На «Лініі Сталіна» прайшла ваенна-гiстарычная рэканструкцыя першага дня вайны

Застава, да бою!

Святочныя мерапрыемствы ў гісторыка-культурным комплексе прысвяцілі 100-годдзю пагранічных войск. 

— Рэканструкцыя аднаўляе падзеі, якія адбыліся на Уладзіміра-Валынскім напрамку. І хоць яна носіць зборны характар, падобныя падзеі мелі месца ў тым ці іншым выглядзе на працягу ўсёй заходняй мяжы СССР, — расказаў Міхаіл Мятла, дырэктар па развіцці ГКК «Лінія Сталіна». 

Яшчэ да пачатку бою на тэрыторыі комплексу можна было спаткаць «нямецкіх» і «савецкіх» салдат, дзяўчат, апранутых па модзе 1940-х. Гэта ваеннаслужачыя 120-й Рагачоўскай асобнай механізаванай брыгады, вучні Лашанскай школы, а таксама члены ваенна-гістарычных клубаў, якія і аднавілі падзеі першага дня вайны. 

У тэатралізаваным прадстаўленні прымалі ўдзел члены многіх клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі
Фота аўтара

«Поле бітвы» імітавала адну з застаў, якая жыла звыклым мірным жыццём: выходзілі ў дазор пагранічнікі, рыхтаваліся да выпускнога балю школьнікі. Прадвеснікам будучай бітвы стала затрыманне варожага «лазутчыка», а потым раздаліся стрэлы з кулямёта, пляцоўку зацягнула чорным дымам, жар ад залпаў гармат дасягаў нават бліжэйшых гледачоў на трыбунах.

— Гэта ўпартая бітва, у якой пагранічнікі змагаліся з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка, як мы ведаем, скончылася паражэннем, — працягвае Міхаіл Аляксандравіч. — Але подзвіг пагранічнікаў дазволіў развярнуцца і заняць агнявыя пазіцыі артылерыйскаму палку, агонь якога затрымліваў далейшы рух немцаў на гэтым участку.

У тэатралізаваным прадстаўленні прымалі ўдзел члены многіх клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, у тым ліку «Салдаты перамогі», «Белая вежа», «Шураві», «Эпоха» з Мінска, «Цейхгауз» з Масквы, «Чырвоная зорка» з Кіева, ваенна-пошукавы клуб «Штык» з Асіповічаў.

Пасля рэканструкцыі бою наведвальнікі маглі пакатацца на ваеннай тэхніцы, сфатаграфавацца з сапраўднымі пагранічнымі сабакамі з кіналагічнага цэнтра ў Смаргоні, асобы поспех сярод якіх мела 5-гадовая аўчарка Патрык. У ціры мелася магчымасць выстраліць па нямецкім танку з буйнакалібернага кулямёта, пушкі і нават зеніткі.  

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter