«Займець бы якi хутарок дзесьцi ў глыбiнцы!..»

Ажыццявiць  сваю  мару  Аляксею  Ненадаўцу  не  даюць  мiфы  i  паданнi

Ажыццявiць  сваю  мару  Аляксею  Ненадаўцу  не  даюць  мiфы  i  паданнi

Адпачынак для яго – вандроўкi па краiне, запiс мiфаў, вуснай народнай творчасцi, якiя i служаць адпраўной кропкай для напiсання новых мастацкiх i дакументальных твораў. 

Ён занава адкрывае гiсторыю, пiша на навуковыя, навукова-даследчыя тэмы. Апантана працуе, пра што сведчаць тры дзесяткi выдадзеных кнiг, разнастайных брашур i амаль тысяча артыкулаў, надрукаваных у разнастайных выданнях. 

У самы раз прадставiць яго. Гэта – доктар фiлалагiчных навук, загадчык кафедры грамадскiх дысцыплiн фiлiяла Беларускага дзяржаўнага эканамiчнага унiверсiтэта Аляксей Ненадавец. 

— Аляксей Мiхайлавiч, ваша “хуткастрэльнасць”, калi выдаеце ў год па кнiжцы, а то i па дзве, здзiўляе i захапляе. Адкуль гэта iдзе, што ляжыць у аснове гэткiх памкненняў? 

— Ну, па-першае, “хуткастрэльнасць”, але не паспешлiвасць. Калi я да якой тэмы падступаюся, то дзесяткi разоў яе прадумаю. Якасць сваёй працы, тое, што выносiш на суд чытача, для мяне надзвычай важна. Каб сустрэча з маiмi творамi не адштурхоўвала, а прыцягвала. Гэта мае цвёрдыя перакананнi, ад якiх не адыходжу нi на крок. А цi ж не прыемна, калi мае творы, навуковыя працы чытаюць у Расii, ва Украiне, у Польшчы, iншых краiнах, цытуюць, пераказваюць. Можна сказаць, здабыў сабе iмя, i гэтым трэба даражыць. Што ж да працаздольнасцi, то яна — ад жадання тварыць. Аднекуль знутры iдзе. Мне хочацца па якойсьцi праблеме выказацца, з кiмсьцi паспрачацца, нешта сваё даказаць. Я проста не магу змаўчаць. Можа, i не маю на гэта права, бо мне так дадзена. Хоць, зазначу, праца мая вельмi цяжкая: трэба здабыць матэрыял, пахадзiць, аб’ездзiць. Я да трох тысяч кiламетраў штолета, у час адпачынку, раблю на сваiм “дарожнiку” па нашай рэспублiцы. Апрача таго, у мяне асноўная работа, якая аднiмае шмат часу i сiл. Iншым разам вяртаешся дамоў – i хутчэй бы прысесцi... Аднак праходзiць колькi часу, i ты “адраджаешся”, зноў бярэшся за свае рукапiсы. 

— I, як кажуць, нараджаюцца новыя творы. Якiя, пра што? 

— Канешне, большасць з таго, што напiсана, звязана з фальклорам, мiфалогiяй. Я шмат паездзiў па краiне i ў студэнцкiя, i ў больш сталыя гады. Асаблiва па любай мне палескай старонцы. Пабуду, бывала, у мамы i пайшоў вандраваць... Колькi запiсаў легенд, усялякiх паданняў. Назапасiлася шмат матэрыялу. Вось i вырашыў сiстэматызаваць яго. Атрымался шэсць кнiжак, па адной на кожную вобласць Беларусi, аб’ем якiх па 400 i болей старонак. Такога выдання не было на тэрыторыi былога Саюза. Яно стала папулярным. Тыраж “Мiншчыны”, напрыклад, хацелi нават падвоiць. “Гродзеншчына” ў продаж амаль не паступала, бо загадзя разышлася. Гэтак i па iншых абласцях. Дык жа, памятаю, i працаваў: па 40—45 старонак тэксту “выдаваў” штодня. 

Хацелася б назваць i такiя свае творы, як “Каму пакланялiся продкi”, “За смугою мiфа”, “Мiфалогiя. Духоўныя вершы” i iншыя. Тэма ўсё тая ж – фальклор, мiфалогiя, паданнi. Працаваў над ёй i працую зараз. Канешне, у сваёй творчасцi я не мог абысцi i Бабруйск. Адна з кнiг, прысвечаная яму, так i называецца “Летапiс горада на Бярэзiне”, аж тры кнiгi прысвечаны Бабруйскай крэпасцi 1812 года: “Крэпасць на Бярэзiне”, “Тэадор Нарбут”, “Бабруйская крэпасць”. Напiсанне iх даволi лёгка далося. Таму што за час работы ў архiвах, музеях у мяне назапасiлася шмат матэрыялу, адкрыў тыя старонкi, пра якiя, можа, i не ўсе ведалi. Гэта мне прынесла сапраўднае задавальненне: нешта вартае зрабiў для горада, хай iншыя дапаўняюць гiстарычную скарбнiцу. 

— Ну а чым у блiжэйшы час парадуеце чытачоў? 

— З задавальненнем паведамлю: нядаўна выйшла з друку мая новая кнiга “Ул. Караткевiч. Прырода, фальклор i творца”. Караткевiч – мой любiмы пiсьменнiк, таму i прысвяцiў яму гэтае выданне. Як яно ўдалося, меркаваць чытачу. Адно магу сказаць: працаваў з натхненнем, яшчэ праштудзiраваў ягоны дзевяцiтомнiк, многае як бы занава адкрыў для сябе. Спадзяюся, i для тых, хто будзе знаёмiцца з новым творам. 

— Аляксей Мiхайлавiч, аб чым марыць навуковец, творчая асоба, якая ўсяго сябе аддае справе? 

— Аб цiшынi i спакоi. Каб якi хутарок займець дзесьцi ў глыбiнцы. Не хвалюе, ёсць там асвятленне цi няма яго. Галоўнае, святло душэўнае. Нехта падумае, што я ўжо сiвенькi, з барадой па пяты, калi так разважаю. Не, мне яшчэ i пяцi дзесяткаў няма. Але я – дзiця прыроды, можа, болей, чым хто iншы, гэта адчуваю. Я не тое, што забiў, — не спалохаў нiводнага звера, рыбалка таксама не прыцягвае. Любаванне матуляй-прыродай, спазнанне яе iснасцi – вось гэта маё! 

Можа, калi i ажыццяўлю сваю задумку... Але, адчуваю, гэта будзе пасля таго, як мае справы, мiфы ды паданнi адпусцяць! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter