Хутка жыццё бяжыць, яшчэ хутчэй байка складваецца

Засумавалі? Хутчэй у Лобчу!

Ці хацелася б вам аднойчы стаць прататыпам фальклорнага персанажа? Упісаць сваё імя ў народную гісторыю на доўгія гады, а, можа, нават і стагоддзі? Жыхарам вёскі Лобча Лунінецкага раёна ў гэтым сэнсе пашанцавала: тут жыве сапраўдная байкапісца, спявачка і захавальніца фальклору Настасся Якавец. У яе што ні твор — то абавязкова пра родныя мясціны і сваіх людзей.

Размову Настасся пачынае з філасофскіх разважанняў. Ёй не падабаецца, што апошнім часам ад многіх толькі і чуваць, як цяжка жыць у вёсцы. А ўсё чаму? Таму што забывацца сталі і пра песні, і пра байкі, і пра традыцыі свае. З’явілася шмат вольнага часу — вось і пачалі нудзіць.

— Аднак жыццё ў вёсцы ніколі не было лёгкім, — нагадвае яна. — Раней нават больш працавалі. Пасля яшчэ і на вячоркі беглі: танцы, гульні, забавы. Ці пойдуць дзяўчаты па грыбы ды ў ягады ды так песню зацягнуць, што аж лес разлягаецца. Цяпер маўчаць і хаваюцца. Баяцца, што ляснік зловіць з “грабалкай” і штраф выпіша. Губляем культуру...

Фота аўтара

Сама Настасся — жывы доказ таго, што дзе б ты ні нарадзіўся, чым бы ні займаўся, калі падыходзіць да справы з гумарам, то поспех будзе на тваім баку. Паслухаць казкі, песні, жарты і, вядома, байкі Настассі людзі едуць не толькі з ўсёй Беларусі, але і з-за мяжы — сцяжынка да яе хаты літаральна пратаптана турыстамі і навукоўцамі.

Талент дастаўся ў спадчыну

— Дзед мой быў ліхі гусар. Ён у сваёй вёсцы замяняў і тэлевізар, і радыё, і... цырульню. Нёс у масы культуру і прыгажосць. Нават пан яго заўсёды да сябе ў брычку браў, каб ехаць весялей было. Многія ўспаміналі, як дзед у хату каня заводзіў. Навошта? Дзеля эфектнасці, канешне! Бацька мой быў гаваркі не менш за дзеда. Вакол яго заўсёды людзі збіраліся, каб парагатаць з анекдотаў, якія ён расказваў, — успамінае жанчына.

Маці Настассі таксама талентам абдзеленая не была: у маладосці мела незвычайна прыгожы голас і нават выступала ў легендарным хоры Генадзя Цітовіча. Праўда, кар’ера спявачкі ў яе не задалася з-за... квасу, якога дзяўчына напілася перад адным з важных канцэртаў. Цітовіч пашкадаваў палешучку і адправіў падлячыцца ў родную вёску. Бацькі тады так узрадаваліся, што дачка вярнулася дахаты, і назад у сталіцу больш не пусцілі...

— У мяне не было выбару: трэба было апраўдаць бацькоўскія артыстычныя гены. Таму, напэўна, і была я заўжды на віду — то ў вобразе Снягуркі на ранішніках, то вершы чытала на раённых конкурсах, — распавядае Настасся. — Бывала, прама на вуліцы як пачнем з сяброўкамі танцаваць, то аж пыл слупом стаіць! Аднойчы кіраўнік хору нават мікрафон ад мяне схаваў. Маўляў, спяваю я так гучна, што астатніх не чуваць. Але што зробіш, калі песня ідзе ад душы?

Спяваць — не бульбу капаць

Зорны шлях Настассі пачаўся ў фальклорным калектыве “Лабчанка”, кіраўніком якога яна з’яўляецца ўжо 34 гады.

— У савецкі час ансамблі творчай самадзейнасці былі амаль у кожным калгасе. Вось і наш вырашыў да нейкага свята свой гурт сабраць. Самае смешнае, што ў калгасе я ніколі не працавала. Аднак туды, дзе песня льецца, мяне доўга клікаць не трэба. Памятаю, прыйшла на першую рэпетыцыю, а там сітуацыя: стаяць жанчыны і сварацца між сабой, бо спяваць ніхто не хоча. Але ж спяваць — не бульбу капаць, тут калі і захочаш, не перарвешся, — смяецца жанчына.

Разам з “Лабчанкай” Настасся аб’ехала палову Беларусі, нават за мяжой гастралявалі. І паўсюль жанчын з палескай вёскі сустракалі авацыямі. У чым сакрэт?

— Прагучыць банальна: трэба быць сабой, — кажа жанчына. — На сцэне мы, як і дома, размаўляем “па-лабэцку”. У байках часта кажу пра сябе, магу пахваліць:

Я шчо ягадка з-под лісточка,

Бо на мні вышывана сорочка.

Я ж робоча, як мурашачка.

По хозяйству летаю, шчо пташачка.

Гладка, шчо ліночак,

Голосна, шчо звоночак...

А магу і пасмяяцца з недарэчных сітуацый, у якія не раз трапляла.


Сапраўды, менавіта перад шчырасцю і самаіроніяй Настассі Якавец немагчыма ўстаяць. Адзін маскоўскі генерал, пазнаёміўшыся з баечніцай, быў настолькі ўражаны, што, доўга не думаючы, падарыў ёй гадзіннік са сваёй рукі. А арганізатар “Славянскага базару” не пашкадаваў для палескай зоркі аж цэлых 15 хвілін на галоўнай фестывальнай сцэне, у той час як праслаўленым артыстам звычайна адводзяць у тры разы менш часу. У жартаўлівай манеры Настасся і гэты бок свайго жыцця апісвае: “Людзі, я шчэ не старая. Шчэ на мэне хлопцы паглядаюць”. Праўда, прызнаецца, ніхто ёй не патрэбны, акрамя мужа:

Мой Іван —

гладкі, шчо кабан.

Як наробіцца,

то сухі зробіцца,

Шчо рак,

Но поесці не дурак.

Высокі, шчо жэрдзіна, —

Хорошы мужчына!

І смех і грэх

“Растолсцела я — у дверы не влезаю”, — з гэтых слоў пачынаецца адзін з самых вядомых Настассіных твораў. А пра што вы думалі сучасныя байкі пішуцца? Толькі пра тое, што хвалюе народ, — як схуднець, як ад хваробы вылечыцца, дзе ўзяць грошы.

— У Лобчы што ні дзень, то камічная сітуацыя. Сядзем з жанчынамі перад рэпетыцыяй “Лабчанкі” апошнія вясковыя навіны абмеркаваць — вось вам і дзясятак сюжэтаў для баек. Не трэба нікуды хадзіць і нічога спецыяльна прыдумляць. Дарэчы, на любую праблему, нават самую заблытаную і цяжкую, можна паглядзець з пазітыўнага пункту гледжання. Напрыклад, мая першая байка была пра наступствы чарнобыльскай аварыі, якая закранула і Лунінеччыну. Твор атрымаўся добры і вясёлы, але галоўнае — даваў надзею на лепшае жыццё. Магчыма, таму і прыйшоўся даспадобы многім.

На думку Настассі, народны гумар не мае абмежаванняў. Адлюстроўвае ўсё, як ёсць. І калі ўжывую гэта гучыць натуральна, то надрукаваць ці пусціць у эфір можна далёка не кожную песню ці байку. У гэтым і сутнасць фальклору: ён жыве ў вуснай форме.

— Здымалі неяк “Лабчанку” на тэлебачанні, адна з артыстак вазьмі ды праспявай замест падрыхтаваных для праграмы радкоў (“Пайшоў дзед у грыбы, баба — у апенькі. / Баба свае пасушыла, дзед паеў сырэнькі”) тыя, што на канцэртах гучаць (“Пайшоў дзед у грыбы, баба — у суніцы. / Прыйшоў дзед без штаноў, баба без спадніцы”). Гэты момант выразалі, канешне, але ж уся здымачная група словы запомніла і яшчэ доўга іх напявала.

Узгадвае Настасся і казус, які адбыўся пасля публікацыі ў газеце яе байкі “Як я гарэлку ад мужа хавала”. Заканчваецца яна рытарычным пытаннем: дык дзе ж лепш хаваць тую самую заначку? Хто б мог падумаць, што жанчыны ўспрымуць усё літаральна і пачнуць дасылаць лісты з рэальнымі парадамі і рэкамендацыямі.

— І смех і грэх — іначай не назавеш. Дарэчы, наконт грахоў. Ёсць у нас нават сцэнка, у якой я выкарыстала тэкст сапраўднай палескай замовы, якой карыстаюцца бабкі-шаптухі, — адкрывае прафесійную таямніцу баечніца.

Як я худела, ды зноў поправілася

Растолсцела я — у дверы не влезаю.

Прысіла да думаю:

— Не, трэба сiсты на дыету!

К дохтору поіхала 

посоветовацца пра гэта.

Все ж рассказала,

Да пытаюся: — Шчо робiць вже

З гэтым салом?

А дохтор кажа:

— Трава протiв сала поможа.

Ну, людзі! Стала я ісці салаты.

А тыя салаты травяным чаем

Запiваты.

А к чаю, вядома ж,

То булочку, то пiрога,

А той пiрог то з мясом, то з вареннем,

Ну нiякого чоловеку похудзення!

Зноў поiхала до дохтора.

А той кажа:

— Ну не будем журыцца —

Будем водой лечiцца.

Трэба чым часцей купацца й мыцца.

Людзі, а я ж як накупаюся —

Проголодаюся.

А чоловек голодны, куды ён годны?

Да й нашчо на свеце жыцi,

Шоб себя голодом морыцi?

А я i не мору!

Все поiм,

Шчо навару!

Ганна Курак

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter