«Зайцы» купляюць хлеб у аўталаўцы

ЗАСНЕЖАНЫЯ, спакойныя Зайцы стаяць за два кіламетры ад шашы на Мінск. Каб не парушаць мернасць зайцоўскага жыцця і не даваць волю шафёрам-ліхачам, на адным са слупкоў з назвай вёскі вісіць знак: 40 кіламетраў у гадзіну — і больш не газуй! Вёска Зайцы ажывае ўлетку, калі да бабуляў ды дзядуляў прыязджаюць унукі, а апусцелыя зімой дамы насяляюць дачнікі, змораныя гарадскім жыццём. Карэннага насельніцтва — 25 чалавек. З іх двое дзяцей, пяць працаздольных, астатнія — пенсіянеры, што спакойна тут дажываюць свой век. Як кажуць, засталіся старыя ды малыя. Ніне Дзям’янаўне і Міхаілу Рыгоравічу Малышавым — ужо за 80, але карэспандэнтам і нечаканаму Дзеду Марозу, якога мы прыхапілі з сабой для забаўляння сялян, на парозе сваёй хаты абрадаваліся, нібыта дзеці…

Карэспандэнты «БН» праведалі жыхароў вёскі Чэрвеньскага раёна і дапамаглі ім адкапаць карані цікавай назвы мястэчка.

ЗАСНЕЖАНЫЯ, спакойныя Зайцы стаяць за два кіламетры ад шашы на Мінск. Каб не парушаць мернасць зайцоўскага жыцця і не даваць волю шафёрам-ліхачам, на адным са слупкоў з назвай вёскі вісіць знак: 40 кіламетраў у гадзіну — і больш не газуй! Вёска Зайцы ажывае ўлетку, калі да бабуляў ды дзядуляў прыязджаюць унукі, а апусцелыя зімой дамы насяляюць дачнікі, змораныя гарадскім жыццём. Карэннага насельніцтва — 25 чалавек. З іх двое дзяцей, пяць працаздольных, астатнія — пенсіянеры, што спакойна тут дажываюць свой век. Як кажуць, засталіся старыя ды малыя. Ніне Дзям’янаўне і Міхаілу Рыгоравічу Малышавым — ужо за 80, але карэспандэнтам і нечаканаму Дзеду Марозу, якога мы прыхапілі з сабой для забаўляння сялян, на парозе сваёй хаты абрадаваліся, нібыта дзеці…

— Добры-добры дзень у хату! — першым павітаўся Дзядуля. — Вось стары Мароз Дзядуля завітаў да вас на свята. Шчасця, хлеба вам багата!

— Дык які ж ты стары? Ты, мілок, дзед малады! — уступіла ў размову бойкая Ніна Дзям’янаўна. — Гэта мы старыя, сядзім на печы ды косці грэем.

— Галоўнае не тое, хто старэйшы, а ў каго душа маладзейшая… — выдатна (хоць і ўпершыню) іграў ролю Мароза 26-гадовы Андрэй Шалупенка з Чэрвеньскага раённага Цэнтра культуры і адпачынку.

На шум-гам падцягнуўся і дзед Міша Малышаў, сеў спакойненька на канапу ды назіраў за падзеямі. А суседка Малышавых Таццяна Гуднік знайшла сабе месца на ўслончыку, разглядала посах Мароза ды пасміхалася з таго, як Ніна Дзям’янаўна спраўна вяла гаворку з Дзедам.

У хаце горача, так што Дзед ад спякоты хутка стаміўся, прысеў на ўслон. Ніна Дзям’янаўна пасярод хаты паставіла кош яблыкаў са словамі: частуйцеся. А я пачала распытваць, за што іх вёску празвалі Зайцамі.

— Я сама не зайцоўская, нарадзілася ў суседніх Лежнях. Працавала ў калгасе, а ён (паказвае на мужа) быў брыгадзірам, — загаварыла Ніна Малышава. — Падгадаваў мяне ды замуж пазваў. Бацька мужаў на фронце загінуў, так што жылі з адной свякрухай. Я ў яе пыталася: чаму Зайцы? Яна: а Бог яго ведае, так нашы дзяды і прадзеды празвалі мястэчка, так і мы завёмся. Затое памятаю, як з бабуляй хадзіла ў ягады і яна расказвала: раней у Рудні быў пан Асоўскі, каб пайсці ў ягады, трэба было на яго працаваць і дазвол у пана браць. Гэта зараз бяры ягад — не хачу…

— Гэты Новы год будзем сустракаць разам з дачкой ды ўнукамі ў Чэрвені, — расказала Ніна Дзям’янаўна. — Вось там і будуць упрыгожванні.

— І за мной зяць прыедзе, забярэ да сябе сустрэць Новы год, а то што — мне адной кукаваць? Дачка і ёлку паставіла, і агеньчыкі запаліла. Усё ж некалі было маім, а цяпер я аддала цацкі ў Чэрвень, унукам цікава ёлку ўпрыгожваць, а я ўжо не вартая, — дадае Таццяна Гуднік.

Каля хаты Малышавых — сапраўдны цэнтр Зайцоў. Тут кожны панядзелак і чацвер стаіць аўталаўка, а «зайцы» падцягваюцца, каб купіць сабе хлеба, малака, цукру і розных прысмакаў. Дарэчы, жыхароў вёскі Зайцы так і завуць: «зайцы».

У Зайцах нас прынялі цёпла, прыязна. І віншаванні (ад нашага Дзеда Мароза) прынялі шчыра. Але ж пачуццё жалю, што так і не знайшлі вытокаў назвы вёскі, не пакідала. Людзі ўжо прывыклі да таго, што іх завуць «зайцамі», але нават самыя старэйшыя жыхары не памятаюць чаму. Тым больш што наступны 2011 год — год Зайца. У Чэрвеньскім райвыканкаме знайшлі даведку ў кнізе І. Ярашэвіча:

«Зайцы — старажытнае паселішча, дзе жывуць людзі з роду зайцоў. Калісьці нашы продкі давалі назву родам па звярах, дрэвах і іншых прыкметах, рэчах. Мядзведзь — род Мядзведзяў, воўк — род Ваўкоў, заяц — род Зайцоў, род Дубоў, род Лісіцаў. Чаму так? Па-першае, кожнаму роду адпавядаў свой звер-ахоўнік, па-другое, па спецыялізацыі ў паляванні, па-трэцяе, па нейкіх звычках, вонкавых характарыстыках. Дужы, як мядзведзь, хітры, як ліс, хуткі, як заяц. Значна пазней ад родавых назваў пайшлі прозвішчы: мядзведзь — Мядзведзеў, воўк — Ваўчок, Дубаў і гэтак далей. Да гэтага часу вёска гаворыць: «Ды гэта ж яна (ён) з роду зайцоў!» — і ясна, пра каго ідзе размова, хоць людзі з гэтага роду і маюць іншыя прозвішчы ў выніку шлюбу».

Прызнацца, даведцы я паверыла не надта, дый няшмат яна пра гісторыю Зайцоў расказала. І вось цуд пад Новы год! За два дні да выхаду ў свет рэпартажу тэлефаную Ніне Дзям’янаўне. Голас сумны — прыхварэла. А пасля ажывілася: «Я адкапала, чаму вёску Зайцамі назвалі!»

— Званю сваёй радні ў Раванецкую Слабаду (Чэрвеньскі раён) і расказваю: прыязджалі карэспандэнты, як сорамна было! Ніхто з “зайцоў” не адказаў, чаму так вёску назвалі, — расказвае падрабязнасці сваіх гістарычных раскопкаў сяльчанка. — І што вы думаеце: брат майго дзеда Мікола Рыгоравіч успомніў. Насупраць нашай хаты ў Зайцах жыў дзед Зміцер Гуркун, яго Манулем у вёсцы дражнілі. І калі Мікола быў хлопцам, Мануля яму расказаў гісторыю вёскі. А было ўсё вось як.

У лесе раней сустракаліся астраўкі. І вось на адным з іх (месца было  сухое,  зямля  ўраджайная) пасяліўся     мужык.   Самотнік,   людзей цураўся, ні з кім не гаварыў. За гэта і празвалі яго Зайцам (вядома, што зайцы ад трусоў і адрозніваюцца тым, што яны адзіночкі і пастаяннага прытулку не маюць). Хутарская сістэма тады пачала распадацца, і паехалі людзі гуртом на лясны востраў, дзе жыў Заяц. А імя першага пасяленца ўвекавечылі ў назве вёскі. Быў Заяц, а сталі Зайцы.

Найлепшыя пажаданні вам, Зайцы, і новых прыемных адкрыццяў!

Наталля СЕРГУЦ, «БН»

Фота Мікалая ЛЯВОНАВА, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter