застаўся актуальным, набыў яшчэ большую значнасць.

Тады Зiновiй Прыгодзiч склаў змястоўную гутарку для часопiса «Полымя». Рэдактарам у той час быў Мiкола Мятлiцкi, якi прапанаваў прадоўжыць серыю публiкацый з пiсьменнiкамi, назваўшы яе проста i ёмка — «Постацi».

І справа пайшла, мяне зацягнула, — успамiнае аўтар. — Пазней зразумеў, што не варта абмяжоўвацца лiтаратарамi, трэба браць шырэй — i мастакоў, скульптараў, тэатральных дзеячаў. Словам, ахапiць усе сферы культурнага жыцця. Такiм чынам атрымалася трылогiя «Постацi», а за ёй следам, праз чатыры гады, «Созидатели».

Героямi сталi народныя артысты Марыя Захарэвiч, Генадзь Аўсянiкаў, Леанiд Захлеўны, заслужаны дзеяч мастацтваў Валерый Анiсенка, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii, дзiцячы пiсьменнiк, журналiст Уладзiмiр Лiпскi i не толькi…
Хто не ведае хiты «Добрыя людзi», «Сто гадоў», «Сарамлiвая дзяўчынка», «Прыязджайце да нас у Беларусь»? Музыку да iх напiсаў заслужаны дзеяч мастацтваў Алег Елiсеенкаў, якi таксама стаў адным з герояў «Созидателей»:

— Талент Прыгодзiча ў тым, што ён не проста выкладае сухiя факты, а мае аўтарскi погляд. Гэта вельмi каштоўна для журналiста.

Народны артыст БССР, народны артыст СССР Валянцiн Елiзар’еў стаў брэндам беларускага балета i Вялiкага тэатра. Яго шчаслiвая зорка ўзышла вельмi рана: у 26 гадоў ён галоўны балетмайстар, у 29 — заслужаны дзеяч мастацтваў, у 32 — народны артыст БССР, а ў 38 — самы малады народны артыст СССР. Аўтар «Созидателей» здолеў зазiрнуць у патаемную глыбiню душы маэстра, якi шчыра адказвае на пытаннi:

— Беларусь — мая самая сапраўдная радзiма. Мяне тут вельмi добра прынялi, стварылi ўсе магчымасцi для творчасцi, далi свабоду выбару тэм. Рыхтую пастаноўкi на антычныя сюжэты, сярэдневяковыя, новага часу, адаптаваў для нашага тэатра многа сусветнай класiкi. Беларусь — мая самая галоўная радзiма, яе вельмi люблю!

Хоць тэксты ў трылогii выкладзены ў форме пытанняў‑адказаў, iх нельга назваць iнтэрв’ю. Гэта мастацкiя нарысы, творчыя партрэты, эсэ, справядлiва падкрэслiў старшыня Саюза пiсьменнiкаў Беларусi, дырэктар — галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевiч:
— Трылогiя паказвае велiчыню i багацце айчыннай культуры. Мастацтва — гэта заўсёды бясконцасць, дарога ў нязведаныя далi, якiя нiкому з нас не дадзена ўбачыць. Зiновiй Прыгодзiч паспрабаваў зазiрнуць у глыбiню душы сваiх герояў, i гэта ў яго атрымалася.
basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter