Заварить мусоропроводы или наладить надлежащий уход за ними?

Заварыць — справа няхітрая

Напэўна, многія ўжо і забыліся пра інфармацыю, што мільганула ў СМІ пару тыдняў таму: пацук, які жыў у смеццеправодзе пад’езда жылога дома, укусіў дзяўчынку. Навіны зараз жывуць нядоўга, але праблемы застаюцца на гады. Заварыць смеццеправоды або наладзіць належны догляд за імі? У доме, дзе ўсё здарылася, правялі апытанне жыхароў, у выніку больш за 51% выказаліся за кансервацыю смеццеправода. Раней у інтэрнэце неаднаразова чытаў, што ў планах гарадскіх уладаў заварыць ўсе смеццеправоды ў Мінску.

Кожнаму, хто жыве ў шматпавярховым доме, знаёмыя спадарожныя праблемы: смурод, бруд, прусакі, пацукі. У супрацоўнікаў ЖЭСаў да смеццеправодаў рукі, часцей за ўсё, проста не даходзяць. Прачышчаюць іх, толькі калі тыя забіваюцца, і жыхары тэлефануюць са скаргамі ў службу 115. Але што цікава: і ў савецкія часы, і цяпер былі і ёсць нормы адносна ачысткі смеццеправодаў! Бяда ў тым, што яны не выконваюцца. Адгаворкі ў асноўным такія: скарочаны пасля аптымізацыі штат супрацоўнікаў, адсутнасць неабходнага абсталявання. Вось і атрымліваецца, што найпростае, хоць і далёка не самае прадуманае рашэнне — гэтыя смеццеправоды наглуха заварыць.

Існуюць два спосабы ачысткі смеццеправодаў. Першы ўключае ў сябе ўстаноўку адмысловай прылады зверху на ствол смеццеправода, якая яго перыядычна прачышчае. Другі спосаб — пераносныя апараты. Прывезлі, усталявалі, пачысцілі, апрацавалі, знялі, павезлі. Менавіта гэты варыянт паспяхова выкарыстоўваюць у Маскве. Я назіраў працу такога абсталявання і там, і ў нашым горадзе. Мабыць, быў нейкі эксперыментальны праект. На мой погляд — вельмі прагрэсіўны. Але справа чамусьці скончылася нічым.

У ідэале смеццеправоды павінны чысціцца раз на тыдзень. Але гэта вельмі дорага. А вось раз у месяц можна праводзіць такія работы. Няўжо гэта менш эфектыўна, чым заварыць дзясяткі тысяч смеццеправодаў у горадзе? Уявіце, у што ператворацца нашы двары, застаўленыя машынамі жыхароў і відавочна не разлічаныя на неабходную колькасць смеццевых кантэйнераў. Нельга забываць і пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі перамяшчэння, пра старых.

Нельга дзеля спрашчэння жыцця супрацоўнікам камунальных службаў (хоць, як мне здаецца, пра спрашчэнне — гэта яшчэ бабка надвое варажыла, праз пару месяцаў самі не рады будуць!) адмаўляцца ад існуючых тэхналогій якаснага абслугоўвання смеццеправодаў. Сячы з-за пляча — не самы лепшы спосаб рашэння праблем з дрэнным пахам у пад’ездах.

Лявон Дзяркач, Мінск
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter