Девяностую весну встречает директор Речицкого СПК «50 лет Октября» Григорий Куприянович Шпаков

Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рыгор Шпакаў: «Паспяховы кіраўнік той, хто дабіваецца заўтра большага, чым сёння»

Больш за паўвека старшынёю ў рэчыцкім СВК «50 год Кастрычніка» Рыгор Купрыянавіч ШПАКАЎ. Гаспадарка — адна з найбольш эфектыўных на Гомельшчыне. Руплівая праца кіраўніка адзначана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак Пашаны», шматлікімі медалямі і іншымі дзяржаўнымі ўзнагародамі, яму прысвоены званні заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі і ганаровага грамадзяніна Рэчыцкага раёна.


— Рыгор Купрыянавіч, падзеі, якія апошнім часам адбываюцца ў свеце, сведчаць, наколькі ўсе залежым ад іх развіцця, як важна ведаць гісторыю сваёй краіны, не губляць сувязь з каранямі. А як вы лічыце?

— Безумоўна, кожнаму важна ведаць свой радавод. Вялікая радня магла быць у мяне. Шмат гора прынесла вайна. Шэсць з васьмі сыноў дзеда Рыгора Парфёнавіча Шпакава не вярнуліся з фронту, у тым ліку і мой бацька Купрыян Рыгоравіч. Старэйшы яго брат Іосіф застаўся ў жывых толькі таму, што працаваў на чыгунцы і па броні не быў прызваны ў армію. Цяжкапараненым вярнуўся з вайны адзіны Піліп.

Шэсць пахавальных атрымалі мае дзядуля і бабуля. У 1941-м мне было дзевяць гадоў. Падзеі Вялікай Айчыннай моцна аселі ў памяці. Перад вайною мы правялі бацьку ў Чырвоную армію. А як яна пачалася, нашы войскі сталі спешна адступаць. Фарміраванне, у якім служыў бацька, трапіла ў акружэнне. Ра­зам з баявымі сябрамі яму ўдалося выйсці адтуль і вярнуцца дамоў. У варожым палоне на тэрыторыі Украіны апынуўся бацькаў брат Фёдар. Ён збег, дабраўся дамоў і стаў ладзіць сувязь з партызанамі. Фашысты лютавалі. За стасункі з народнымі мсціўцамі спалілі ў хляве паўсотні актывістаў з суседняй вёскі Духанаўкі. Знішчылі і наш пасёлак Шчытаў. Спаленыя ворагам населеныя пункты папоўняць спіс агульнай справы пра генацыд беларускага народа.

Тады мы перабраліся да сваякоў у вёску Барсук. Паліцаі склалі спіс на паўтары сотні барсукоўскіх актывістаў (у ім была і наша сям'я) і прынеслі яго старасту. Ён адказаў, што паспеем расправіцца. Людзі падаліся ў партызаны. І наша вялікая сям'я папоўніла атрад народных мсціўцаў.

З пачатку 1942 года ў нашай мясцовасці пачало дзейнічаць злучэнне пад кіраўніцтвам Каўпака. Байцом яго стаў мой бацька. Дзядзька Фёдар кіраваў ротай. Зімою 1942‑га па загадзе савецкага камандавання каўпакоўцы перабраліся ў суседнія ўкраінскія лясы каля горада Сарны. Там стаялі буйныя нямецкія фарміраванні. Пачыналіся баі пад Сталінградам. Партызаны ўзрывалі масты, каб паралізаваць рух нямецкіх эшалонаў на ўсход. З Масквы паступіў загад адправіць групу байцоў праз Карпаты да румынскіх нафтавых платформ і ўзарваць іх. Каўпакоўцы паспяхова справіліся з заданнем і невялікімі групамі вярталіся да ўмоўленага месца. Гітлераўцы ганяліся за няўлоўным Каўпаком і яго байцамі.

Аднымі з першых на месцы збору з'явіліся мой бацька і яго паплечнікі. Пакуль чакалі астатніх, бацька падаўся ў партызанскі лагер, каб сустрэцца з намі. Памятаю, з якой радасцю прыпаў да яго. Пачуцці перапаўнялі маё сэрца. На жаль, гэта была наша апошняя сустрэча. Пры развітанні ён моцна прыціснуў мяне да сябе і доўга не адпускаў.

Восенню 1943 года савецкія войскі вызвалілі нашу мясцовасць ад акупантаў. Бацька з іншымі партызанамі папоўніў дзеючую армію. Мы чакалі звестак ад яго. Прыйшла пахавальная. Пры вызваленні Лельчыцкага раёна загінуў дзядзька Фёдар. Выхоўвалі мяне аўдавелая маці, бабуля і дзядуля.

— Ваша юнацтва выпала на цяжкі пасляваенны час. Трэба было вызначацца з прафесіяй. Хто дапамагаў у выбары занятку?

— Для мяне выбар быў адзіны — працаваць на зямлі. Паступіў у Рэчыцкі землеўпарадкавальны тэхнікум. У час вучобы надавалася вялікая ўвага патрыятычнаму выхаванню. Глядзелі гістарычныя фільмы. Пісьменнік Аляксандр Фадзееў толькі выдаў раман «Маладая гвардыя». З вялікім захапленнем чыталі твор, перажывалі за юных краснадонцаў. Памятаю, як настаўніца рускай літаратуры здзівілася, што адзін з навучэнцаў не прачытаў гэты раман. Нас выхоўвалі на прыкладзе подзвігаў Зоі Касмадзям'янскай, Аляксандра Матросава, Аляксея Марэсьева. Захапляліся мужнасцю герояў рамана Канстанціна Сіманава «Жывыя і мёртвыя». Гартаваліся нашы характары.

Цяпер, як уключу тэлевізар, дык у асноўным серыялы пра забойствы, насілле. Засталіся ў памяці шчымлівыя выпускі «Ад усёй душы» з вядучай Валянцінай Лявонцьевай. Даяркі на фермах, механізатары ў рамонтных майстэрнях хутчэй упраўляліся, каб паспець пагля­дзець гэту праграму. Колькі настрою, пазітыву несла перадача, дзе ўсхваляўся чалавек працы. Куды ўсё знікла? А хочам, каб было каму замяніць хлебароба ці жывёлавода.

Пасля другога курса мяне прызвалі служыць.

— Дзе выпала праходзіць службу?

— На Чарнаморскім флоце. База падводных лодак размяшчалася ў суседняй з Севастопалем Балаклаве. Загарэўся жаданнем за час службы атрымаць сярэднюю адукацыю. Паступіў у вячэрнюю школу працоўнай моладзі. Займаўся ў школах Севастопаля, Феадосіі, Балаклавы. Выпадала раз на ты­дзень наведваць урокі. У асноўным засвойваў навуку самастойна. Разам са мною вучыліся былыя франтавікі. Памятаю парторга рудаўпраўлення, якое ўладкоўвала стаянкі для падводных лодак. Яго ўзровень адпавядаў рангу сакратара райкама партыі. За час службы на флоце атрымаў атэстат сталасці і моцную фізічную загартоўку.

— І ў параднай форме вярнуліся дамоў, дзе марака чакалі нявесты.

— Адразу з флоту адправіўся з дакументамі ў Горкі. У бесказырцы прыйшоў у прыёмную камісію Белдзяржсельгасакадэміі і ў тую восень пачаў вучобу на факультэце механізацыі сельскай гаспадаркі. У акадэміі сустрэў нявесту Лілію Ціманенка з заатэхнічнага факультэта. Пажаніліся да атрымання дыпломаў. Па размеркаванні паехалі працаваць у Мсціслаўскі раён. Доўга там не затрымаліся. Паклікала нас хворая маці. Пакінуць яе адну не маглі. У калгасе вакантных пасад не знайшлося. Сталі настаўнічаць. Вучыў старшакласнікаў кіраваць сельгасмашынамі, а жонка выкладала біялогію. Збудавалі ўласны дом у Левашах. Падрасталі дачка Таццяна, сыны Сяргей і Аляксандр. Да сябе забралі і маці. Жонка Лілія Трыфанаўна так і засталася настаўнічаць у школе, а потым кіравала педкалектывам. А мяне больш як паўвека таму калгаснікі абралі старшынёю.

— Рыгор Купрыянавіч, ваш рэкорд старшынёўства, пэўна, не перасягнуты?

— Некалькі пакаленняў змянілася за гэтыя дзесяцігоддзі. Ужо дзеці і ўнукі тых, з кім пачынаў старшынёўства, працуюць. Праз два тыдні буду трымаць чарговую справаздачу перад калектывам. Прыемна адзначыць, што па выніках уборкі гаспадарка прызнана пераможцам у абласным спаборніцтве. На жніве ў нас працавала восем зернеўборачных экіпажаў. Камбайнавы парк папоўнілі гомельскім КЗС‑1218. Даверылі яго вопытнаму механізатару Генадзю Коту. Памочнікам быў яго сын Андрэй. Намалацілі больш за тысячу тон зерня. У засекі гаспадаркі засыпана 8300 тон збажыны. Па нарыхтоўцы кармоў наш калектыў на другім месцы ў вобласці. На кожную з 6650 галоў буйной рагатай жывёлы назапасілі звыш 40 цэнтнераў кормаадзінак. Штодзень на перапрацоўчыя прадпрыемствы адпраўляем 37 тон малака, з якіх звыш 80 працэнтаў гатункам экстра. Малако — штодзённае паступленне грошай. Для ўсіх, хто працуе ў гаспадарцы, гэтыя лічбы ўрэшце ператвараюцца ў заробак.

— А які ён у сельгаскааператыве зараз?

— За мінулы год сярэднямесячны заробак кожнага з 220 працуючых перавысіў паўтары тысячы рублёў. Выплачваем і стымулюючыя дабаўкі. Што дае магчымасць матываваць тых, хто працуе эфектыўна, не парушае тэхналогію і дысцыпліну. І крадзяжоў няма, бо ніхто не хоча пазбавіцца сваіх выгод.

Вытворчасць наша юрыдычна прыватная, а фактычна — калектыўная гаспадарка. Справамі кіруе калектыў, а старшыня адказвае перад ім. Народ заўсёды больш разумны, чым кіраўнік. Важна ўмець слухаць людзей, настроіць іх так, каб кожны шчыра лічыў: гэта мая гаспадарка. Калі да нас далучылі суседнюю адстаючую, якая патанала ў даўгах, страты адмоўна паўплывалі на агульныя паказчыкі. Пачалі з навядзення элементарнага парадку. Да парушальнікаў дысцыпліны сталі прымяняць строгія меры. І справа паступова наладзілася. Палепшыліся эканамічныя паказчыкі.

Кожны крок эканамічна абгрунтоўваем і потым прымаем рашэнні. У нас адна з самых высокіх на Гомельшчыне шчыльнасць жывёлы. На фермах, як і ў машынна-трактарным парку, людзей хапае. Заробкі высокія, клапоцімся аб сацыяльных умовах працаўнікоў. Пастаянна закупляем новую тэхніку. Прымяняем сучасныя тэхналогіі ў раслінаводстве і ў жывёлагадоўлі. Трымаем сувязь з вучонымі навукова-даследчых інстытутаў, сочым за тэхналагічнымі навінкамі.

Кіраўнік у адказе за арганізацыю працы, каб кожны падначалены мог забяспечыць сям'ю дастаткам. А гэта магчыма толькі тады, калі моцны сельгаскааператыў.

— Ваша гаспадарка не памяняла статус СВК. Што гэта дае?

— Назвы можна мяняць бясконца. Галоўнае — эканамічны вынік. Зямля — агульнае багацце, і распараджацца ёю павінен народ. Навошта беспрычынна мяняць формы кіравання. Больш за паўвека ўзначальваю калектыў, і для мяне заўжды важна, каб справы рухаліся, быў парадак. Асабліва не разлічваем на дапамогу, працуем самастойна. Пастаянна рэканструюем жывёлагадоўчыя памяшканні, выкарыстоўваем свае матэрыялы і затраты значна скарачаем. Уласнымі сіламі ўзводзім жыллё. Дзякуючы будаўніцтву новых дамоў не далі знікнуць аддаленай вёсцы Велін.

Гаспадарка неаднойчы выходзіла пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Пастаянна ўдзельнічаем у абласным свяце-кірмашы «Дажынкі».

— Рыгор Купрыянавіч, вашаму аптымізму і энергіі можна светла пазайздросціць. Не скажаш, што вам пайшоў 90-ы год. Падзеліцеся сакрэтам такога цудоўнага даўгалецця?

— Жыву ў згодзе з сумленнем і люблю сваю працу, не забываю пра карані. Пастаянна сярод спецыялістаў, кіраўнікоў вытворчых падраздзяленняў, жывёлаводаў, механізатараў і адзначаю: якая б эканамічная сітуацыя ні складвалася, якія б прыродныя катаклізмы ні здараліся, мы павінны вырабляць прадукцыю, гандляваць ёю і прыбытак справядліва размяркоўваць. Чалавек тады на ўзроўні, калі бесперапынна ўдасканальваецца маральна, у сям'і, на вытворчасці. Паспяховы кіраўнік той, хто дабіваецца заўтра большага, чым сёння. Вывучаем вопыт перадавікоў, імкнёмся не зніжаць тэмпаў развіцця. Але пры гэтым самае важнае — праца з людзьмі. Яна далёка не кожнаму пад сілу. Апагей шчасця — калі адчуваеш, што патрэбен людзям.

Хутка сяўба. У час яе прыязджаю на поле і ў перапынку саджуся з хлебаробамі, шчыра вяду гаворку, як роўны з роўнымі. Нас яднае агульная справа. Шчасце і вялікае задавальненне, калі цябе разумеюць. І дзяцей мы з жонкаю імкнуліся выхоўваць, каб не цураліся працы, з павагай ставіліся да людзей. Унукаў так настройваю жыць. Ніколі не гнаўся за багаццем. Мой драўляны дом у аграгарадку Левашы толькі тым і адрозніваецца, што не падобны на сучасныя катэджы. Вокны ўпрыгожваюць аканіцы, з вясны да восені ў палісадніку палаюць кветкі. Дачка Таццяна з зяцем і дзецьмі, сыны са сваімі сем'ямі не забываюць мяне. Жыву прадчуваннем вясны. Абудзіцца зямля, пакліча ў поле. Вялікае шчасце быць запатрабаваным хлебаробам. Глядзіш на прыродную прыгажосць і ўзросту не адчуваеш.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара і з архіва Р. К. ШПАКАВА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter