На што здатныя творчыя работнікі Карэліччыны — пакажа адмысловы фестываль «Галасы традыцый»

Завуць «Галасы...» да вытокаў

Адкрыты рэгіянальны фестываль фальклору і рамёстваў «Галасы традыцый» трэці раз гуртуе вакол сябе прафесіяналаў і пакажа, на што яны здольныя. З-за эпідэміялагічнай абстаноўкі пройдзе дыстанцыйна, значыць, кожны калектыў або ўдзельнік, згодна з намінацыямі, прышле відэазапісы песень, танцаў, тэатральных прадстаўленняў або фотасправаздачу народных рамёстваў. Менавіта па гэтых напрамках і праводзіцца конкурс. Нягледзячы на тое што раённы — паказваюць сябе ў ім прадстаўнікі Гродзеншчыны, Міншчыны і іншых рэгіёнаў. Задумана імпрэза, каб зберагчы гісторыю. Жыхары Карэліччыны здаўна захоўвалі свае традыцыйныя святы, якія дасюль маюць адмысловую разынку, — Зажынкі, Дажынкі, Каляды… У тутэйшым раённым музеі ёсць зала абрадаў, дзе на пачэсным месцы трох’ярусны вясельны каравай, які выпекла майстрыха з вёскі Заполле. Да слова, у гэтым краі ёсць асаблівасці і ў правядзенні вяселляў, іх памятаюць і ўжываюць не толькі ў сэнсе рэканструкцыі, а і ў рэчаіснасці.


 НАША зямля славіцца знакамітымі людзьмі, сярод якіх Ігнат Дамейка, Барыс Кіт, Пётр Конюх, Ян Чачот, Янка Брыль, Вольга Іпатава. Ад нас паходзяць Героі Сацыялістычнай Працы, чатыры лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі, майстры і майстрыхі. Далёка за межамі раёна ведаюць пра карэліцкія габелены, якія ў даўнія часы ствараў прыдворны мастак князёў Радзівілаў. Выява самага вядомага твора, прысвечанага славутаму магнацкаму роду, захоўваецца ў мясцовым музеі. Таксама яны папаўняюць фонды гістарычных музеяў у суседніх дзяржавах. На Карэліччыне здаўна ткалі посцілкі і ручнікі, а народны майстар з вёскі Вялікая Слабада падарыла сваю работу беларускаму касманаўту Пятру Клімуку. Посцілкі майстрыхі з вёскі Радунь экспанаваліся ў Маскве і Польшчы, — раскрывае таленты свайго краю галоўны ідэолаг Іна Санчук.

Вышыўка, разьба па дрэве, выцінанка, ганчарства — чым толькі не займаецца Карэліцкі дом рамёстваў! А сябра Саюза майстроў Беларусі Вера Яўгенаўна Салдатава, якая, дарэчы, у складзе журы «Галасоў…», зрабіла з саломы царскія вароты ў храме ў Дудутках. Так што на «Галасах традыцый» мясцовым творцам ёсць што паказаць, і не толькі ў сэнсе майстэрства рук. Харэаграфічны калектыў «Спадчына» ад раённага Дома культуры выводзіць загорскую і фёдараўскую кадрылі ды ўсе мясцовыя старажытныя танцы. Тут удзельнікі ад 35 да 65 гадоў, а вось у гурце «Юнацтва» народнай харэаграфіяй займаюцца дзеці.

— У папярэднія гады менавіта гэтыя калектывы станавіліся пераможцамі ў сваіх намінацыях, здзівілі нас таксама і стаўбцоўскія танцы. Сёлета папрасіліся паўдзельнічаць у нашым конкурсе мінчукі, чаму б і не — нікому не адмаўляем, наадварот, рады вучыцца і здзіўляцца, — ставіць кропкі над «і» Іна Санчук. — Па традыцыі далучаюцца Баранавічы. Не абмяжоўваем ахвотнікаў і ва ўзросце: творчасці любыя гады падуладныя. Абрады, самабытныя інструменты, фальклорныя песні, хор — галоўная разынка нашага фестывалю ў яго народнасці, мы падкрэсліваем і паўтараем урок спадчыны, які пакінулі нашы продкі. Хоць і ў дыстанцыйным фармаце, але будзе цікавым і карысным вяртанне да сваіх вытокаў.


Ініцыятары конкурсу — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, мясцовая школа мастацтваў. З 14 па 17 студзеня прымаюцца заяўкі, праз тыдзень журы падвядзе вынікі, лепшых удзельнікаў чакаюць дыпломы, сувеніры, а як толькі эпідэмія каронавіруса скончыцца — то і прыгожыя выступленні на карэліцкай зямлі. Пакуль жа ва ўсю ідзе падрыхтоўка. Тутэйшы Дом рамёстваў аднавіў мясцовыя нацыянальныя строі, прычым нават цёплыя варыянты — зімовы і восеньскі, з натуральнай тканіны, з вышыўкай. Рамеснікі тут працуюць на ўсе рукі, нават роставых лялек шыюць — і для сябе, і пад заказ.

basikirskaya@sb.by

Фота з уласнага архіва Іны САНЧУК.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter