Зайсці ў дом дачкою

Ля веснічак вясковай хаткі 105-гадовай Алены Канавал нас з поўнымі вёдрамі сустрэла з прыветнай усмешкай Валянціна Паплаўская. Валянціна Іосіфаўна служыць вясковым людзям, выконваючы на працягу 10 гадоў працу сацыяльнага работніка. У яе на апецы 13 састарэлых людзей у Буцькавічах і Літве, якія пражываюць адзінока.

Прыходзіць да сваіх падапечных Валянціна Іосіфаўна, дакладней, прыязджае на веласіпедзе, і тут жа акрэсліваецца фронт работ. Яна і за цырульніка, калі спатрэбіцца, і памыць у начоўках старога чалавека трэба, і бялізну да ладу давесці, у хаце прыбраць, прадукты даставіць, згатаваць, накарміць, вады нанасіць са студні... Ды хіба толькі гэтыя клопаты — агароды дапамагла пасадзіць, цяпер трэба іх дапамагчы ўбраць. І вокны памые, і шпалеры паклеіць. І кароў доіць, і за парадкам на падворку глядзіць. Не цураецца ніякай работы, усё гарыць у яе руках. А яшчэ ж трэба сагрэць кожнага сваёй увагай, пасядзець, пагаварыць, выслухаць. Для нас Валянціна Паплаўская ўвасабленне вясковай жанчыны, якой па сіле любая работа, і пры гэтым яна захоўвае аптымізм, жаночую абаяльнасць, светлы настрой, якім можа зарадзіць кожнага. Сама яна — шматдзетная маці. Малодшы сын — сёлетні выпускнік, двое старэйшых дзяцей — студэнты універсітэтаў. Жывуць Паплаўскія на хутары, у сям’і вялікая дамашняя гаспадарка, надзел зямлі, за якім патрэбны пастаянны догляд.
Нам вельмі прыемна чуць, як Алена Іосіфаўна называе Валянціну дачушкай. Гаворыць, што з нецярпеннем чакае заўсёды сваю памочніцу. У Алены Канавал было пяцёра дзяцей, але — такі яе жыццёвы крыж — чатырох яна перажыла. Засталася адна дачка, якая цяпер далёка ад бацькоўскага дому. Ужо больш за 20 гадоў, як яна ўдава, і падтрымлівае яе дух дачка, якую яна набыла, — Валянціна Паплаўская. Гаворыць, што прапаноўвалі ёй паехаць у бальніцу пабыць у сацыяльнай палаце, аднак са сваёй хаты нікуды не збіраецца, пакуль ёсць такая памочніца.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter